Мікалай Статкевіч: Улада вынайшла новыя формы рэпрэсій

Палітык і былы зняволены Мікалай Статкевіч распавядае сайту palitviazni.info пра рэпрэсіўныя механізмы ў дачыненні да прадстаўнікоў апазіцыі і аналізуе палітычныя крымінальныя справы.

“Улады шукаюць новыя шляхі аказання ціску. Таму робяць розныя дробныя брыдкасці і адначасова даюць магчымасць сваім новым заходнім сябрам заплюшчыць вочы на гэта”, – кажа палітык.

– Зараз узровень рэпрэсій з боку ўладаў крыху зменшыўся, – кажа Мікалай Статкевіч. – Відаць, зверху сілавікоў крыху прыціснулі, бо грошы ад Захада патрэбны. Але ў той жа час гэтыя самыя рэпрэсіі набылі самыя розныя формы.

Я ўжо распавядаў, што на “сутках” спрабавалі давесці ледзь не да смерці паэта і былога кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева. Заслужанага чалавека, гонар нацыі кінулі за краты і нават не давалі лекі, якія яму былі жыццёва неабходны. Калі я быў на “сутках”, у камеру хацелі адправіць хворага на сухоты чалавека, і забаранілі яму казаць пра гэта. Але ён, дзеля гонару, распавёў пра гэта, прызнаўся.

Зараз ідзе мая перапіска (ужо да памежнікаў дайшла) з суадноснымі дзяржаўнымі органамі з нагоды таго, што не так даўно мяне трымалі на мяжы з Літвой у кайданках. І я ведаю, якое ў іх жаданне – выпіхнуць мяне з Беларусі, каб з’ехаў за мяжу. Дык вось падчас перапіскі начальнік Смаргонскага памежнага атрада піша, што крымінальнай справы па факце майго ўтрымлівання ў кайданках не будзе. Хто гэты начальнік? Пракурор? Следчы? Але ён сам нешта ўжо вырашыў так, а не інакш. Але я іх проста так у спакоі не пакіну, такія рэчы трэба рубіць на карані.

– Зараз яшчэ ўвайшло ў “моду” – пазбаўляць апазіцыйных лідараў дакументаў на права кіраваннем аўтамабілем…

– Ёсць такая тэндэнцыя. Спачатку правоў пазбавілі мяне за штрафы, якія налічылі за ўдзел у акцыях. Відаць, паказалася мала, што забіраюць палову маёй вайсковай пенсіі. Маёмасці няма – пазбавілі права вадзіць машыну. Грамадскасць прамаўчала. Затым пазбавілі правоў Зміцера Дашкевіча, лідара прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча, зараз высвятляецца, што лідар АГП Анатоль Лябедзька таксама не можа кіраваць аўтамабілем.

– Адным словам, формы рэпрэсій змяняюцца?

– Так, улады шукаюць новыя шляхі аказання ціску. Таму робяць такія дробныя брыдкасці і адначасова даюць магчымасць сваім новым заходнім сябрам заплюшчыць вочы на гэта.

– Тым часам, у краіне застаюцца палітвязні, працягваюцца палітычныя крымінальныя справы…

– “Справу патрыётаў” закрылі, але ж бачым, што зараз судзяць хлопца, які заступіўся за анархістаў. Тых пасля акцыі пратэсту хацелі затрымаць невядомыя ў цывільным, а малады чалавек абараніў іх. Дык за што яго судзіць, калі чалавек выконваў свой грамадзянскі абавязак? Відавочна, што палітычная справа.

Увогуле, з анархістаў у нас зрабілі нейкую самую сапраўдную страшылку. Насамрэч – гэта маладыя адукаваныя людзі, а ніякія не тэрарысты. Гэта зусім не тыя анархісты, што мы ў савецкім кіно бачылі, яны – больш рамантыкі.

– Ужо паўгода ідзе расследванне “справы прафсаюзаў”. На ваш погляд, чым яна можа скончыцца?
– Справа таксама мае яркую палітычную афарбоўку і звязана з удзелам прафсаюзаў у барацьбе супраць дэкрэта аб “дармаедах”. Я заўсёды казаў, што самы дзейсны рычаг у дачыненні да ўлады – гэта пратэсты людзей. І людзі ў мінулым годзе сказалаі сваё важкае слова. А прафсаюз РЭП збіраў подпісы супраць гэтага антыканстытуцыйнага дэкрэта і, такім чынам, спрыяў мабілізацыі людзей на акцыі пратэсту. За гэта і пакараны. Прафсаюзу проста адпомсцілі. Ды яшчэ, мабыць, баяцца, каб у кіраўніка прафсаюза не было нейкіх вялікіх палітычных амбіцый.

Зараз прафсаюз “падвесілі” з гэтай крымінальнай справай і, відаць, на гэтым ланцугу будуць трымаць далей.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні