Уладзімір Някляеў: Кіраўніцтва адной амбасады паклапацілася пра тое, каб мне перадалі лекі ў камеру

Паэт і палітык Уладзімр Някляеў распавёў сайту palitviazni.info пра сваё затрыманне, утрыманне ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў і адміністрацыйны арышт у “растэрміноўку”.

“Улада імкнецца прыціснуць грамадства”, – лічыць былы палітвязень

Нагадаем, што палітык быў прэвентыўна затрыманы напярэдадні Дня волі – 21 сакавіка. 25 сакавіка вечарам ён выйшаў на волю.

Яшчэ 1 лістапада Ленінскі раённы суд Мінску прызнаў Уладзіміра Някляева вінаватым у закліку да акцыі 21 кастрычніка і асудзіў на 10 сутак адміністрацыйнага арышту, але тады не адправілі адбываць пакаранне. Яго пакінулі на будучыню, каб арыштаваць палітыка ў патрэбны час.

– Натуральна, я ведаў, што ў любы момант магу быць арыштаваны, але затрыманне менавіта ў гэты дзень стала для мяне нечаканасцю, – распавядае Уладзімір Някляеў. – Справа ў тым, што якраз 21 сакавіка я ішоў да доктара, які патэлефанаваў мне напярэдадні. Заўсёды хаджу з лекамі, а тут з сабой не браў. Падумаў: навошта, калі дадуць новыя? Відавочна, што размова па тэлефоне праслухоўвалася, бо сілавікі валодалі інфармацыяй, куды я накіроўваюся.  Схапілі, прывезлі ў аддзяленне міліцыі, дзе паказалі рашэнне суда ад 1 лістапада мінулага году, згодна з якім я асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

Шчыра кажучы, такога павароту падзей не чакаў, бо, па маёй інфармацыі, паміж беларускімі ўладамі і еўрапейскім чыноўнікамі была дамоўленасць — прысуд па маёй справе не адмяняецца, але пакарання не будзе. Але зараз усім бачна, чаго вартыя такія дамоўленасці і абяцанні беларускіх чыноўнікаў. Калі патрэбна, то яны кажуць еўрапейцам неабходныя словы, але кошт такім словам – нуль!

— Вы без лекаў патрапілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў?

— Так, але кіраўніцтва адной з амбасад у Беларусі паклапацілася пра тое, каб мне перадалі лекі ў камеру. У любы момант мог здарыцца гіпертанічны крыз, затрыманні і адбыццё пакаранне – гэта заўсёды стрэс. Да гэтага нельга прызвычаіцца. А як па-іншаму, калі ты ідзеш па вуліцы, а на цябе налятаюць людзі ў цывільным, хапаюць, цягнуць у РУУС, затым кідаюць за краты? Але, калі ёсць лекі, то гэта дазваляе перанесці стрэс больш-менш спакойна.

– Вы адсядзелі амаль 5 сутак, але ж па прысуду павінны былі дзесяць. Астатнія суткі вам пакінулі “да лепшых часоў”?

– Вось тут у мяне ўзнікае шмат пытанняў. Калі прысуд ад 1 лістапада справядлівы, і я злачынец, то якога ражна мяне выпусцілі раней часу? А калі ён несправядлівы, то якога ражна мяне пасадзілі? Акрамя таго, атрымліваецца, што на мне “вісяць” яшчэ 5 сутак адміністрацыйнага арышту. І кожны дзень я вымушаны хадзіць ды азірацца па баках.

Думаю, гэта зроблена ўладамі свядома. Ім галоўнае на ўсіх ціснуць – на палітыкаў, журналістаў, на паэтаў, працоўных і студэнтаў. Улада імкнецца прыціснуць грамадства для таго, каб людзі сядзелі ціха-ціха. Але тут, як кажуць, і хочацца, і колецца. Бо з аднаго боку ёсць вялікая спакуса надаваць усім па галаве дручкамі і кінуць людзей за краты, а з іншага – маюцца абавязкі перад еўрапейскімі партнёрамі. Але ж прырода беларускіх ўладаў такая, што яны спачатку нешта зробяць, а пасля думаюць. Што б змянілася, каб дазволілі шэсце? Нічога, толькі ўсім было б лепш – і для ўлады, і для дэмакратычнага руху. Але да такіх паводзін улады пакуль не гатовыя.

palitviazni.info

- у навінах

 

Зьвязаныя навіны:

19.12.2019 Уладзімір Някляеў: У 2010 годзе на плошчу выйшлі людзі, якія разумеюць жыццё не толькі як спосаб есці і піць…

28.10.2019 Уладзімір Някляеў: Сядзець не магу – працую над раманам стоячы…

24.07.2019 Уладзімір Някляеў: У Мінску ў мяне ёсць справы і асабістыя, і палітычныя

14.06.2019 Уладзімір Някляеў: Знаходжанне ў следчым ізалятары КДБ у 2010 годзе нагадвае пра сябе і ў Швецыі

15.05.2019 Уладзімір Някляеў дасць у Швецыі прэс-канферэнцыю

31.01.2019 Уладзімір Някляеў: Са “справы БЕЛТА” атрымаўся чарговы пшык

08.08.2018 Уладзімір Някляеў: Гэта толькі нагода для таго, каб правесці ператрусы…

02.08.2018 Уладзімір Някляеў: Хто стварыў суды, у якіх суддзя – проста балванчык?

27.06.2018 Уладзімір Някляеў: Гэта наўпроставае знішчэнне незалежнага прафсаюза…

26.03.2018 Уладзімір Някляеў: Кіраўніцтва адной амбасады паклапацілася пра тое, каб мне перадалі лекі ў камеру

Іншыя палітычныя вязьні

  • Уладзімір Кондрусь
  • Яўген Васьковіч
  • Вадзім Кабанчук
  • Вінцук Вячорка