Павел Севярынец: Гэта будзе не пратэстная акцыя, а свята

Былы палітвязень Павел Севярынец распавёў сайту palitviazni.info пра тое, як апазіцыя рыхтуецца да святкавання 100-годдзя БНР і прагназуе, ці варта чакаць ад уладаў рэпрэсій на Дзень волі-2018.

“Гэта Божы цуд, што ўсе дэмакратычныя сілы змаглі аб’яднацца”, – адзначае палітык.

22 студзеня адбылося паседжанне Нацыянальнага аргкамітэта па святкаванню Дня Волі. Прысутнічала каля 30 чалавек — лідараў грамадскіх арганізацый і партый, вядомых актывістаў, палітыкаў, грамадскіх дзеячоў. У паседжанні прынялі ўдзел Уладзімір Някляеў, Мікалай Статкевіч, Анатоль Лябедзька, Павел Севярынец, Віталь Рымашэўскі, Яўген Афнагель, Аляксей Янукевіч, Юрась Губарэвіч, Вацлаў Арэшка, Вячаслаў Сіўчык, Аляксей Марачкін, Віталь Рымашэўскі, Лявон Баршчэўскі, Максім Вінярскі ды іншыя.

Унесены карэктывы ў план правядзення акцыі «Свята Незалежнасці» 25 сакавіка, зацверджаны тэкст заяўкі ў Мінгарвыканкам, якая будзе пададзена 25 студзеня…

– Гэта проста Божы цуд, што беларуская апазіцыя нарэшце аб’ядналася, – кажа Павел Севярынец. – І аб’ядналася вакол вартай падзеі – 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта выклікала нават пэўную хвалю ўздыму і ў Мінску, і ў рэгіёнах, бо на зараз на кожную сустрэчу прыходзяць па 30-40 чалавек. У рэгіёнах дзесяткі арганізацый таксама ствараюць мясцовыя аргкамітэты, таму мне падаецца, што мы маем новую хвалю актыўнасці дэмакратычнага руху. І гэта вельмі добра, што ўсё ідзе так, і што ўсё пакуль атрымліваецца.

– Што выклікала найбольшыя спрэчкі?

– Спрэчкі, натуральна, былі. Калі 13 арганізацый падаюць адну заяўку, то зразумела, што ў кожнага ёсць нейкія свае інтарэсы і сваё бачанне сітуацыі. Але галасаваннем аргкамітэт вызначыў дэталёвы маршрут (збор удзельнікаў на плошчы Якуба Коласа: 14.00 — 14.45; Шэсце ад плошчы Якуба Коласа да Плошчы Свабоды па праезжай частцы праспекта Незалежнасці і вуліцы Леніна: 14.45 — 16.00; Мітынг-канцэрт на Плошчы Свабоды: 16:00 — 18.00). Усё ўдакладнілі. Размеркавалі пасады прадстаўнікоў розных партый і арганізацый у працоўнай групе і ў камісіях. Дамоўлена, хто і што канкрэтна робіць. Нехта будзе працаваць з дзяржаўнымі ўстановамі, хтосьці з пасольствамі замежнымі партнёрамі…

Мяркую, ужо ў наступны панядзелак мы падсумуем першыя вынікі працы і вызначым, як будзе выглядаць шэсце 25 сакавіка і ў мастацкім плане, і ў музыкальным. Важна, што большасць удзельнікаў аргкамітэта ацанілі гэтую акцыю не як пратэстную, а як свята. Таму і назва выбрана суадносная – “Свята незалежнасці”. У размове з дзяржаўнымі органамі, у нашых закліках мы і будзем рабіць акцэнт на тое, што гэта свята. Хаця ў той жа час павінны разумець, што можа быць розная рэакцыя ўладаў альбо прарасійскіх актывістаў на нашу заяўку. І мы павінны быць цвёрдыя ў тым, што 100-годдзе БНР – гэта абарона незалежнасці. Мы святкуем незалежнасць і гатовы абараняць яе.

– На ваш погляд, ці будзе паразуменне з боку уладаў, каб нейкім чынам аб’яднаць высілкі па святкаванні падзеі?

–  Ужо 24 студзеня мы будзем у Мінгарвыканкаме, але гэта толькі пачатак, бо нашы прадстаўнікі пойдуць і ў Адміністрацыю прэзідэнта, і ў Савет міністраў, і ў Міністэрства культуры. Дарэчы, ужо былі выказванні чыноўнікаў высокага рангу, што гэтую дату можна святкаваць разам. Я наогул лічу, што для нармальнай улады – гэта не было б праблемай. Што дрэннага ў тым, што дзяржава адзначыць 100-годдзе дзяржаўнасці і незалежнасці на вышэйшым узроўні? Але мы бачым, што ў краіне застаецца шэраг абмежаванняў. Хаця мы гатовы працягваць руку, калі ёсць людзі, якія разумеюць важнасць падзеі і важнасць адзначыць яе на дзяржаўным узроўні.

– Некаторыя кажуць, што апазіцыя “прыватызавала” Дзень волі і пастаянна пераўтварае свята ў палітычныя акцыі…

– Найперш трэба сказаць, што ў мінулым годзе пасля жорсткага разгону людзей, якія прыйшлі на Дзень волі, у грамадстве застаецца ўзровень страху, які цягнецца да гэтага часу. Ёсць людзі, якія, можа быць, не гатовы выходзіць на вуліцу, але наша задача – іх аб’яднаць.

Акцыю мы назвалі не маршам і не шляхам, а назвалі святам незалежнасці і прапаноўваем усім далучыцца да свята. Трэба сказаць, што не толькі палітычныя партыі гэтае святкаванне наладжваюць. Там ёсць і суполка “Пагоня”, і прафсаюз РЭП, і арганізацыя “Дзея”, і “Арт-Сядзіба”. Таму тут зроблена ўсё, каб прапанова была максімальна адкрытая і прывабная.

– На ваш погляд, ці могуць падчас святкавання паўтарыцца рэпрэсіі 2017 году?

– Зацікаўленай у гэтым можа быць хіба што Расія, якой будзе выгодна ў чарговы раз заткнуць беларускі рэжым у ізаляцыю ад Захада. Рэпрэсіўнае піке – гэта будзе не выгодна для ўлады, беларускага народа і апазіцыі. Таму, безумоўна, можна чакаць нейкія правакацыі (прапагандысцкія і сілавыя), але тут ужо гаворка пра тое, як на гэта адрэагуе ўлада. Мяч зараз на баку рэжыма. Калі ўлада хоча паказаць, што яна сёння незалежная, для гэтага ёсць цудоўная нагода.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксей Янушэўскі
  • Арцём Грыбкоў
  • Аляксандар Зьдзьвіжкоў
  • Эніра Браніцкая