Зміцер Дашкевіч: Жамчужнага ў калоніі фактычна катуюць

У апошні час палітвязень Міхаіл Жамчужны адбыў у штрафным ізалятары Горацкай калоніі практычна без перапынку каля 100 (!) сутак.

Зміцер Дашкевіч, якому таксама ў свой час “пашчасціла” адбываць пакаранне ў гэтай жа калоніі, распавёў сайту palitviazni.info, пра тое, як вытрымаць вязню ў такіх умовах.

“100 сутак у ШІЗА без перапынку – гэта вельмі складана, – кажа Зміцер Дашкевіч. – Горацкая калонія, бадай што, самая “беснаватая” ў краіне. Там адміністрацыя ўстановы працуе ў злучцы з “блатнымі”, разам сядзяць у кабінеце і вырашаюць свае справы. Увогуле, умовы там жахлівыя, у міжсезонне ў ШІЗА вельмі цяжка сядзець, калі ўначы 5-10 градусаў”.

Зміцер Дашкевіч адзначае, што тую складаную сітуацыю, у якую патрапіў Жамчужны, магла б вырашыць большая ўвага грамадскасці.

“Чалавека за кратамі фактычна катуюць, – дадае ён. – Пра гэта трэба пастаянна казаць, і тэма пастаянна павінна быць на слыху.  Захад таксама мог бы сказаць сваё важкае слова ў абарону Міхаіла Жамчужнага, але, як мне падаецца, ён на гэтую справу ўжо махнуў рукой. Захад зараз займаецца палітычнай кан’юктурай, а не вызваленнем палітвязняў. Каб было інакш, то Жамчужны ўжо даўно быў бы на волі. А зараз Міхаіл па сутнасці застаўся сам насам са сваімі прабемамі”.

***

Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні