Праз тыдзень палітвязень Зміцер Паліенка выйдзе на волю

Зміцер Паліенка – сацыяльны актывіст з Мінска. Нагодай для крымінальнага пераследу стаў ягоны ўдзел у мірным сходзе “Крытычная маса”, які адбываўся 29 красавіка 2016 г. у Мінску і быў гвалтоўна спынены міліцыяй.

“24 кастрычніка мы чакаем Змітра на волі”, – распавяла сайту сяброўка актывіста Марына Насенка.

Нагадаем, што напрыканцы мінулага месяца павінна было адбыцца доўгатэрміновае спатканне Зміцера Паліенкі з бацькам, але адміністрацыя калоніі яго забараніла.

“Зміцер выходзіць на волю 24 кастрычніка, хаця зараз мы з ім не маем амаль ніякай сувязі, – кажа Марына Насенка. – Ведаю, што ў гэты час ён адпраўляе з калоніі лісты і паштоўкі, якія яму цягам зняволення дасылалі людзі. Усё гэта робіцца дзеля таго, каб не было праблемаў выносіць іх потым. А яшчэ вядома, што зараз Зміцер захварэў, трымаецца высокая тэмпература”.

Са слоў Марыны Насенка, пакуль дакладня невядома, у які час палітвязень выйдзе на волю.

“У турме гэта не рэгламентуецца, – кажа суразмоўца. – Ёсць дзень, калі заканчваецца тэрмін, і на гэтым усё. Хаця з досведу вядома, што звычайна стараюцца аформіць выхад на волю да абеду. Потым могуць альбо каля калоніі адпусціць, альбо адвезці на вакзал і пасадзіць на цягнік. Мы будзем падрыхтаваны да любога варыянту сустрэчы нашага сябра”.

***

12 кастрычніка 2016 года судом Цэнтральнага раёна г. Мінска Зміцер Паліенка быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў) і часткай 2 артыкула 343 КК (выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару). Паводле прысуда, З. Паліенка быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады.

7 красавіка 2017 года судом Заводскага раёна г. Мінска разгледжана прадстаўленне органа, які ажыццяўляе кантроль за паводзінамі асуджанага (хутчэй за ўсё, УУС Заводскага раёна), і адменена адтэрміноўка выканання пакарання. У сувязі з гэтым, без права на абскарджванне, актывіст падлягае накіраванню ў папраўчую калонію для адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1,5 гады (з улікам часу ўтрымання пад вартай да суду ў 2016 годзе).

palitviazni.info

Фота: spring96.org

Іншыя палітычныя вязьні