Пётр Маркелаў: Тое, што са мной адбылося, гэта проста дзікунства!

Актывіст Пётр Маркелаў распавёў сайту palitviazni.info пра тое, як у Беларусі пазбаўляюць волі за звычайны фоташоп.

“Нават, калі б і быў пікет, то навошта было мяне за гэта на некалькі сутак адпраўляць за краты? – здзіўляецца суразмоўца.

Нагадаем, актывіст Пётр Маркелаў 31 мая нібыта сфатаграфаваўся каля будынка МУС з плакатам «Заблакуйце 86.57.250.202». Аднак фотаздымак, які з’явіўся ў сацыяльных сетках, быў звычайным фэйкам, яго зрабілі з дапамогай фоташопа. Тым не менш, з 1-га па 4-е чэрвеня Пётр Маркелаў утрымліваўся ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. На яго склалі пратакол па ч.3 арт.23.34 КаАП, хаця справа адпраўлена на дапрацоўку.

– Як ужо вядома, 31 мая мы запосцілі фота, на якім я быў з плакатам, хаця нідзе не было ўказана, што праходзіў пікет, – распавядае Пётр Маркелаў. – Подпіс быў такі: “Здагадайцеся, што за IP-адрас на выяве”. Ужо на наступны дзень мне патэлефанаваў намеснік начальніка Маскоўскага РУУС і запрасіў на размову. Нярэдка такія “размовы” заканчваюцца падпісаннем пратакола, і затым ужо дасылаюць позву ў суд.

Я наіўна паверыў, што таксама так адбудзецца, а таму спакойна пайшоў у РУУС. А там пасля таго, як склалі пратакол, апісалі мае рэчы і павезлі на суд. Я адмаўляў, што ўдзельнічаў у пікеце, казаў, што не парушаў закон, і суддзя заўважыла, што няма доказаў таго, што ў той дзень я пікетаваў МУС. Суд, які праходзіў у пятніцу, быў перанесены на панядзелак, а мяне адвезлі ў Цэнтр утрымання правапарушальнікаў на Акрэсціна, дзе і пратрымалі трое сутак. Толькі ў панядзелак у зале суда адпусцілі на волю, а справу накіравалі на дапрацоўку. Хаця што там дапрацоўваць, калі справу трэба наогул закрываць?

– Адным словам, трое сутак давялося знаходзіцца за кратамі за пікет, якога наогул не было…

– Атрымліваецца, што і  такое ў нашай краіне магчыма.

– Як даводзілася ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў?

– Умовы ўтрымання там жорсткія і, я б нават сказаў, антычалавечыя. Я быў у камеры з яшчэ чатырма чалавекамі, з іх трое – тыя, хто любіць ужываць алкаголь. Зрэшты, там такіх большасць. Ёсць і такія, каго злавілі на дробным крадзяжы. Ніякіх правоў там людзі не маюць. Калі нават звяртаешся да ахоўнікаў з просьбай пра лекі, то тыя нярэдка кажуць так: “Не нашы праблемы”.

Кармілі традыцыйна, як гэта бывае ў такіх установах, але талеркі і лыжкі нават не забіралі, каб памыць. Можна прадставіць, наколькі гэта гігіенічна.

А праз дзень пасля таго, як патрапіў я на Акрэсціна, у камеру пасадзілі маладога чалавека. Не паспелі закрыцца дзверы, як той ужо дастаў з кішэні маленькі пакецік як быццам з наркотыкамі. Я не ведаю дакладна, што там было, але хлопец адкрыта ў камеры два дні паліў гэтае самае рэчыва з пакета. Я нават не ведаю, як ён гэта пранёс, бо дагляд вельмі пільны.

– Лічыце, што гэта мог быць правакатар?

– Не выключана, бо паводзіны чалавека былі абсалютна дзіўныя. Альбо гэты чалавек быў не ў сваім розуме, калі вырашыў пранесці пакецік з наркатычным рэчывам (хаця, паўтаруся, дакладна не бяруся сказаць, што там было на самай справе), альбо і сапраўды гэта быў нейкі падстаўны чалавек.

– Як увогуле ацэньваеце тую сітуацыю, у якую патрапілі?

– Тое, што са мной адбылося, гэта проста дзікунства! Нават, калі б і быў пікет, то навошта было мяне за гэта на некалькі сутак адпраўляць за краты? Тым больш, што і судовага рашэння яшчэ не было. Я нават скаргу не мог напісаць, бо не давалі аловак. Адным словам, вось такая лібералізацыя зараз адбывацца ў нашай краіне…

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алег Сурган
  • Міхаіл Жамчужны
  • Васіль Старавойтаў
  • Зьміцер Новік