Гары Паганяйла: Сцэнар “справы патрыётаў” быў распрацаваны

Юрыст Беларускага Хельсінкскага Камітэта Гары Паганяйла распавёў сайту palitviazni.info пра тое, чаму год таму з’явілася “справа патрыётаў” і патлумачыў, чаму сёння варта дамагацца кампенсацыі за незаконнае знаходжанне пад вартай.

“Крымінальныя справы, якія з часам развальваюцца на кавалкі, неабходны ўладзе для падтрымання градуса страха сярод насельніцтва, – кажа суразмоўца. – Зніжаць пратэстнае напружанне яны навучыліся…”

Нагадаем, што затрыманні пачаліся год таму, пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі 21 сакавіка мінулага году, што ў Беларусі “затрымалі дзясяткі баевікоў”, якія “трэніраваліся ў лагерах са зброяй”. Цягам некалькіх дзён стала вядома пра 35 затрыманых. Спачатку паведамлялася, што справа вядзецца аб “падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” (ч.3 арт.293 КК), пазней з’явілася абвінавачанне ў “стварэнні незаконнага ўзброенага фарміравання і ўдзеле ў ім” (арт.287 КК).

Паступова фігуранты выйшлі на волю пад падпіску аб нявыездзе, а ў чэрвені справа была перададзена ў Следчы камітэт Беларусі.

Па справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў праходзіла 35 чалавек. З іх 20 абвінавачваліся яшчэ і па артыкуле аб незаконным узброеным фарміраванні.

30 лістапада 2017 году старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч заявіў, што “прынята рашэнне аб спыненні крымінальнага пераследу ўсіх фігурантаў па справе і аб спыненні самога расследавання крымінальнай справы”.

– Відавочна, што “справа патрыётаў” з’явілася толькі таму, каб знізіць накал пратэстных настроеў, што былі вясной мінулага году, – кажа Гары Паганяйла. – Трэба было метадамі сілавых пагроз запалохаць грамадства і найбольш актыўную частку апазіцыі, паралізаваць дзейнасць актывістаў, трымаць людзей у страху. Гэта вядомы і напрацаны метад, які не першы раз прымяняецца ўладай, калі тая бачыць пагрозу для сябе ў сітуацыі, якая выходзіць з-пад кантролю.

Любая таталітарная ўлада імкнецца жорсткімі прыёмамі кантраляваць усё і прымяняе іх у дачыненні да апанентаў і грамадскасці.

– Але ж абвінавачванні гучалі досыць сур’ёзныя – людзям даводзілі, што ў краіне ледзь не тэрарыстычная арганізацыя існуе…

–  Так, размова ішла быццам бы пра падрыхтоўку ўзброенага перавароту ў краіне. Але ж так улада сябе паводзіла і пасля падзей 19 снежня 2010 году, калі людзі ў дзень прэзідэнцкіх выбаркаў выйшлі на вуліцу, а гэта было прадстаўлена, як плануемы дзяржаўны пераварот. Тады ў дзяржаўных СМІ таксама распавядалі і пра зброю, і пра іншыя міфічныя рэчы, але ўсё гэта з часам некуды знікла, хаця многія людзі тады атрымалі рэальныя турэмныя тэрміны.

Адным словам, як толькі недзе праяўляецца сацыяльная альбо палітычная актыўнасць людзей з выхадам на вуліцы, улада адказвае жорсткімі рэпрэсіямі.

І нават у сёняшніх умовах, калі зразумела, што ніхто не збіраецца ладзіць ніякія рэвалюцыі, калі да 100-годдзя БНР дазволілі канцэрт у цэнтры Мінска, усё роўна арыштавалі і адправілі на “суткі” лідараў апазіцыі, якія ў свой час выводзілі народ на вуліцы. Тым самым, улады псуюць і агульны палітычны настрой, і падрываюць веру ў тое, што яны нейкім чынам змяніліся. Хаця апошнія быццам бы і лаяльна паставіліся да святкавання слаўнай гістарычнай даты. Тым не меш, кропкавыя рэпрэсіі застаюцца. І гэта, на мой погляд, пазіцыя нават не сілавікоў, а вярхоўнага кіраўніцтва.

– Год таму, калі дзяржаўныя СМІ вялі прапагандысцкую кампанію і распавядалі пра “справу “Белага легіёна”, па ТВ паказвалі зброю, пра якую сёння ўжо ніхто не ўспамінае. Як так адбылося?

– Наколькі я зразумеў, ніякай баявой зброі ў фігурантаў справы і не было. Калі б эксперты далі заключэнне, што зброя баявая, то іншая справа. У такім выпадку ёсць падставы для крымінальнага пераследу і судовага разбіральніцтва.

Але ж мы бачылі толькі карцінку, але ніхто не казаў, пры якіх абставінах зброя там аказалася. Тым больш, што яна была вучэбная. Таму не выключаю, што сцэнар быў распрацаваны сілавікамі, а прапагандысты ўжо зрабілі сваю справу. І з такімі з’явамі мы таксама сутыкаемся не ўпершыню. Успомніце, што ў свой час народ палохалі пацукамі, казалі, што людзей хацелі атруціць праз ваду. І чым тое расследванне закончылася? Нічым!

– Год таму была і яшчэ адна страшылка – распавядалі пра нейкіх людзей са зброяй, якія прарываліся з Украіны ў Беларусь. Зараз таксама не чуваць ні пра крымінальную справу па гэтым факце, ні пра джып, ні пра тых, хто ім кіраваў. Таксама быў прапагандыскі ход?

– Гэта была нейкая правакацыя. Улады зразумелі, якім чынам можна укідваць у грамадства такую інфармацыю, якая называецца фэйкавымі навінамі. Гэта робіцца адмыслова, каб напружваць людзей і ствараць атмасферу страха. Мэсідж такі – з Украіны, якая апошнім часам знаходзіцца ў ваенным стане, узброеныя хваляванні могуць перакінуцца і на Беларусь. І сілавікі, маўляў, дзейнічаюць у мэтах бяспекі грамадзян прэвентыўна, каб такога не здарылася ў нашай краіне.

Таму і прыдумваюцца рознага кшталту джыпы са зброяй, ваенныя сховішчы. Таму і ўзнікаюць крымінальныя справы, якія з часам развальваюцца на кавалкі. Усё гэта – для падтрымання градуса страха сярод насельніцтва. Уладзе такая сітуацыя неабходна, каб утрымацца, каб захоўваць статус-кво. Таму не выключана, што, калі будуць новыя хваляванні сярод людзей, з’явяцца і новыя крымінальныя справы. Зніжаць пратэстнае напружанне улады навучыліся.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алег Сурган
  • Яўген Скочка
  • Віктар Івашкевіч
  • Сяргей Марцалеў