“Пра сітуацыю з Міхаілам Жамчужным распавялі паслам…”

Палітвязень Міхаіл Жамчужны на адзін месяц змешчаны ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ).

Тым часам, як стала вядома сайту palitviazni.info, калегі Жамчужнага вырашылі біць у званы – звярнуліся да паслоў замежных краін і спецдакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі і распавялі ім пра сітуацыю з Міхаілам.

Праваабаронцам стала вядома, што Міхаіл Жамчужны з 6 студзеня размешчаны на адзін месяц у ПКТ.

“Сёння, 22 студзеня – суд па абскарджванні спагнанняў, якія былі вынесены Міхаілу Жамчужнаму яшчэ ў жніўні мінулага году, – распавёў кіраўнік праваабарончай арганізацыі “Платформа” Андрэй Бандарэнка. – Праўда, пакуль яшчэ невядомы вынікі гэтага суда, хаця і не вельмі складана спрагназаваць, якое будзе рашэнне”.

Са слоў Бандарэнкі, ён атрымаў першае за доўгі час ліст ад Міхаіла Жамчужнага, у якім той пацвярджае, што ў дачыненні да яго ладзяць правакацыі і просіць дапамогі. Якім чынам сёння можна дапамагчы палітвязню?

“Перш за ўсё мы звярнуліся да паслоў замежных краін і спецдакладчыка па правах чалавека ў Беларусі і распавялі пра сітуацыю з Міхаілам Жамчужным, – кажа суразмоўца. – Паралельна плануем звярнуцца ў Генеральную пракуратуру. Тут дапамагчы можа толькі грамадскі рэзананс, а іншых рычагоў я і не бачу. Дэпартамент выканання пакаранняў проста адмаўляецца нават выслухоўваць нас”.

***

Нагадаем, заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітвязнем.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Уладзімер Падгол
  • Андрэй Клімаў
  • Андрэй Абозаў