Зміцер Паліенка: Зараз я – дармаед

Палітвязень Зміцер Паліенка даслаў на волю чарговы ліст, у якім распавядае пра тое, як праходзяць яго дні ў калоніі.

“У ШІЗА, як ні дзіўна, ужо не кідаюць, – напісаў Зміцер. – Хаця на мінулым тыдні былі 3 парушэнні…”

Марына Насенка, сяброўка Зміцера Паліенкі, распавяла, што раней ён працаваў 6 дзён на тыдзень па 8 гадзін, але зараз, дзякуючы грамадскаму рэзанансу, ад працы яго вызвалілі. На прамысловых работах было шмат пылу, а ў Змітра – астма.

“Мяне знялі з “промкі”, таму зараз я – дармаед, – напісаў Зміцер у сваім лісце. – Адпачываю на “шконцы” і пішу лісты. Зараз вольнага часу шмат. Таму, спадзяюся, да канца тэрміну прачытаць усе кніжачкі”.

Са слоў Зміцера Паліенкі, у ШІЗА, як ні дзіўна, ужо не кідаюць. Хаця на мінулым тыдні ў яго было 3 парушэнні.

“Парушэнні ў тым, што не павітаўся з адміністрацыяй (не ўстаў, калі яны заходзілі) і піў гарбату ў працоўны час, – працягвае Зміцер. – За парушэнне формы адзення (быў у спартыўных штанах і тапках) і за тое, што не паспеў пагаліцца. Мог патрапіць на 20 сутак у ШІЗА, а далі пазачарговае дзяжурства і вымову. Цуд!”

Нагадаем, што не так даўно Amnesty International заклікала да глабальнай акцыі салідарнасці з палітвязнем Змітром Паліенкам. 26 мая Зміцер адзначыць чарговы дзень народзінаў, і ў сувязі з гэтым Amnesty International заклікала зрабіць усё, каб «падарыць яму свабоду».

Зміцеру Паліенку можна дасылаць лісты падтрымкі (лепш – замоўныя) па адрасе: 213800 Магілёўская вобласць, г.Бабруйск, вул.Сікорскага, 1. ПК-2, атрад № 9.

***

Зміцер Паліенка – сацыяльны актывіст з Мінска. Нагодай для крымінальнага пераследу стаў ягоны ўдзел у мірным сходзе “Крытычная маса”, які адбываўся 29 красавіка 2016 г. у Мінску і быў гвалтоўна спынены міліцыяй.

12 кастрычніка 2016 года судом Цэнтральнага раёна г. Мінска прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў) і часткай 2 артыкула 343 КК (выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару). Паводле прысуда, З. Паліенка быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады.

красавіка 2017 года судом Заводскага раёна г. Мінска разгледжана прадстаўленне органа, які ажыццяўляе кантроль за паводзінамі асуджанага (хутчэй за ўсё, УУС Заводскага раёна), і адменена адтэрміноўка выканання пакарання. У сувязі з гэтым, без права на абскарджванне, актывіст падлягае накіраванню ў папраўчую калонію для адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1,5 гады (з улікам часу ўтрымання пад вартай да суду ў 2016 годзе).

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Казулін