Генадзь Фядыніч: Будзем падаваць у суд на Следчы камітэт

Кіраўнік Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч распавёў сайту palitviazni.info пра тое, як ён рыхтуецца да разгляду апеляцыі ў Мінскім гарадскім судзе, а таксама пра сітуацыю з невяртаннем следчымі канфіскаванай тэхнікі.

“Год ужо прайшоў, а камп’ютары не вяртаюць, – абураецца Генадзь Фядыніч. – На наступным тыдні будзем звяртацца ў суд…”

Нагадаем, што 24 жніўня 2018 года ў дачыненні да старшыні Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара прафсаюза Ігара Комліка быў вынесены абвінаваўчы прысуд на падставе ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае адказнасць за ўхіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры.

Лідары прафсаюза былі прысуджаныя да абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу тэрмінам на 4 гады без канфіскацыі маёмасці і з забаронай займаць кіруючыя пасады на працягу 5 гадоў.

Пазней абодва фігуранты справы падалі апеляцыйныя скаргі ў Мінскі гарадскі суд.

– Зараз мы разам з адвакатамі робім заўвагі на пратаколы судовых пасяджэння, – кажа Генадзь Фядыніч. – Таму дата разгляду апеляцыі яшчэ невядома. Але адно магу сказаць: па пратаколе ў адвакатаў не так шмат заўваг, бо пасяджэнні запісвалі на аўдыё. Ёсць нейкія невялікія недарэчнасці, але яны нязначныя.

– З якімі пунктамі рашэння раённага суда вы нязгодныя?

– Справа ў тым, што не было ніякай доказнай базы. Не толькі ў адпаведнасці з міжнароднымі нормамі, але і беларускім заканадаўствам. Гэта, напэўна, ведаў і раённы суд, але ж мы бачылі, як праходзіў працэс.

Хачу сказаць, што не толькі нашы адвакаты, але і іншыя глядзелі нашу справу, і яны таксама былі ў шокавым стане. Пыталіся: “Як можна выносіць прысуд па такой справе? Там жа доказаў няма!”

Пабачым, як будуць развівацца падзеі далей, але нават калі Мінскі гарадскі суд пакіне рашэнне раённага ў сіле, то на гэтым усё не закончыцца. Мы пойдзем да канца.

– Ці вярнулі вам камп’ютарную тэхніку, якую забралі падчас вобшуку ў жніўні мінулага году?

– Не вярнулі, і на наступным тыдні з гэтай нагоды збіраемся падаваць у суд на сталічны Следчы камітэт. Раней звярталіся ў Пракуратуру, але, як бачым, ніякага эфекта гэта не дало.

Гэта ўжо на самай справе нагадвае нейкі здзек над здаровым сэнсам. Больш за год прайшло, як забралі тэхніку, закончаны ўсе следчыя мерапрыемствы, адыўся суд першай інстанцыі. А камп’ютары не вяртаюць!

Нават, калі вам патрэбна нейкая інфармацыя з тэхнікі, то перапішыце іх на свае інфармацыйныя носьбіты, а камп’ютары вярніце. Хіба гэта такая праблема? А следчыя ведаеце што нам адказвалі? Маўляў, ім няма каманды аддаць тэхніку. А вось адкуль гэтая каманда павінна паступіць – не ўдакладнілі.

А яны ж не толькі ў офісе прафсаюза РЭП тэхніку забралі. І ў сына майго, і ў Салігорску ў людзей…

– Колькі тэхнікі агулам забралі?

– У офісе прафсаюза 5 камп’ютараў, у мяне дома – два, два у Ігара Комліка і два ў Салігорску. Акрамя таго, забралі папкі з прафсаюзнымі дакументамі. Гэта ж таксама павінны былі ўсё перапісаць падчас канфіскацыі, а затым дакументы неабходна вярнуць.

– На ваш погляд, чаму не хочуць вяртаць тэхніку?

–  Я лічу, што гэта робяць спецыяльна, бо следчым тыя камп’ютары зараз дакладна не патрэбны. Відаць, такім чынам вырашылі і надалей паралізоўваць працу прафсаюза. Бо, каб набыць новыя камп’ютары, патрэбны грошы і немалыя. А яны ж на полі не валяюцца.

– Як зараз працуе прафсаюз?

– У штатным рэжыме. Людзі працягваюць рэгулярна звяртацца да нас за дапамогай. І штомесяц прымаем у прафсаюз каля 30 чалавек.

– Падчас следства праходзілі масавыя допыты сябраў вашага прафсаюза. Не прывяло гэта да таго, што некаторых запалохалі, і яны вырашылі выйсці з арганізацыі?

– Дапыталі 814 чалавек, з іх пасля толькі трое гэтага вырашылі пакінуць прафсаюз РЭП па ўласным жаданні. Шчыра кажучы, мы чакалі, што з прафсаюза пасля такога ціску выйдзе значна больш сябраў, але атрымалася тое, што атрымалася. Людзі не сыходзяць, таму што атрымліваюць рэальную падтрымку.

– Закончылася “справа патрыётаў” – пачалася “справа прафсаюзаў”. Прайшоў суд па “справе прафсаюзаў” – распачалі “справу БЕЛТА”. Уладам пастаянна патрэбна трымаць грамадства у тонусе новымі крымінальнымі справамі?

– Мабыць, не столькі самім уладам гэта патрэбна, колькі розным сілавым структурам. Ім жа неабходны новыя гучныя справы, каб паказаць сваю працаздольнасць і вартасць. Таму і даводзіцца шукаць ворагаў там, дзе іх няма.

Памятаеце, як “ананасавалі” справу “Белага лігіёна”? Шматлікія публікацыі ў дзяржаўных СМІ, па тэлебачанні паказвалі нейкую зброю, казалі пра раскрыццё ледзь не тэрарыстычнай арганізацыі. Дзе сёння ўся гэтая зброя, тэрарысты і сама справа? Зніклі!

Тое самае адбылося і са “справай прафсаюзаў, калі з вялікага грому атрымаўся малы додж, тое самае, упэўнены, будзе і са “справай БЕЛТА”.

palitviazni.info

Фота: palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Тацяна Цішкевіч
  • Андрэй Рамашэўскі
  • Андрэй Саньнікаў
  • Міхаіл Жамчужны
  • Зьміцер Паліенка