Алесь Бяляцкі: На “справу прафсаюзаў” быў палітычны заказ

Кіраўнікі прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік атрымалі па 4 гады хатняй «хіміі» без канфіскацыі маёмасці. Такі прысуд 24 жніўня вынес суд Савецкага раёна Мінска.

Кіраўнік Праваабарончага цэнтра «Вясна” Алесь Бяляцкі распавёў сайту palitviazni.info пра тое, чаму такое судовае рашэнне было прадказальным.

Суд прызнаў кіраўнікоў прафсаюза вінаватымі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Паводле версіі следства, старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч і галоўны бухгалтар прафсаюза Ігар Комлік незаконна адкрылі рахунак у банку Літвы, куды ў 2011 годзе ад нерэзідэнтаў Беларусі паступілі грашовыя сродкі ў замежнай валюце — 140 тысяч еўра і 18 тысяч даляраў. У далейшым гэтыя грошы ў далярах і еўра здымаліся з рахунку Комліка і дастаўляліся членамі прафсаюза на тэрыторыю Беларусі, дзе вярталіся Комліку і Фядынічу. У выніку чаго Фядыніч і Комлік не заплацілі падаткаў на 22 тысячы рублёў з улікам дэнамінацыі.

– Насамрэч рашэнне даволі прадказальнае, я яшчэ да пачатку працэса адзначаў, што прысуд не будзе звязаны з рэальным абмежаваннем волі, – кажа Алесь Бяляцкі. – Відавочна, што Фядыніча і Комліка не маглі адпусціць і апраўдаць, таму што на справу быў палітычны заказ. І перад тым, як вынесці прысуд, яго доўга ўзважвалі. Таму, як мне падаецца, зараз асаблівых спадзяванняў на апеляцыю няма. Рашэнне, хутчэй за ўсё, зацвердзяць такім, якім яно ёсць.

Мы, беларускія праваабаронцы, лічым прысуд палітычна матываваным, які не грунтуецца на нармальных доказах. Прысуд найперш звязаны з актыўнай грамадска-палітычнай дзейнасцю лідараў прафсаюза. Судовае рашэнне – парушэнне права на свабоду асацыяцый. Таму мы патрабуем пераглядзець вынікі суда і спыніць пераслед прафсаюзных лідараў.

– Якія моманты вы б яшчэ адзначылі падчас гэтага працэса?

– Хацелася б яшчэ сказаць пра тое, што не была ў судзе прадстаўлена важкая доказная база. Усё грунтавалася на нейкай “левай” паперцы, якую спецслужбы здабылі, відаць, незаконным шляхам. Яны доўга мудрылі, як узаконіць гэтую паперку, бо яна ж не мела ніякага афіцыйнага статуса.

Акрамя таго, асноўныя абвінавачванні датычыліся 2011-2012 гадоў. Што называецца, успомнілі праз пяць гадоў. Магчыма, усе гэтыя паперы, якія былі пакладзены ў аснову абвінавачвання, ляжалі ў папках сілавікоў некалькі гадоў, і калі спатрэбілася прыціснуць лідараў прафсаюза РЭП, спыніць іх грамадскую актыўнасць, то ўспомнілі пра тыя самыя паперы і распачалі крымінальную справу. Гэта кан’юктурны падыход, які ніякім чынам не звязаны з тымі абвінавачваннямі, што прад’яўліліся лідарам прафсаюза.

– Вас не здзівіла прызнанне на працэсе сакратаркі незалежнага прафсаюза, што яна была завербаваным агентам КДБ?

– Трэба сказаць, што для ўсіх гэта быў даволі нечаканы “сюрпрыз”. І гэта паказвае, што грамадскія арганізацыі, незалежныя прафсаюзы ўспрымаюцца ўладамі, як нешта небяспечнае, тое, што патрабуе кантролю. Таму вярбуюць агентаў, адпраўляюць сваіх “кратоў” у грамадскія структуры.

У такім выпадку, як можна казаць пра супрацоўніцтва грамадзянскай супольнасці з уладамі? Бачна, што ўлады расцэньваюць грамадзянскую супольнасць, як патэнцыйную небяспеку для сябе і спрабуюць нейтралізаваць і паралізаваць дзейнасць арганізацый любымі метадамі. У тым ліку, і праз сваіх агентаў.

– У 2011 годзе вас судзілі па такім жа артыкуле, што і зараз прафсаюзных актывітсаў, але тады прысуд быў больш жорсткі – 4,5 гады зняволення. Ці параўноўвалі вы падчас гэтага судовага працэса сваю справу і “справу прафсаюзаў”?

– Безумоўна, параўноўваў, і тут вельмі багата падобных момантаў. Галоўнае – гэта немагчымасць легальнай дзейнасці няўрадавых арганізацый і незалежных прафсаюзаў. Улады стварылі такія законы і такія падзаконныя абмежаванні, што яны звязваюць незалежныя арганізацыі па руках і нагах. Зразумела, што такі падыход не дае магчымасць для нармальнай працы няўрадавых арганізацый. Таму сама атмасфера ў гэтым плане ўжо, можна сказаць, нездаровая. Грамадскія арганізацыя знаходзяцца пад прэсінгам і кантролем недэмакратычнай ўлады.

– Вам сем гадоў таму не маглі вынесці прысуд, які б не быў звязаны з рэльным пазбаўленнем волі?

– На той час агульгая сітуацыя ў краіне была больш напружаная. За кратамі пасля выбараў 2010 году знаходзіліся некалькі дзесяткаў палітычных зняволеных і тады была большая эканамічная падтрымка з боку Расіі. Таму беларускія ўлады маглі сабе дазволіць ўжываць значна больш жорсткія рэпрэсіі ў адносінах да палітычнай апазіцыі і прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый. Таму я і атрымаў рэальны тэрмін зняволення, і ў дадатак да гэта суд прыняў рашэнне аб канфіскацыі маёмасці.

Зараз сітуацыя ў Беларусі іншая. Відавочна, што ўлады не хочуць моцна сварыцца з заходнімі к раінамі, якія ўсё-такі ставяць пытанне правоў чалавека ў палітычны парадак дня. І з’яўленне новых палітычных зняволеных , вядома, вельмі моцна адаб’ецца на рэпутацыі беларускіх уладаў, якую яны спрабуюць апошнім часам выправіць і, скажам, так, трымаць на пэўным узроўні.

Тэрмін зняволення для Ігра Комліка і Генадзя Фядыніча – гэта такое манеўраванне ўладаў. З аднаго боку прафсаюзных актывістаў не пазбавілі волі, а з іншага – “хатняя хімія” – даволі непрыемная рэч, якая моцна абмяжоўвае людзей. Рэжым жыцця ў гэтыя гады будзе вызнааны працай і хатай, а ўсё астатняе трэба будзе ўзгадняць з міліцыяй: выезды з горада, паездкі… Фядыніч і Комлік не маюць права ўдзельнічаць у грамадскіх акцыях, іх могуць правяраць у любы час, як на працы так і і дома. Адным словам, яны пастаўлены пад вельмі пільны кантроль.

Акрамя таго, па рашэнні суда, ім забаронена 5 гадоў займаць кіруючыя пасады, што вельмі дзіўна, бо незалежны прафсаюз – гэта аб’яднанне, якое само выбірае сабе лідараў. Спадзяюся, што ў такой сітуацыі шэраговыя сябры прафсаюзы выкажуць сваю салідарнасць і знойдуць магчымасць зрабіць так, каб і Генадзь Фядыніч, і Ігар Комлік мелі магчымасць актыўна працаваць на ніве грамадскай дзейнасці. Хаця фармальна яны ўжо не могуць быць кіраўнікамі прафсаюза РЭП.

Усе гэтыя абмежаванні абураюць і паказваць: пільны кантрль над грамадзянскай супольнасцю з боку ўладаў і спецслужбаў застаецца.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні