Валерый Карбалевіч: Калі не ўмееш добра працаваць сам, то трэба закрыць рот апанентам

Чаму прайшлі ператрусы з затрыманнямі ў вядучых незалежных выданнях? Ці патрэбна ўладам новая гучная палітычная справа? Пра гэта сайту palitviazni.info распавёў палітолаг Валер Карбалевіч.

“Дзеянні сілавікоў абсалютна неадэкватныя масштабу парушэнняў”, – кажа палітолаг.

Нагадаем, што 7 жніўня ў рэдакцыях TUT.by і БелаПАН прайшлі ператрусы. Было паведамленне пра затрыманне чатырох журналістаў і рэдактараў: Марыны Золатавай (TUT.by), Ганны Калтыгінай (TUT.by), Галіны Уласік (TUT.by) і Таццяны Каравянковай (БелаПАН).

Па некаторай інфармацыі, былі затрыманы і яшчэ некалькі журналістаў. Таксама з рэдакцый следчыя вынеслі частку тэхнікі, а таксама прайшлі ператрусы ў кватэрах асобных журналістаў.

– Не ведаю юрыдычны бок справы, але, калі хачу сказаць пра палітычны, – кажа Валер Карбалевіч. – Нават калі сапраўдныя тыя абвінавачванні следчых на адрас журналістаў, што апошнія быццам бы кралі інфармацыю з сайта дзяржаўнага агенцтва, то дзеянні ўладаў, на мой погляд, у гэтай сітуацыі абсалютна неадэкватныя масштабу парушэнняў. А што ў нашым выпадку? За тое, што нехта атрымаў несанкцыянаваны доступ да інфармацыі (калі гэта на самай справе так), задзейнічаюць некалькі дзесяткаў сілавікоў, урываюцца ў офісы, праводзяць ператрусы на кватэрах, журналістаў кідаюць за краты…

І пры гэтым улады ведаюць, які гэта выкліча рэзананс не толькі ўнутры Беларусі, але і на міжнародным узроўні. Таму відавочна, што тут справа абсалютна палітычная. І рашэнне па ператрусах напярэдадні прымалася на палітычным узроўні.

– Навошта?

– Гэта спроба запужаць незалежныя СМІ, прымусіць людзей больш лаяльна працаваць у адносінах да дзеючага рэжыма. І не толькі спрабуюць запалохаць журналістаў, але і каментатараў у сацыяльных сетках.

А ўвогуле, гэта нонсенс, калі журналістаў кідаюць за краты за такія парушэнні! Гэта яшчэ раз падкрэслівае неадэкватнасць дзеянняў ўладаў у вышэйзгаданай сітуацыі.

– Як мне падаецца, калі і былі спрэчныя моманты, то кіраўнікі рэдакцый маглі іх вырашыць паміж сабой…

– Безумоўна, але ж дырэктарка БЕЛТА заявіла, што яна не ведала, хто крадзе іх інфармацыю, таму, маўляў, і звярнулася ў праваахоўныя органы. Але, як аказалася, кралі ўжо два гады, але раней ніякія захады не прадпрымаліся. Увогуле, у гэтай гісторыі вельмі шмат цёмных плямаў…

Варта адзначыць, што апошнія паўгода ўлады занепакоены тым, што яны страцілі кантроль над інфармацыйнай прасторай краіны. Таму зараз і робяць ліхаманкавыя захады, каб нейкім чынам сітуацыю змяніць.

Зімой былі зменены тры галоўныя рэдактары буйных дзяржаўных медыя, затым быў заблакаваны сайт “Хартыі”, пасля прынялі больш жорсткі Закон аб СМІ. Пачаўся пераслед блогераў і гендырэктара агенцтва БелаПАН  Алеся Ліпая, генеральны пракурор прапанаваў прыняць закон, які карае за непраўдзівую інфармацыю. А цяпер – яшчэ адзін крок ціску на недзяржаўныя СМІ. Таму ўся гэтая кампанія – цалкам палітычная.

– А ўладам патрэбна новая гучная палітычная справа?

– Улада дзейнічае так, як умее. Стварыць нейкі кантэнт на дзяржаўных рэсурсах, які б быў больш папулярны за незалежныя альбо расійскія мыдыя, яны не ў стане. Таму робяць тое, што звычайна ўмеюць. Калі не ўмееш сам, то трэба закрыць рот апанентам. А ў гэтым яны вельмі добра напрактываваныя.

Гэта стандартная рэакцыя ўладаў на сітуацыю, калі яны не могуць кантраляваць незалежныя СМІ, а свае працаваць добра не ўмеюць.

– Заснавальнік кампаніі tut.by Юрый Зісер сказаў, што, маўляў, “гэта не справа супраць tut.by, размова ідзе пра некалькіх супрацоўнікаў…”

– Думаю, Юрый Зісер зараз думае не толькі пра вобшукі і затрыманні, але і пра тое, якім чынам захаваць рэсурс. Таму паводзіць сябе асцярожна і гэдак жа выказваецца. Яго цалкам можна зразумець, хаця масшабныя ператрусы ў офісах кампаніі і на кватэрах прымушаюць зрабіць высновы, што гэта моцны наезд менавіта на сам Інтэрнэт-рэсурс.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні