Разгляд апеляцыі беларускага палітуцекача Юрыя Рубцова перанеслі на кастрычнік

Былы беларускі палітвязень Юрый Рубцоў чакае ў Германіі рашэння суда на сваю апеляцыю па адмове ў палітычным прытулку. Разгляд павінен быў адбыцца ў гэтым месяцы, але яго перанеслі.

“Такая нявызначанасць вельмі надакучыла, але тут мала што залежыць ад мяне”, – распавёў палітуцякач сайту palitviazni.info.

Нагадаем, што гамяльчанін Юрый Рубцоў стаў вядомы як “чалавек-майка”. На вулічныя акцыі апазіцыі ў Мінску ён выходзіў у майцы з палітычнымі надпісамі. Самым вядомым стаў лозунг “Лукашэнка, сыходзь!”. У кастрычніку 2014 года Рубцова асудзілі на два з паловай гады абмежавання волі ў папраўчай ўстанове адкрытага тыпу, абвінаваціўшчы ў абразе суддзі. На “хіміі” Рубцоў адмаўляўся працаваць, патрабуючы годны заробак, і трымаў галадоўку. Ён зрабіў сабе на грудзях тату “Лукашэнка, сыходзь”.

28 мая 2015 года суд прыгаварыў Рубцова да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму. Але 22 жніўня яго ў ліку іншых палітвязняў памілаваў сваім указам Аляксандр Лукашэнка.

Пасля гэтага Юрый Рубцоў папрасіў палітычны прытулак у Германіі, рашэння давялося чакаць каля году. Яно аказалася не на карысць былога беларускага палітвязня, але ён вырашыў падаць апеляцыю на адмову.

Суд павінен быў адбыцца ў верасні, маральна ўжо быў да гэтага падрыхтаваны, – кажа Юрый Рубцоў. Але зараз даведаўся, што яго перанеслі на месяц. Безумоўна, такая нявызначанасць вельмі надакучыла, але тут мала што залежыць ад мяне”.

Са слоў Юрыя Рубцова, у яго ёсць адзін адвакат, а вось знайсці добрага перакладчыка – вялікая праблема.

“Мой адвакат зараз выйшаў з адпачынку, але не бачу сэнса сустракацца з ім без перакладчыка, – дадае суразмоўца. – Вельмі мала людзей, якія могуць зрабіць якасны пераклад, не скажаючы сэнсу. “Міжнародная амністыя” аказвае юрыдычную дапамогу, але з добрымі перакладчыкамі і ў іх праблема. Я адну супрацоўніцу папрасіў перакласці фразу “рашэнне Камітэта ААН па правах чалавека не з’яўляецца абавязковым для Беларусі і носіць толькі рэкамендальны характар”, дык пераклад рабілі каля месяца”.

Яшчэ раней Юрый Рубцоў заяўляў, што калі яму ўсё-такі будзе адмоўлена ў прадастаўленні палітычнага прытулка, ён будзе пісьмова прасіць нямецкія ўлады адправіць яго ў Канаду альбо ЗША.

palitviazni.info

Фота з сайта belsat.eu

Іншыя палітычныя вязьні

  • Валеры Леванеўскі
  • Сяргей Парсюкевіч