Вольга Севярынец: Муж робіць годную справу

Жонка палітыка Паўла Севярынца, якога сёння ў чарговы раз асудзілі за абарону Курапатаў, распавяла сайту palitviazni.info, як ёй даводзіцца з шасцімесячным сынам, пакуль муж знаходзіцца за кратамі.

4 кастрычніка Павел Севярынец атрымаў за абарону Курапатаў чарговы штраф – 50 базавых велічынь.

3 кастрычніка быў затрыманы адзін з абаронцаў Курапат палітык Павел Севярынец. На яго выклікалі ДАІ пасля таго, як актывісты не прапусцілі ў рэстаран адзін з аўтамабіляў. Ноч Павел правёў у следчым ізалятары. Сёння суд Мінскага раёна асудзіў Севярынца да штрафа ў памеры 50 базавых велічынь.

“Ніколі міліцыя не паведамляе пра затрыманне, не інфармуюць і пра тое, калі суд адбудзецца, – кажа жонка былога палітвязня Вольга Севярынец. – Напрыклад, учора мне пра затрыманне мужа паведамілі хлопцы, якія ездзілі ў Бараўлянскі РУУС. Адтуль яго адправілі ў ізалятар Мінскага раёна, але чамусьці вельмі доўга везлі – каля дзвух гадзін”.

Агулам за абарону Курапатаў Павел Севярынец ужо адсядзеў 30 сутак. Увесь гэты час Вользе даводзілася быць адной з шасцімесячным сынам Францішкам.

“Безумоўна, складана, таму што мужа побач няма – кажа яна. –  Адна справа, калі Павел па справах з дому адлучаецца, і ты ведаеш, што вечарам ён вернецца, і ўсёй сям’ёй будзем разам. І зусім іншая, калі трапляе на “суткі”. Да таго ж, зараз такая пара, што сын хварэе, таму сітуацыя яшчэ больш ускладняецца”.

Вольга дадае, што ў гэты час ёй дапамагаюць не толькі блізкія, але і шмат сяброў.

“На мой ранішні запыт аб дапамозе толькі за 10 хвілін адгукнуліся тры чалавекі, – з удзячнасцю кажа яна. – Часам нават незнаёмыя людзі хочуць дапамагчы. Усё гэта складана, але ў той жа час я разумею, што Павел робіць годную справу. А шлюб – гэта магчымасць узаемнай дапамогі”.

palitviazni.info

Фота са старонкі Вольгі Севярынец у Фэйсбук

Іншыя палітычныя вязьні

  • Васіль Старавойтаў
  • Аляксандар Васільеў
  • Яўген Скочка
  • Эдуард Лобаў
  • Віталь Рымашэўскі