Вольга Мікалайчык: Абарона Курапат – гэта святое

Актывістка Вольга Мікалайчык распавяла сайту palitviazni.info пра абароны Курапатаў, рэпрэсіі і памяць пра тых, хто стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсій.

“Ля Курапатаў павінен быць смутак, а не танцы на касцях”, – кажа суразмоўца

Тых, хто стаіць на варце ля рэстарана ў Курапатах, не толькі штрафуюць, але і працягваюць адпраўляць на “суткі”. Зараз, напрыклад, адміністрацыйны арышт (па 10 сутак) адбываюць Максім Вінярскі і Павел Севярынец. Раней у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў пабывала Вольга Мікалайчык, але пры гэтым яна кажа, што “арыштамі актывістаў не запалохаць”.

– Я ўжо шмат гадоў стаю на абароне Курапатаў, – кажа Вольга Мікалайчык. – Гэта святое! У гэтым годзе паспела пабываць і на “сутках” за перфоманс ля рэстарана. Але нас не запалохаць, і варта працягваецца. Зараз мы зрабілі графік дзяжурств ля рэстарана (кожны дзень дзяжурыць нейкая партыя альбо рух), таму варта, так бы мовіць, перайшла ў арганізаванае рэчышча.

– Ці складана вам было амаль штодзень несці варту ля Курапатаў?

– Штодзень былі на варце якраз да таго моманту, як склалі графік дзяжурств. Хаця, па шчырасці, было няпроста. Мы стаялі на вуліцы па 12 гадзін у суткі, з раніцы да ночы і пры гэтым – у любое надвор’е.

Тым не менш, калі чалавек мае ідэю і прынцыпы, то гэта нескладана. Ты ведаеш, на што ідзеш і што робіш. Таму асабсіта для мяне тут асаблівых складанасцей не было. А вось Леанід Кулакоў, напрыклад, наогул выходзіў на абарону Курапатаў з гіпсам. Людзі ставяцца да гэтага вельмі адказна і сур’ёзна, але, я вам шчыра скажу, што пра цяжкасці ніхто не думае. Калі ты змагаешся за высакародную мэту, то ўсё можна пераадолець.

– Ля рэстарана нярэдка адбываюцца сутычкі паміж наведвальнікамі рэстарана, яго ахоўнікамі і абаронцамі Курапатаў. Хто правакуе сітуацыю? Ва ўладальнікаў рэстарана з гэтай нагоды сваё меркаванне…

– Мы нікога не правакуем. А што датычацца канфліктаў, то сярод наведвальнікаў хапае дастаткова неадэкватных людзей, якія лезуць у бойку, мацюкаюцца ды збіваюць актывістаў машынамі. Хаця аўтамабілі ў рэстаран мы і насамрэч не прапускаем, распавядаем, што трэба прыпаркавацца і ісці пехатой. І, натуральна, тлумачым людзям, што гэта за месца. Некаторыя, дарэчы, пасля гэтага разварочваюцца і з’язджаюць.

А вось сілавікі, як мне падаецца, на баку ўладальнікаў рэстарана. На нас актыўна складаюць пратаколы, а ды тых, хто збівае актывістаў, ставяцца даволі лаяльна.

У нас жа адна мэта – паралізаваць дзейнасць установы, якая пабудавана ля месца масавых расстрэлаў людзей у сталінскія часы, ля нацыянальнага акропаля. Гэта святыня і месца, якое сімвалізуе той драматычны час на нашай зямлі. Трэба быць дзікуном, каб будаваць тут забаўляльны комплекс. Гэта глумленне над памяццю ахвяраў. І трэба спыняць тых, хто не шануе памяць.

– На ваш погляд, ці магчыма правесці перамовы з уладальнікамі рэстарана, каб знайсці агульную мову і агульны варыянт вырашэння праблемы?

–  Мы шмат разоў спрабавалі пайсці на дыялог, але якраз напярэдадні гэтага былі арыштаваны шэсць абаронцаў Курапатаў. Пры гэтым уладальнікі асабіста кіравалі разгонам пікета. Да нас прымянялі сілу ў прысутнасці міліцыянтаў, якія назіралі за сітуацыяй збоку.

І яшчэ: чаму бізнесмен Зайдэс сабраў журналістаў, але не стаў адказваць на іх пытанні, а толькі зачытаў нейкі свой выступ? Думаю, каб было жаданне на самай справе знайсці кампраміс, то ўладальнікі няхай бы адказалі на ўсе хвалюючыя і спрэчныя пытанні.

Мне падаецца, што ніхто не хоча дамаўляцца, таму што ведаюць наша патрабаванне – зачыніць рэстаран. Няўжо няма іншага месца ля кальцавой дарогі, куды можна было б яго перанесці? Альбо няхай бы бізнесмены з рэстарана зрабілі б іншую ўстанову, напрыклад, памяшканне для рытуальных паслуг. Ля Курапатаў павінен быць смутак, а не танцы на касцях.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні