Вольга Мікалайчык: Што будзе далей з абаронай Курапатаў?

Грамадская актывіста Вольга Мікалайчык, якая ўжо некалькі месяцаў прымае актыўны ўдзел у абароне Курапат, распавяла сайту palitviazni.info пра “складанасці для курапацкай вахты”, пасіўнасць многіх апазіцыйных партый і рэпрэсіі ў дачыненні да актывістаў.

“З боку ўлады ціск на найбольш актыўных абаронцаў нарастае, – кажа суразмоўца. – Я не атрымала ніводнага станоўчага адказу на свае звароты, што мяне абражалі і мне чынілі правакацыі, затое маю цэлы стос штрафаў і “сутак” у ізалятары”.

Ужо больш за тры месяцы працягваецца пікетаванне рэстарана “Поедем, поедим” каля мемарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсій у Курапатах.

Як вядома, пратэстоўцы патрабуюць закрыцця гэтай забаўляльнай установы, але рэстаран пакуль працягвае працу.

– Курапацкая варта працягваецца, я таксама не застаюся ў баку, – кажа Вольга Мікалайчык. – Праўда, прыходжу туды толькі па суботах. Іншая справа, што гэтая варта не дасць эфект, калі не будзе выніку. А гэтага трэба дамагацца найперш. Можна, натуральна, проста стаяць на вуліцы, дацягнуць да зімы, а пасля і да вясны. Але варта разумець: як прыйдзецца тым самым абаронцам зімой у маразы?

На мой погляд, зараз трэба карэктаваць метады дзеяння абаронцаў Курапат. Будзем глядзець праўдзе ў вочы – людзі стаміліся, варта не пашырылася, новых людзей няма. Збіраем масавы сход ля Курапат – прыходзіць 60 чалавек. З іх амаль палова – журналісты. На наступны дзень на варце ізноў няма нікога акрамя пенсіянеркі Ніны Багінскай з яшчэ адной жанчынай. А калі Паўла Севярынуца арыштавалі, то наогул пэўны час нікога не было. Хаця мы дамаўляліся, хто і калі павінен дзяжурыць штодзень.

– Павел Севярынец мужны чалавек, але таксама не жалезны…

– Не проста мужны, а гераічны чалавек. Амаль усё лета яго жонка гадавала сына практычна адна, бо Павел – то на абароне Купрапат, то на “сутках”. Яе выганялі з судовай залы з малым Францішкам, Паўлу не дазвалялі перадачы ў ізалятар.

Заўважна, што з боку ўлады ціск на найбольш актыўных абаронцаў нарастае. Я, напрыклад, не атрымала ніводнага станоўчага адказу на свае звароты, што мяне абражалі, чынілі правакацыі. Затое атрымала цэлы стос штрафаў і “сутак” у ізалятары, і мае таварышы – у такім жа становішчы. Так, мы спыняем аўтамабілі, якія едуць у “кабак на касцях”, тлумачым людзям што і да чаго. А што мне рабіць? Усміхацца, як сямейка бізнесменаў едзе весяліцца ў гэты самы кабак?

– Вы сказалі, што патрэбна новая тактыка. Што маеце на ўвазе?

– Найперш мне хацелася б, каб грамадства было больш актыўнае. Каб Курапаты абаранялі, умоўна кажучы, не толькі Ніна Багінская ці Леанід Кулакоў, але і астатнія, каму неабыякавы лёс Курапатаў. Нікога не асуджаю, але тым не менш. Бо я бачу, што абарона Курапатаў заходзіць у нейкі ура-тупік. І тут трэба задацца галоўным пытаннем: што далей будзе з абаронай Курапатаў?

Калі мы пачыналі абарону, то казалі: наша мэта – спыніць дзеянне рэстарана. Цяпер вырашана, што будзем стаяць да Дзядоў. А пасля што будзем рабіць? А дзейнічаць трэба. Дарэчы, я накіравала ў пракуратуру Мінска скаргу на бізнесмена Аркадзя Ізраілевіча на ягоныя абразы мяне і маіх таварышчаў у судзе над выданнем “Новы час”.

У заяве распавяла, што ў прысутнасці суддзі і журналістаў, беларускай творчай эліты бізнесмен абразіў усіх прысутных у зале і мяне, у тым ліку, назваўшы нас групоўкай экстрэмістаў і антысемітаў. Маўляў, уся нашая дзейнасць у Курапатах матывуецца, базуецца і скіраваная бытавым антысемітызмам. Лічу гэта распальваннем міжнацыянальнай варожасці.

— У сітуацыі з абаронай Курапатаў як вы ацэньваеце паводзіны і дзеянні найболш буйных апазіцыйных партый і рухаў?

– Многія зрабілі нейкія фармальные целарухі, каб зазначыць сваю прысутнасць у палітычным полі, але не больш за тое. Яны проста не захацелі цягнуць гэты воз. Некаторыя кажуць, што такое супрацьстаянне не мае сэнсу, іншыя выйшлі на дзяжурства некалькі разоў і зніклі. Паказалі такі своеасаблівы жэст ахвярнасці для справаздачы. Ім гэтая абарона Курапат абсалютна не патрэбна.

Але ж за Курапаты трэба было змагацца яшчэ з 2010 ці 2012 гадоў. Нельга было дапусціць, каб у такім месцы паўстаў рэстаран. І я ні з каго не здымаю адказнасць за гэта. Калі толькі пачалася будоўля, трэба было яе спыняць.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні