Ігар Кузняцоў: Калі мы не зробім сабе прывіўку ад сталінізма, у краіны не будзе аніякіх перспектыў

Больш за сто прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты — выбітных дзеячаў культуры, мастацтва і навукі, а таксама грамадскіх дзеячаў тагачаснай БССР, былі расстраляныя ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года.

“Сіндром 37-года нікуды не знік, – распавядае сайту palitviazni.info гісторык і даследчык сталінскіх часоў Ігар Кузняцоў. – У апошнія гады ён нават узмацняецца. Хаця ў Беларусі, напэўна, няма сям’і, якая б не пацярпела ў гады сталінскіх рэпрэсій…”

Сёлета – 80-я гадавіна “чорнай ночы”. Увогуле, пад сталінскія рэпрэсіі падпалі як мінімум шэсьцьсот тысяч беларусаў. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае аднаго мільёна чатырохсот тысяч. Рэабілітаваныя каля 200 тысяч чалавек.

– Сёння для сучаснай беларускай улады 80-годдзе вялікага тэрора, трагедыя 1937 года і беларускага народу наогул не з’яўляецца нейкай значнай гістарычнай падзеяй, – кажа Ігар Кузняцоў. –  Пры гэтым вядзецца хітрая інфармацыйная палітыка. 29 кастрычніка мы адзначаем неафіцыйны Дзень памяці палітычных рэпрэсій. Пры гэтым кажам толькі пра адну ноч, хаця такіх начэй было шмат. І растрэльвалі не па сто чалавек, а па 300-350. Але 7 лістапада іншая дата – 100-годдзе Кастрычніцкага пераворота. І сёння інфармацыйнае суправаджэнне з боку ўладных структур адсутнічае і там, і там.

Улады цудоўна разумеюць – калі распачаць кампанію па ўсхваленні таго самага Кастрычнікага перавароту (дарэчы, як правіла, гэтая дата адзначаецца толькі у Кыргызстане і Беларусі), то тады прыйдзецца адказваць на пытанне: “Ці было 80-годдзе тэрора?” Таму сёння абедзве падзеі практычна не асвятляюцца. Тактыка такая – поўнае замоўчванне. Пры гэтым нават у Расіі актыўна ідзе дыскусія наконт таго, 100 гадоў таму назад быў пераварот ці рэвалюцыя? І тэма сталінскіх рэпрэсій узгадваецца. Так што і з Расеяй мы ідзем у розных накірунках. Можна сказаць, што беларуская ўлада ігнаруе ўсе гістарычныя падзеі, якія не ўпісваюцца ў слаўную схему савецкіх перамог.

– У гэтым годзе ўпершыню адбыўся “Круглы стол” па Курапатах з удзелам дзяржаўных прадстаўнікоў, супрацоўнікаў КДБ…

– І была надзея, што ў гэтым годзе ўсё будзе інакш. Верылася, што мы асэнсуем падзеі Вялікага тэрора, вернемся да іншых гістарычных падзей. Але гэтага не адбылося. Таму сёняшняя дыскусія, якая ідзе ў недзяржаўных СМІ, сацыяльных сетках, яна ладзіцца з удзелам вузкага кола грамадскасці. І я магу сказаць, што тэма сталінскіх рэпрэсій актыўна хвалюе сёння толькі 5-10 працэнтаў насельніцтва Беларусі. Асататнія займаюць абыякавую пазіцыю. Альбо нейтральную, альбо яны задаюцца пытаннем: калі публічна буду асуджаць тыя падзеі, то ці не зраблю сабе горш? Можа мне кантракт пасля гэтага на працы не працягнуць?

Адным словам, сіндром 37-года нікуды не знік. Ён застаўся і ў апошнія гады нават узмацняецца. У людзей пачуццё страха, няўпэўненасці… Хаця ў Беларусі, напэўна, няма сям’і, якая б не пацярпела ў гады сталінскіх рэпрэсій. Таму павінен быць агульны боль – боль за тых, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны і боль за тых, хто пацярпеў ад сталінскай дыктатуры ў мірны час. Але ў нас тэмы дакладна падзелены. Пра вайну можна казаць, пра сталінскія рэпрэсіі – нельга. І гэтая традыцыя – рэальнасць сёняшняга дня.

– Чаму ў Расіі ды і ў Беларусі апошнім часам там прасоўваецца культ Сталіна?

– Таму што з’явілася неабходнасць культываваць “моцную руку”. Але ў Беларусі ў гэтым плане “прасцей”. У нас тэма рэпрэсій не дапускалася ні для навуковага даследвання, ні для публічнага абмеркавання ў дзяржаўных СМІ, таму тэма больш за 20 гадоў фактычна знаходзіцца пад прэсам. Яна афіцыйна як быццам і не забаронена, але няма дазволу і на распаўсюд. Таму ніякіх асаблівых рухаў наогул не было. Адкрылі “Лінію Сіталіна” – абурылася толькі нязначная частка грамадства. І сёння – гэта аб’ект, на які возяць людзей, падманваючы гістарычныя факты.

Але ў той жа Расіі тэма палітычных рэпрэсій была адкрытая – многія пісалі дэсертацыі, здымалі фільімы. Дзіўна, што па звестках сацыялагічных даследванняў, у апошні час у Расіі расце колькасць тых, хто лічыць Сталіна не злачынцам, а “эфектыўным менеджарам”. Тэндэнцыя проста насцярожвае!

— Чаму, на ваш погляд, так адбываецца?

– Таму што ні ў Расіі, ні ў Беларусі, ні ва Украіне не прайшлі судовыя працэсы аналагічныя Нюрнбергскаму. Сталінізм не асуджаны і не пастаўлены па-за законам. Таму любыя рэцыдывы будуць працягвацца. А ў Беларусі тым больш, таму што глеба падрыхтавана. Тэма не падымаецца ў школе, у ВНУ, таму вырастаюць пакаленні, якія пра сталінскія рэпрэсіі, магчыма, нават і не чулі. Яны не ведаюць, што на самай справе адбывалася ў 1937 годзе, не чыталі, як залівалі крывёй сваіх грамадзян краіну. Вось у чым драматызм падзей! Калі мы не зробім сабе прывіўку ад сталінізма, у краіны не будзе аніякіх перспектыў.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Уладзімер Сяргееў
  • Іван Шыла
  • Міхаіл Пашкевіч
  • Іван Гапонаў
  • Зьміцер Завадскі