Як стараюцца “зламаць” Міхаіла Жамчужнага

Палітвязня Міхаіла Жамчужнага працягваюць “прэсаваць” у Горацкай калоніі, хаця на турэмны рэжым вырашылі не пераводзіць.

Сітуацыя нагадвае замкнёнае кола. Можна толькі здагадвацца, якія мэты пераследуе адміністрацыя калоніі, але галоўнае пытанне: чым усё гэта можа закончыцца для Міхаіла?

Як паведамляў spring.96.org, днямі Міхаіл Жамчужны выйшаў з ШІЗА, і гэта было ўжо 11-е спагнанне, якое асуджаны атрымаў з пачатку жніўня бягучага года ад адміністрацыі калоніі №9 г.Горкі.

Праваабаронцы адзначаюць, што праблемы ў Жамчужнага пачаліся пасля пераводу ў Горацкую калонію, дзе з патурання адміністрацыі для яго былі створаны невыносныя ўмовы для адбыцця пакарання, арганізавана кампанія яго цкавання, звязаная з усталяваннем у асяроддзі зняволеных нефармальных адносін.

“Думаю, у сітуацыі з Міхаілам Жачужным варта падымаць пытанне прымянення катаванняў і жорсткага бесчалавечнага абыходжання, – распавёў сайту palitviazni.info кіраўнік праваабарончай установы “Нью Платформ Інавэйшн” Андрэй Бандарэнка. – Таму што адміністрацыя калоніі не адступаецца – спрабуе перавесці Жамчужнага ў злашчасны 13-ы атрад, дзе знаходзяцца асуджаныя з так званым “нізкім статусам”. Той, хто пераходзіць у гэты атрад, аўтаматычсна атрымлівае такі ж самы статус. Натуральна, што Міхаіл адмаўляецца ад пераходу, за што яго прыцягваюць да дысцыплінарнай адказнасці за адмову падпарадкоўвацца патрабаванням адміністрацыі ды адпраўляюць у ШІЗА”.

Ужо два разы за спагнанні палітвязня спрабавалі перавесці на турэмны рэжым, але ў выніку да гэтага справа так і не дайшла.

“Так і засталося загадкай, чаму не адбыўся апошні суд па пераводу Жамчужнага на турэмны рэжым, – працягвае суразмоўца. – Паведамлялася, што ў гэтым “адпалі падставы”, але ж падрабязнасцей так і не дачакаліся. Магчыма, гэта было звязана з тым, што ў хуткім часе адбудзецца саміт “Усходняга партнёрства” у Бруселі, куды быў асабіста запрошаны і Аляксандр Лукашэнка. Усе разумелі, што падстаў для пераводу Жамчужнага ў турму няма, а ў адкрытым судовым пасяджэнні сталі б вядомы тыя факты, на падставе якіх яму выносіліся спагнанні”.

Андрэй Бандарэнка мяркуе, што пры жаданні адміністрацыя магла б даволі лёгка вырашыць канфліктную сітуацыю.

“Любы разумны чалавек задаўся б пытаннем: калі зняволены не хоча пераходзіць у атрад з “нізкім статусам”, то чаму яго не перавядуць у іншы? Няўжо так складана? Больш атрадаў няма? Але ж Міхаіла Жачужнага на працягу амаль трох месяцаў мэтанакіравана правакуюць у адным накірунку. Гэта відавочны ціск і здзек над чалавекам! Яго проста хочуць “зламаць”.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Рыгор Кійко
  • Аляксандар Васільеў
  • Максім Дашук