Зміцер Паліенка: Ужо сем месяцаў хаджу да ўрача…

Бацька палітвязня Зміцера Паліенкі распавёў сайту palitviazni.info пра тое, што сын піша ў лістах на волю.

“Найперш яго, безумоўна, непакоіць здароўе”, – кажа Аляксандр Мікалаевіч.

“У сына рана на назе не зажывае, і ўрачы не ведаюць, што з гэтым далей рабіць, – распавядае Аляксандр Паліенка. – Апошні раз спатканне ў мяне з ім было толькі ў мінулым годзе, а зараз збіраюся наведацца бліжэй да 26 мая, калі ў Зміцера будзе Дзень нараджэння”.

Ліст ад сына з калоніі Аляксандр Мікалаевіч атрымаў літаральна некалькі дзён таму.

“Дзякуй за пасылку, – піша Зміцер Паліенка. – 26 мая ты наведацца да мяне не зможаш, бо ў выхадныя дні няма спатканняў. Разлічвай прыехаць 25 альбо 28 мая. Але пасылку ў гэтыя дні не прымуць, яна дазволена толькі з чэрвеня. Што датычыцца здароўя, то тут навіны не вельмі добрыя. Праблемы з нагой застаюцца, можа нават гангрэна… Там рана простая, але ніяк не зажывае. Ужо сёмы месяц хаджу да ўрача. Калі даведаюся нешта больш канкрэтнае, то напішу, якія лекі мне патрэбна дасылаць”.

Напрыканцы ў лісце Зміцер нагадвае, што 25 сакавіка – слаўная дата ў беларускай гісторыі.

“Абавязкова выходзь на свята!” – раіць Зміцер бацьку.

***

Зміцер Паліенка – сацыяльны актывіст з Мінска. Нагодай для крымінальнага пераследу стаў ягоны ўдзел у мірным сходзе “Крытычная маса”, які адбываўся 29 красавіка 2016 г. у Мінску і быў гвалтоўна спынены міліцыяй.

12 кастрычніка 2016 года судом Цэнтральнага раёна г. Мінска прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў) і часткай 2 артыкула 343 КК (выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару). Паводле прысуда, З. Паліенка быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады.

7 красавіка 2017 года судом Заводскага раёна г. Мінска разгледжана прадстаўленне органа, які ажыццяўляе кантроль за паводзінамі асуджанага (хутчэй за ўсё, УУС Заводскага раёна), і адменена адтэрміноўка выканання пакарання. У сувязі з гэтым, без права на абскарджванне, актывіст падлягае накіраванню ў папраўчую калонію для адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1,5 гады (з улікам часу ўтрымання пад вартай да суду ў 2016 годзе).

Зміцеру Паліенку можна дасылаць лісты падтрымкі (лепш – замоўныя) па адрасе: 213800 Магілёўская вобласць, г.Бабруйск, вул.Сікорскага, 1. ПК-2, атрад № 9.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Мікалай Дзядок
  • Алесь Кіркевіч
  • Сяргей Вазьняк
  • Мікіта Емельянаў
  • Арцём Дубскі