Ігар Комлік: Прысуд успрыняў, як узнагароду

Адзін з фігурантаў “справы прафсаюзаў” Ігар Комлік распавёў сайту palitviazni.info пра тое, як улады хаваюць паклёпніка, пра сваё жыццё пасля вынясення прысуду і магчымае змягчэнне пакарання.

“Нават калі Мінскі гарадскі суд пакіне рашэнне раённага ў сіле, то мы на гэтым не спынімся і пройдзем усе інстанцыі не толькі ў Беларусі. Мы дакажам сваю невінаватасць у любым выпадку”, – кажа Ігар Комлік.

Нагадаем, што 24 жніўня 2018 года ў дачыненні да старшыні Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара прафсаюза Ігара Комліка быў вынесены абвінаваўчы прысуд на падставе ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае адказнасць за ўхіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры.

Лідары прафсаюза былі прысуджаныя да абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу тэрмінам на 4 гады без канфіскацыі маёмасці і з забаронай займаць кіруючыя пасады на працягу 5 гадоў.

Пазней абодва фігуранты справы падалі апеляцыйныя скаргі ў Мінскі гарадскі суд.

– Пасля суда ў маім жыцыці нічога асабліва не змянілася, – кажа Ігар Комлік. – Працую, як і раней, у звычайным рэжыме. Дапамагаем людзям вырашаць іх праблемы.

Зараз судом падрыхтаваны пратакол судовых пасяджэнняў, таму вывучаем дакументы і пішам заўвагі.

– Вы патрабавалі прыцягнуць да адказнасці тых, хто пісаў на вас паклёпы на адным сайце яшчэ да вынясення судовага рашэння. Ці ёсць вынік?

— Пакуль усе сілавыя структуры, куды я звяртаўся, замоўклі і нічога не адказваюць. Наша міліцыя лёгка ўрываецца ў кватэры да блогераў, якія быццам бы паклёпнічалі, а вось рэальнага паклёпніка, як аказалася, яшчэ з мая гэтага году прыцягнуць да адказнасці не ў стане. Альбо адмыслова не хочуць гэта рабіць.

– Чаму?

– Па маёй інфармацыі, аўтар паклёпа раней і сам насіў пагоны. Раней у міліцыі мне казалі, што трэба пачакаць, пакуль суд пройдзе, на судзе трэба гэтае пытанне ўздымаць. Але пры чым тут суд? Паклёп на мяне і судовы працэс – гэта рэчы з зусім розных опер.

Я падаў заяву, каб у дачыненні да паклёпніка ўзбудзілі крымінальную справу. Напрыклад, у артыкуле паведамлялася, што я быццам бы краў прафсаюзныя грошы, набываў за іх сабе маёмасць. Гэта ж абвінавачванне ў крымінальным злачынстве! Але ж на судзе да нас такі артыкул не прымянілі і не маглі прымяніць, бо гэта лухта аўтара, які альбо вырашыў пафантазіраваць, альбо яму дапамаглі ў гэтым куратары з іншых структур.

– Няўжо так складана прыцягнуць чалавека да адказнасці, калі быў канкрэтны паклёп?

– У нашай краіне ўсё магчыма. Аказваецца, гэта я павінен даказваць, што ў артыкуле – паклёп. А вось мне падаецца, што менавіта аўтар павінен прадаставіць дакументы і факты, што я краў прафсаюзныя грошы. Суд, як ужо казаў, нічога гэтага не пацвердзіў.

– Калі распачалася “справа патрыётаў”, то па тэлебачанні таксама паказвалі “тэрарыстаў” са зброяй, хаця праз пэўны час усім стала зразумела, якія лапшыны вешалі народу на вушы сілавікі.

– Так, беларуская прапаганда працуе па адным сцэнары і не саромеецца карыстацца бруднымі прыёмамі. Але, калі гэты паклёп непрыхаваны, то трэба адказваць за свае словы. Калі нас асудзілі за нясплату падаткаў, то гэта ж не азначае, што мы скралі грошы, каб набыць нерухомасць.

Дарэчы, як юрыст я лічу, што і нясплата падаткаў у некаторых выпадках не можа лічыцца карыслівай. Іх жа не прысвойвалі. І ў гэтым плане маё сумленне абсалютна чыстае.

– Ці вядома, калі Мінскі гарадскі суд будзе разглядаць вашыя з Генадзем Фядынічам апеляцыі?
– Думаю, на працягу двух месяцаў, больш цягнуць не будуць.

– Ці верыце, што вышэйшая інстанцыя можа змягчыць рашэнне раённага суда?

– Я заўсёды стараюся глядзець на рэчы з аптымізмам. І, па вялікім рахунку, Мінскі гарадскі суд, калі б аб’ектыўна разабраўся ў справе, то павінен не змягчыць пакаранне, а наогул нас апраўдаць. Нават калі ўявіць, што грашовыя сродкі і паступалі на рахункі, то паступалі ў межах Глабальнага прафсаюза. Гэта яго грошы. Калі адна прафсаюзная структура аказвае дапамогу другому прафсаюзу, то гэта наогул не адносіцца да бязвыплатнай замежнай дапамогі.

Увогуле, як ужо казаў, справа была шытая белымі ніткамі. Суд праігнараваў і Міжнародную канвенцыю, хаця па беларускім заканадаўстве міжнароднае права з’яўляецца прыярытэтным. У Канстытуцыі дакладна прапісана іерархія дакусентаў. Таму нас павінны былі апраўдаць, але рашэнне было прынята на палітычным узроўні.

Зрэшты, нават калі Мінскі гарадскі суд пакіне рашэнне раённага ў сіле, то мы на гэтым не спынімся і пройдзем усе інстанцыі не толькі ў Беларусі. Мы дакажам сваю невінаватасць у любым выпадку. Нават калі беларускія ўлады не прызнаюць рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН, то імідж краіны будзе сапсаваны. Улады захацелі яшчэ раз прадэманстраваць неадэкватнасць і неправавую аснову жыцця? Няхай дэманструюць.

– Дамашняя “хімія” – гэта таксама дастаткова жорсткае пакаранне, бо для чалавека з’яўляецца вельмі шмат абмежаванняў. Маральна ўжо падрыхтаваны да такога ладу жыцця?

– Я даўно маральна падрыхтаваўся да ўсяго. Мяне пераследуюць з 2003 году, калі забаранілі працаваць старшынёй прафкама на адным прадпрыемстве. Таму нічому ўжо не здзіўляюся. І прысуд я ўспрыняў, як узнагароду і прызнанне маіх заслуг перад грамадзянамі Беларусі. Значыцца, не дарэмна жыў і працаваў, калі ўлады баяцца і спрабуюць мяне ізаляваць ад грамадства.

palitviazni.info

Фота: palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні