Бацька Зміцера Паліенкі: Сын чакае вызвалення…

Бацька палітвязня Зміцера Паліенкі распавёў сайту palitviazni.info пра сустрэчу з сынам, доўгатэрміновае спатканне, якое будзе ў верасні, і чаканне выхаду на волю.

“Сын чакае вызвалення, ён зараз толькі гэтым і жыве”, – кажа Аляксандр Паліенка.

26 мая Зміцер Паліенка адзначыў у калоніі 24-годдзе, прыкладна ў той жа час да яго наведаўся і бацька.

Пагутарылі з сынам, аддаў яму 30-кілаграмовую перадачу, – кажа Аляксандр Мікалаевіч. –  Быццам бы ўсё ў яго парадку, асабліва ні на што не скардзіцца. Ён па-ранейшаму не працуе на вытворчасці, бо задыхаецца з-за пылу ў цаху. З нагой, якая не зажывала, сітуацыя таксама нарамалізавалася пасля таго, як Зміцера звазілі ў Жодзіна ў лякарню”.

Ужо пасля гэтага Зміцер Паліенка даслаў дадому ліст, у якім паведаміў, што падаў адміністрацыі калоніі заяву, каб 6-7 верасня дазволілі доўгатэрміновае спатканне з бацькам.

“Мяркую, не адмовяць, – спадзяецца Аляксандр Паліенка. – А ўжо ў другой палове кастрычніка сын мусіць выйсці на волю, і зараз гэтым толькі і жыве. Спадзяванняў на тое, што адпусцяць раней часу, вельмі мала, але і да заканчэння тэрміна зняволення застаецца не так ужо і шмат – каля чатырох месяцаў. Мы яго ўсе вельмі і вельмі чакаем!”

***

Зміцер Паліенка – сацыяльны актывіст з Мінска. Нагодай для крымінальнага пераследу стаў ягоны ўдзел у мірным сходзе “Крытычная маса”, які адбываўся 29 красавіка 2016 г. у Мінску і быў гвалтоўна спынены міліцыяй.

12 кастрычніка 2016 года судом Цэнтральнага раёна г. Мінска прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў) і часткай 2 артыкула 343 КК (выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару). Паводле прысуда, З. Паліенка быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады.

7 красавіка 2017 года судом Заводскага раёна г. Мінска разгледжана прадстаўленне органа, які ажыццяўляе кантроль за паводзінамі асуджанага (хутчэй за ўсё, УУС Заводскага раёна), і адменена адтэрміноўка выканання пакарання. У сувязі з гэтым, без права на абскарджванне, актывіст падлягае накіраванню ў папраўчую калонію для адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1,5 гады (з улікам часу ўтрымання пад вартай да суду ў 2016 годзе).

Зміцеру Паліенку можна дасылаць лісты падтрымкі (лепш – замоўныя) па адрасе: 213800 Магілёўская вобласць, г.Бабруйск, вул.Сікорскага, 1. ПК-2, атрад № 9.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Вадзім Кабанчук
  • Андрэй Дзьмітрыеў