Следчую групу, якая займаецца “справай прафсаюзаў”, павялічылі да васьмі чалавек

Пра гэта 27 красавіка паведамілі ў Следчым камітэце фігурантам справы Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку.

“Гэта гаворыць пра тое, што, хутчэй за ўсё, 1 мая расследванне па нашай крымінальнай справе будзе працягнута”, – выказаў сваё меркаванне сайту palitviazni.info лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч.

Нагадаем, што бухгалтар прафсаюза РЭП Ігар Комлік утрымліваўся пад вартай з 2 жніўня 2017 году ў межах крымінальнай справы, узбуджанай супраць яго і старшыні прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча па ч.2 арт.243 Крымінальнага кодэкса РБ (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).

Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне да 7 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Паводле афіцыйнай інфармацыі Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі, у ходзе праверкі ў межах узбуджанай крымінальнай справы ўстаноўлена, што «старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў».

2 кастрычніка Ігар Комлік быў вызвалены з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе, але расследаванне ідзе да гэтага часу. Расследванне справы працягнута да 1 мая 2018 году.

“Сёння, 27 красавіка, мяне і Ігара Комліка выклікалі следчыя, – распавядае Генадзь Фядыніч.Натуральна, мы не ведалі, дзеля якой мэты паклікалі, але ўжо было цікава, бо, як вядома, тэрмін расследвання працягнуты да 1 мая, а да гэтай даты застаюцца лічаныя дні. У выніку даведаліся, што следчую групу, якая займаецца нашай справай, з двух чалавек павялічылі да васьмі. Думаю, гэта звязана з тымі матэрыяламі, што следчыя раённых аддзелаў рабілі пры допытах сябраў нашага прафсаюза. Таму што тыя новыя следчыя, якія ўвайшлі ў групу, менавіта з раённых упраўленняў Следчага камітэта Мінска”.

Са слоў Фядыніча, калі склад групы змяняецца, то пра гэта павінны быць пастаўлены ў вядомасць і фігуранты справы.

“Відавочна, што два следчыя не спраўляліся з тым аб’ёмам інфармацыі, бо ўжо апыталі каля 500 сябраў нашага прафсаюза па ўсёй рэспубліцы, – дадае ён. – Трэба ж прааналізаваць і апрацаваць гэтыя 500 пратаколаў. Спадзяемся, што пасля 1 мая можа хаця б тэхніку вернуць, якую забралі падчас вобшукаў. Бо з таго часу прайшло ні многа, ні мала, а амаль 9 месяцаў”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Пачобут
  • Іван Крук
  • Андрэй Пазьняк
  • Кацярына Садоўская
  • Андрэй Пратасеня