Ніна Шыдлоўская: На першай стадыі ва ўсіх быў шок!

Грамадскі прадстаўнік сем’яў фігурантаў “справы “Белага Легіёну” Ніна Шыдлоўская распавядае сайту palitviazni.info пра тое, што давялося перажыць затрыманым хлопцам і іх сем’ям на волі, і ці будуць яны праз год дабівацца справядлівасці.

“Справа патрыётаў” паказала, што еднасць і салідарнасць – гэта вельмі важныя моманты ў жыцці, якія могуць выратаваць практычна ў любой сітуацыі”, – кажа суразмоўца.

Хутка будзе год, як распачалася “справа патрыётаў”. Затрыманні пачаліся пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі 21 сакавіка мінулага году, што ў Беларусі “затрымалі дзясяткі баевікоў”, якія “трэніраваліся ў лагерах са зброяй”. Цягам некалькіх дзён стала вядома пра 35 затрыманых. Спачатку паведамлялася, што справа вядзецца аб “падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” (ч.3 арт.293 КК), пазней з’явілася абвінавачанне ў “стварэнні незаконнага ўзброенага фарміравання і ўдзеле ў ім” (арт.287 КК).

Паступова фігуранты выйшлі на волю пад падпіску аб нявыездзе, а ў чэрвені справа была перададзена ў Следчы камітэт Беларусі.

Па справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў праходзіла 35 чалавек. З іх 20 абвінавачваліся яшчэ і па артыкуле аб незаконным узброеным фарміраванні.

30 лістапада 2017 году старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч заявіў, што “папярэдняе расследаванне па крымінальнай справе скончана, 27 лістапада прынята рашэнне аб спыненні крымінальнага пераследу ўсіх фігурантаў па справе і аб спыненні самога расследавання крымінальнай справы”.

– Следчыя справу закрылі, але канчатковае слова павінна сказаць пракуратура. Ці атрымалі фігуранты “справы патрыётаў” нейкі адказ?

– Здаецца, афіцыйных папер яны на руках пакуль не маюць. Зрэшты, мы і раней бачылі, што звычайна рашэнні прымаюцца ў самы апошні момант. Напрыклад, старшыня Следчага камітэта заявіў, што кропка ў справе будзе пастаўлена да канца восені, і пра закрыццё справы мы даведаліся 30 лістапада. Але, як мне падаецца, адказ пракуратуры – гэта чыстая фармальнасць.

– Ці будуць хлопцы дамагацца кампенсацыі за тое, што іх па сутнасці незаконна трымалі за кратамі, на людзей паклёпнічалі ў дзяржаўных СМІ?

– Я ведаю, што некаторыя працуюць з адвакатамі з гэтай нагоды. Але да таго часу, пакуль на руках няма рашэння пракуратуры, немагчыма прадпрымаць нейкія дзеянні па падачы судовых іскаў.

Але ж відавочна, што ўрон нанесены вельмі моцны – і сем’ям, і самім фігурантам справы.

– На тэлебачанні нават фільм выйшаў пра “тэрарыстаў”…

– Так, прапаганда стварала негатыўны вобраз, і, паўтаруся, усё гэта адбілася на іміджу хлопцаў і іх блізкіх, і нават на працы некаторых. Таму дамагацца справядлівасці варта, хаця гэта справа кожнага асабіста. Нехта вырашыў ісці да канца, хтосьці не мае часу на тое, каб гэтым займацца.

– На ваш погляд, якія ўрокі павінны быць зроблены з гэтай справы?

– Найперш хацелася б, каб нашы дзяржаўныя структуры зрабілі ўрок, што нельга ў нейкіх палітычыных мэтах гуляцца лёсамі людзей, якія насамрэч не маюць аніякага дачынення да правапарушэнняў. Відавочна, што апошнія задумваюцца ў іншых кабінетах.

А асабіста я зрабіла для сябе выснову, што наша грамадства здольнае на праяву салідарнасці не толькі ў маральным плане, але гатовае і рэальна абараняць людзей. Гэта дае надзею, што і грамадства развіваецца, і людзі думаюць, у якім асяродку жывуць, асэнсоўваюць тыя працэсы, што адбываюцца.

І яшчэ адзін момант. “Справа патрыётаў” паказала, што еднасць і салідарнасць – гэта вельмі важныя моманты ў жыцці, якія могуць выратаваць практычна ў любой сітуацыі.

– Калі па шчырасці, ці верылі вы ў тое, што з часам справу наогул закрыюць, і яна не дойдзе да суда?

– Не магу сказаць, што моцна верыла, але спадзявалася, што крайні абсурд у гэтай сітуацыі не спрацуе. Але ў той жа час было не да прагнозаў. Трэба было дзейнічаць, і калі б давала сабе хаця б на хвіліну слабіну, калі б задумвалася пра магчымыя наступствы, то, мабыць, рукі маглі зусім апусціцца.

Таму я спадзявалася, што разумны голас будзе пачуты, і справядлівасць пераможа.

– А як жонкі і блізкія затрыманых хлопцаў пераносілі гэтыя складаныя часы?

– Відавочна, што на першай стадыі ва ўсіх быў шок. І практычны ўсе прайшлі праз гэтыя фазы нармальнай рэакцыі здаровага чалавека на такую сітуацыю. Былі напачатку шок, роспач, але потым збіраліся з духам і рабілі ўсё неабходнае, каб дапамагчы і выратаваць сваіх блізкіх ад несправядлівасці.

Я дакладна ведаю, што гэта адбілася на здароўі абсалютна ўсіх. Хіба толькі маленькія дзеткі, якія зусім не разумелі, што адбываецца, пацярпелі не так. Ды і то яны на час засталіся без бацькоў.

Але найперш для блізкіх складана было спраўляцца з роспаччу. І кожны прайшоў праз тое, што ты, з’яўляючыся грамадзянінам краіны, у прынцыпе з’яўляешся вінаватым. Не важна ў чым, але вінаваты. І можаш патрапіць у любы час у махавік рэпрэсіўнай сістэмы, хаця на самай справе нічога супрацьзаконнага і не зрабіў.

– На ваш погляд, чаму менавіта даўно забыты “Белы легіён” стаў ахвярай гэтай рэпрэсіўнай сістэмы?
– Я таксама шмат на гэты конт думала. Мяркую, што арганізацыя вельмі даўно не існавала, але ў свой час яна была адной з самых арганізаваных і асэнсаваных структур спартыўна-патрыятычнага кшталту.

Зараз, мабыць, камусьці трэба перыядычна падаграваць інтарэс да “легіёна”, зарабляць сабе новыя зорачкі на пагонах. Выявілася, што трэба якую-небудзь групоўку скарыстаць, каб збіць пратэстныя настроі, але ніводная з цяперашніх арганізацый не падыходзіла. Вось і ўспомнілі пра “Белы легіён”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алесь Стральцоў
  • Васіль Парфянкоў
  • Фёдар Мірзаянаў
  • Уладзімер Лобан
  • Яўген Васьковіч