“На допыты па “справе прафсаюзаў” выклікалі ўжо каля 300 чалавек…”

Расследванне па “справе прафсаюзаў” працягнута да 1 мая, допыты прафсаюзных актывістаў таксама працягваюцца.

“Зменены і склад следчсай групы”, – распавёў сайту palitviazni.info бухгалтар прафсаюза РЭП Ігар Комлік.

Нагадаем, што бухгалтар прафсаюза РЭП Ігар Комлік ўтрымліваўся пад вартай з 2 жніўня ў межах крымінальнай справы, узбуджанай супраць яго і старшыні прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча па ч.2 арт.243 Крымінальнага кодэкса РБ (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).

Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне да 7 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Паводле афіцыйнай інфармацыі Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі, у ходзе праверкі ў межах узбуджанай крымінальнай справы ўстаноўлена, што «старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў».

2 кастрычніка Ігар Комлік быў вызвалены з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе.

“Учора стала вядома, што следства працягнута на тры месяцы – да 1 мая, – кажа Ігар Комлік. – Акрамя таго, ужо два разы змянілі следчую групу, якая займаецца расследваннем. Спрачатку справай займаўся адзін следчы, затым дадалі яшчэ аднаго, а напрыканцы году з’явіўся і трэці. Зараз жа расследванне вядуць два следчыя, але ўжо новыя. Вось такія цікавыя ракіроўкі адбываюцца”.

Ігар Комлік не ведае, з чым гэта звязана, але думае, што ў следства “проста няма дастатковых падстаў для таго, каб прыцягваць фігурантаў справы ад адказнасці”.

“Напэўна, у такім выпадку вырашылі “ператрэсці” сам прафсаюз, знайсці хоць якія-небудзь зачэпкі альбо парушэнні за мінулыя гады, – дадае суразмоўца. – Хаця ў 2003 годзе ужо праводзілася пракурорская праверка, некага на выбар правяралі. А зараз на допыты ўжо выклікалі каля 300 нашых актывістаў па ўсёй краіне. Відаць, узялі іх спісы з камп’ютарнай тэхнікі, якую забралі яшчэ 2 жніўня”.

Са слоў старшыні прафсаюза Генадзя Фядыніча, зараз яны звярнуліся ў Адміністрацыю прэзідэнта і выклалі сітуацыю, якая склалася з допытамі іх актывістаў.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Вадзім Кабанчук
  • Віталь Рымашэўскі
  • Зьміцер Дашкевіч
  • Мікалай Дзядок
  • Алесь Пушкін