Таццяна Рэвяка: Знаходзіцца пад такім пастаянным прэсам – гэта надзвычай цяжка

Праваабаронца Таццяна Рэвяка распавяла сайту palitviazni.info пра тое, з якім ціскам даводзіцца сутыкацца ў калоніі палітвязню Міхаілу Жамчужнаму.

“Сітуацыя досыць складаная, – кажа суразмоўца. – Міхаіла па-ранейшаму прэсуюць…”

Праваабарончаму цэнтру “Вясна” стала вядома, што Міхаіл Жамчужны не можа разлічваць на ўмоўна-датэрміновае вызваленне, спагнанні яму не адмененыя.

Спагнанні адміністрацыя калоніі ў Горках пачала выносіць палітвязню за адмовы пераходзіць у атрад, сфармаваны са зняволеных з “нізкім статусам”.

– Абскарджванне спагнанняў працягнецца, – кажа Таццяна Рэвяка. – Сітуацыя, якая была ў мінулым годзе, думаю, не змянілася і ў гэтым – Міхаіла па-ранейшаму прэсуюць. У снежні ўжо быў адзін судовы працэс датычны самага першага спагнання, якое Жамчужны атрымаў яшчэ ў жніўні, і зараз пададзена касацыйная скарга на рашэнне раённага суда. Каб нешта змяніць у гэтай складанай сітуацыі, найперш задзейнічаны ўсе прававыя механізмы, якія могуць даць нейкі станоўчы вынік.

– Што яшчэ можна зрабіць у гэтай сітуацыі?

– Лічу важным пастаяннае інфармаванне беларускай грамадскасці і зацікаўленых міжнародных структур пра тое, што адбываецца. Мы звяртаем увагу на тыя бесчалавечныя ўмовы ўтрымання, у якіх знаходзіцца Міхаіл Жамчужны. Фактычна са жніўня ён бесперапынна адбывае пакаранне ці ў ШІЗА, ці ў ПКТ. Хаця, як ён сам адзначае, для яго найлепшым варыянтам было б, каб адправілі на доўгі тэрмін у памяшканне камернага тыпа (ПКТ). Там ён знаходзіўся б адзін у камеры, меў бы магчымасць пісаць лісты. У ШІЗА такой магчымасці няма.

Такая поўная ізаляцыя – гэта дадатковы элемент уздзеяння на чалавека, бо толькі дзякуючы сустрэчам з адвакатам Жамчужны можа даведацца, што адбываецца па-за сценамі калоніі. Даведацца, ці ёсць цікавасць да яго справы альбо няма. Пастаянныя пакаранні і ізаляцыя – гэта спосаб псіхалагічнага ўздзеяння, Міхаілу хочуць паказаць, што, маўляў, ён зусім адзін і нікому не патрэбны. Хацелася б, каб гэтая ізаляцыі была нейкім чынам спынена.

– Адміністрацыя калоніі па-ранейшаму хоча перавесці Жамчужнага ў “нізкастатусны” атрад…

– Тут трэба адзначыць такі момант – пры вынясеніі Міхаілу чарговага спагнання палітвязень заўсёды тлумачыць, чаму ён адмаўляецца пераходзіць у атрад. Распавядае, што ў новым атрадзе будзе падвергнуты зневажаючым яго годнасць умовам і стасункам. З восені піша пра тое, што хацеў, бы, каб яму былі прадастаўлены бяспечныя ўмовы ўтрымання.

Адміністрацыя калоніі проста абавязана такія ўмовы прадаставіць, але замест гэтага яна раз за разам адпраўляе яго ў ШІЗА. На пачатак снежня ў Жамчужнага было 14 спагнанняў. Паколькі ён не выходзіць на сувязь, значыцца і зараз знаходзіцца ў ШІЗА. Можна меркаваць, што на гэты момант мае ўжо каля 20 спагнанняў, хаця пра гэта мы можам толькі здагадвацца. Дакладнай інфармацыі не маем.

– Ці атрымлівае Міхаіл Жамчужны лісты?

– Ён іх практычна не бачыць. Калі Жамчужны выходзіць з ШІЗА, то ў яго толькі суткі, калі ён знаходзіцца не ў штрафным ізалятары. І тут схема простая. Выйшаў – прапаноўваюць перайсці ў “нізкастатусны” атрад. Адмаўляецца — ізноў ШІЗА. За той час, што знаходзіцца не ў штрафным ізалятары, Міхаілу даюць чамусьці толькі заказныя лісты. У той жа час адказаць на лісты ён не можа – не даюць ні асадкі, ні канверты.

– А перадачы дазволены?

– Паколькі адміністрацыя калоніі лічыць, што Міхаіл Жамчужны не стаў на шлях выпраўлення, то, натуральна, ён пазбаўлены перадач. Цяжкасць яшчэ ў тым, што ў калоніі можна карыстацца прадуктовай лаўкай, але для гэтага трэба зрабіць папярэднюю замову, бо забраць прадукты альбо нейкія рэчы можна толькі ў пэўны час. З-за таго, што Міхаіл практычна не выходзіць з ШІЗА, ён не можа атрымаць тавары і такім чынам застаецца без дадатковай прадуктовай падтрымкі.

– Ужо вядома, што ўмоўна-датэрміновага вызвалення не варта чакаць…

– Так, Міхаіл распісаўся пад тым, што не будзе прадстаўлены на умоўна-датэрміновае вызваленне і на замену пакарання на больш мяккае. Цяжка сказаць, як будуць далей развівацца падзеі, якое ўдзеянне будзе аказана на Жамчужнага. Адно вядома – у бліжэйшы час Міхаіла пакінуць у Горацкай калоніі. Зараз адвакат будзе высвятляць пра рэальны стан рэчаў. Знаходзіцца пад такім пастаянным прэсам – гэта надзвычай цяжка.

***

Нагадаем, заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Рыгор Кійко
  • Аляксей Бондар
  • Настасься Азарка