Палітвязня Зміцера Паліенку працягваюць прэсаваць

 

Адміністрацыя Бабруйскай калоніі ўзмацніла ціск на палітвязня Зміцера Паліенку, які прыкладна праз месяц павінен выйсці на волю.

“Зняволеным забаранілі мець зносіны са Змітром пад пагрозай перавода ў іншы атрад”, – паведаміла сяброўка актывіста Марына Насенка.

Нагадаем, што 25 верасня Аляксандр Паліенка, бацька палітзняволенага, збіраўся на доўгатэрміновае спатканне з сынам, але яго адмянілі. Адміністрацыя калонія зрабіла ў рэчах Змітра шмон: забралі ўсе лісты, паштоўкі і асадкі, лісты, якія ён хацеў дасылаць на днях сам, у тым ліку запісы з тэлефонамі родных. Маўляў, гэтыя рэчы “не адпавядаюць спісу”, а таму і адмянілі спатканне.

“Зміцеру патлумачылі, што ў яго рэчах былі забароненыя прадукты, – удакладніла Марына Насенка. – Пры тым, што ўсе перадачы правяраюцца, а іншыя прадукты можна набыць толькі на месцы! Акрамя таго, наколькі мне вядома, забралі ў Паліенкі таксама нататнік і скаргу, якую ён пісаў. Яго лісты да нас так і не дайшлі”.

Са слоў Марыны Насенка, апагеем здзекаў стала забарона зняволеным, якія камунікуюць са Змітром, мець з ім зносіны пад пагрозай перавода ў іншы атрад. А некаторых за камунікацыю з ім спецыяльна публічна і перавялі.

“Акрамя гэтага, тузаюць аператыўнікі, – дадае Марына. – Грошы Зміцер прасіў не дасылаць, але давайце падтрымаем яго лістамі і паштоўкамі. Трэба паказаць яму, што ён не адзін і дапамагчы вытрымаць апошні месяц здзекаў турэмнай сістэмы”.

Зміцер Паліенка павінен выйсці на волю 24 кастрычніка.

***

Зміцер Паліенка – сацыяльны актывіст з Мінска. Нагодай для крымінальнага пераследу стаў ягоны ўдзел у мірным сходзе “Крытычная маса”, які адбываўся 29 красавіка 2016 г. у Мінску і быў гвалтоўна спынены міліцыяй.

12 кастрычніка 2016 года судом Цэнтральнага раёна г. Мінска прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў) і часткай 2 артыкула 343 КК (выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару). Паводле прысуда, З. Паліенка быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады.

7 красавіка 2017 года судом Заводскага раёна г. Мінска разгледжана прадстаўленне органа, які ажыццяўляе кантроль за паводзінамі асуджанага (хутчэй за ўсё, УУС Заводскага раёна), і адменена адтэрміноўка выканання пакарання. У сувязі з гэтым, без права на абскарджванне, актывіст падлягае накіраванню ў папраўчую калонію для адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1,5 гады (з улікам часу ўтрымання пад вартай да суду ў 2016 годзе).

Зміцеру Паліенку можна дасылаць лісты падтрымкі (лепш – замоўныя) па адрасе: 213800 Магілёўская вобласць, г.Бабруйск, вул.Сікорскага, 1. ПК-2, атрад № 9.

palitviazni.info

 

 

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Саньнікаў
  • Дзяніс Дзянісаў
  • Уладзімер Лобан
  • Вячаслаў Сіўчык
  • Уладзімер Падгол