Былы палітвязень Алесь Міхалевіч зарэгістраваў у Вільні юрыдычны офіс

Экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч, які  быў вымушаны пакінуць Беларусь пасля прэзідэнцкай кампаніі 2010 году, больш за два гады таму вярнуўся на радзіму, аднак крымінальную справу па снежаньскіх падзеях 2010 году ў дачыненні да палітыка да гэтага часу не закрылі.

“Пакуль я займаюся непалітычнымі праектамі, але ў той жа час цікаўлюся і грамадска-палітычным жыццём”, – распавёў палітык сайту palitviazni.info.

Нагадаем, экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч быў вымушаны пакінуць Беларусь пасля прэзідэнцкай кампаніі 2010 году. Тады ён з шэрагам іншых кандыдатаў на вышэйшую пасаду ў краіне апынуўся пад крымінальным пераследам. Міхалевіч стаў адным з фігурантаў нашумелай справы “Аб масавых беспарадках”. Пэўны час палітык знаходзіўся ў СІЗА КДБ і быў першым з тых, хто заявіў пра жорсткія катаванні ў турэмных засценках.

Выйшаўшы на волю пад падпіску аб нявыездзе, Міхалевічу ўсё ж-такі ўдалося пакінуць Беларусь і эмігрыраваць у Чэхію. У верасні 2015 годзе палітык вярнуўся на радзіму пасля пяці гадоў жыцця за яе межамі.

“Крымінальная справа па-ранейшаму не закрытая, але ў той жа час мяне выключылі з базы Інтэрпола, а таму я магу бесперашкодна выязджаць за мяжу, – кажа Алесь Міхалевіч. – У маёй працы гэта вельмі важна, бо аказваю кансультацыі міжнародным юрыдычным кампаніям, якія маюць праблемы з экстрадыцыяй і Інтэрполам. Я пачаў супрацоўнічаць з адвакацкім бюро ў Празе, затым адчыніў уласны офіс у Вільні. І амаль цалкам паглыбіўся ў сферу абароны ад пераследу праз Інтэрпол і экстрадыцыі, чым працягваю займацца і цяпер. Кліенты ў мяне па ўсім свеце, а дома бываю досыць рэдка”.

Са слоў Алеся Міхалевіча, нягледзячы на занятасць, ён працягвае сачыць за падзеямі, якія адбываюцца ў грамадска-палітычным жыцці краіны.

“Краіна зноў знаходзіцца на тым этапе, калі беларускія ўлады спрабуюць палепшыць адносіны з Еўропай, – адзначае ён. – У тым ліку, за кошт імітацыі дэмакратыі, некаторага змягчэння ўнутранай палітыкі. З аднаго боку, нават імітацыя дэмакратыі значна лепш адкрытай канфрантацыі. З іншага – аўтарытарная сутнасць сістэмы застаецца ранейшай. Яна не змяняецца сама, мы бачым толькі вымушаныя спробы адаптацыі пад зменлівыя знешнія ўмовы і пагрозы.

Міхалевіч лічыць, што ў такой сітуацыі горшае, чым можа займацца наша апазіцыя – гэта спрэчкі пра ўдзел, байкот, шэсце, канцэрт і гэдак далей.

“Не варта марыць і аб усеагульным аб’яднанні ў адну Апазіцыю з вялікай літары, — дадае палітык. – Для ўзнікнення двухпартыйнасці патрэбныя спецыфічныя ўмовы, якіх у нас няма. Куды часцей палітыку робіць вялікая колькасць груп з рознымі інтарэсамі, і гэта нармальна.

Таму арганізацыям важна засяродзіцца на той дзейнасці, якую яны лічаць карыснай для Беларусі, на прыцягненні аднадумцаў, пашырэнні сваіх ідэй. Перастаць марнаваць час на крытыку тых, хто лічыць патрэбным дзейнічаць інакш. Вымушаная эміграцыя ў Чэхіі мяне прывучыла да думкі, што бывае і два, і тры, і пяць правільных рашэнняў. Толькі трэба даводзіць працу да лагічнага завяршэння”.

palitviazni.info

- у навінах

 

Зьвязаныя навіны:

03.07.2020 «Падстаў для спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да вас не маецца”. Следчы камітэт адказаў экс-палітвязню Алесю Міхалевічу па справе дзесяцігадовай даўніны

24.03.2020 Алесь Міхалевіч: У гэтым годзе маю справу не закрыюць за тэрмінам даўніны

21.06.2019 “Справу Алеся Міхалевіча” закрыюць у наступным годзе?

03.10.2018 Алесь Міхалевіч: Крымінальную справу не хочуць закрываць…

23.04.2018 Былы палітвязень Алесь Міхалевіч зарэгістраваў у Вільні юрыдычны офіс

28.09.2017 Алесь Міхалевіч: Прызнаць невінаватым не хочуць, а прызнаць вінаватым не могуць

28.02.2017 Чаму не закрываюць справу Алеся Міхалевіча?

20.09.2016 Алесь Міхалевіч збіраецца звяртацца па сваёй крымінальнай справе ў Пракуратуру

05.05.2016 Алесь Міхалевіч рыхтуецца да парламенцкай кампаніі

17.02.2016 Экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч будзе балатавацца ў дэпутаты

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксей Янушэўскі
  • Славамір Адамовіч
  • Вадзім Кабанчук
  • Эдуард Пальчыс
  • Алесь Круткін