Уладзімір Кобец: У 2018-ы год Беларусь магла б увайсці без цяжару нікому не патрэбных палітычных спраў

“Справа патрыётаў” спынена, але супраць яе былога фігуранта ўзбуджана новая крымінальная справа.

“Варта сачыць за тым, як будуць развівацца падзеі і дамагацца спынення гэтай справы. Спадзяюся, як і папярэдняя, яна не дойдзе да суда”, – распавядае сайту palitviazni.info  Уладзімір Кобец, які ў 2010 годзе кіраваў выбарчым штабам кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, быў кінуты за краты, а пасля вызвалення з’ехаў за мяжу.

Як стала вядома праваабаронцам, справа ў дачыненні да Аляксандра Бяляўскага ўзбуджана 27 лістапада па ч.2 арт.295 КК РБ (Незаконныя выраб, набыццё, перадача ў валоданне, збыт, захоўванне, перавозка, перасылка або нашэнне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і г.д.). Якраз у гэты дзень Следчы камітэт спыніў крымінальны пераслед усіх фігурантаў “справы патрыётаў”.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, ёсць і яшчэ падазроныя ў захоўванні боепрыпасаў з ліку тых, каго падазравалі ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў.

 

– Па-першае, закрыццё “справы патрыётаў” – гэта вельмі добрая навіна, з якой хацелася б павіншаваць яе фігурантаў, іх родных, усіх, хто прыкладаў намаганні, каб спыніць гэты абсурд, – кажа Уладзімір Кобец. – Ад самага пачатку ўсім было зразумела, што ніякага ўзброенага падполля ў Беларусі не існуе. І вось зараз ад усяго раней разрэкламаванага арсеналу халоднай і агнястрэльнай зброі застаўся ўсяго адзін патрон.

Па-другое, справа закрывалася гэдак жа, як і пачыналася – палітычным рашэннем на самым версе. Бо перастала быць патрэбнай, яна перашкаджала ў наладжванні стасункаў з Захадам вельмі моцна. Вось толькі праца і сродкі на следчыя дзеянні пайшлі рэальныя, а тыя, хто распавядаў у дзяржаўных СМІ пра глыбока заканспіраванае і разгалінаванае падполле, выглядаюць, мякка кажучы, не вельмі.

– Адну крымінальную справу спынілі, але распачалі новую. Навошта?

– Магчыма, каб захаваць твар, і вырашылі хоць нешта пакінуць пасля закрыцця справы, бо гвалту нарабілі шмат, а ў выніку – пшык. Але ж гэты патрон рызыкуе стаць мемам і сімвалам бязглуздасці сістэмы, пабудаванай не на вяршынстве права. Нават у артыкуле, згодна з якім новая справа ўзбуджана, гаворка ідзе пра агнястрэльную зброю, боепрыпасы, выбуховыя рэчывы і г.д. – то бок “баепрыпасы” ў множным ліку. Мяркую, калі гэты патрон сапраўды адзін, дык і справы няма. Бо ён – не агнястрэльная зброя і не выбуховая рэч.

– Патроны – гэта тое, што ў розныя часы выкарыстоўвалася падчас вобшукаў ці затрыманняў для шантажу грамадскіх актывістаў…

– Могуць і такія метады выкарыстоўваць, каб чалавек быў больш згаворлівым: маўляў, вось падкінем табе патрон і пойдзеш па крыміналцы. Падкінуць такую дробную рэч не складана. Грамадскасці, напрыклад, аўтаматы без нумароў паказвалі, але дзе яны?

Таму варта сачыць за тым, як будзе развівацца гэтая справа і дамагацца яе спынення. Спадзяюся, як і папярэдняя, яна не дойдзе да суда. А “справа патрыётаў” яшчэ раз паказала, што яна мела абсалютна палітычнае адценне.

– Тым часам, пакуль не закрыта і “справа прафсаюзаў”. Які, на ваш погляд, яе чакае лёс?

– Хацелася б пажадаць, каб і ў ёй як мага хутчэй была пастаўлена кропка, і справу таксама закрылі. Усе ж-такі наперадзе Каляды, і ў Новы год Беларусь магла б увайсці без цяжару нікому не патрэбных палітычных спраў.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Віталь Рымашэўскі
  • Уладзімер Кобец
  • Ігар Корсак
  • Аляксандар Класкоўскі
  • Кацярына Салаўёва