Генадзю Фядынічу не дазваляюць выехаць у Жэневу

 Лідар прафсаюза РЭП і фігурант “справы прафсаюзаў” Генадзь Фядыніч распавёў сайту palitviazni.info, што не мае магчымасці адправіцца ў Швейцарыю, дзе 26-28 лістапада адбудзецца пасяджэнне глабальнага аб’яднання прафсаюзаў IndustriALL.

“Наколькі мне вядома, следчыя не далі дазвол на выезд за мяжу”, – кажа суразмоўца.

Нагадаем, што бухгалтар прафсаюза РЭП Ігар Комлік утрымліваўся пад вартай з 2 жніўня ў межах крымінальнай справы, узбуджанай супраць яго і старшыні прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча па ч.2 арт.243 Крымінальнага кодэкса РБ (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).

Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне да 7 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Паводле афіцыйнай інфармацыі Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі, у ходзе праверкі ў межах узбуджанай крымінальнай справы ўстаноўлена, што «старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў».

Праваабаронцамі Ігар Комлік быў прызнаны палітычным зняволеным.

“Мне невядома, ці ёсць нейкія зрухі ў справе, яна ідзе сама па сабе, – кажа Генадзь Фядыніч.У такой сітуацыі больш непрыемна сябе пачуваеш у маральным плане, бо колькі заўгодна можна паказваць, што табе ўсё роўна, але ж у душы ўсё роўна непрыемна. Крымінальная справа не закрытая, і невядома, як падзеі будуць разгортвацца далей. Але ў той жа час мы стараемся рабіць сваю справу, як і рабілі яе раней. Думаю, грамадства ў хуткім часе пабачыць нашы новыя ініцыятывыі праекты”.

Са слоў Генадзя Фядыніча, незалежныя прафсаюзы накіравалі адкрыты ліст генеральнаму сакратару глабальнага аб’яднання прафсаюзаў IndustriALL Вальтару Санчэсу з прапановай накіраваць місію ў Беларусь, і ў той жа час сам прафсаюзны лідар быў запрошаны ў Жэневу.

“26-38 лістапада там будзе праходзіць пасяджэнне кіруючага органа IndustriALL, – кажа спадар Фядыніч. – Будуць разглядацца ў тым ліку і пытанні, якія звязаны з палажэннем незалежных прафсаюзаў у Беларусі. Глабальнае аб’яднання прафсаюзаў IndustriALL – вельмі сур’ёзная арганізацыя, якая аб’ядноўвае больш за 50 мільёнаў працоўных ва ўсім свеце. Прафсаюз РЭП – сябра гэтага міжнароднага аб’яднання, таму я і атрымаў запрашэнне. Але, як стала вядома, следчыя не далі дазвол на выезд за мяжу”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні