Вячаслаў Касінераў: Апошнім часам Паліенку ў калоніі даводзіцца няпроста

Актывіст анархісцкага руху Вячаслаў Касінераў, якія лістуецца са Зміцерам Паліенкам, распавёў пра што піша палітвязень.

“Не так даўно Змітра пасадзілі на 7 сутак у ШІЗА, і пасля гэтага навін ад яго пакуль не было”, – распавядае суразмоўца сайту palitviazni.info.

“Вядома, што Зміцер адсядзеў у штрафным ізалятары 7 сутак, – кажа Вячаслаў Касінераў. – Перадачы яму дасылаем, чакаем лістоў і званка, але навін ад яго пакуль няма. Апошнім часам Паліенку прэсуюць, пра гэта ён сам паведамляе. Быццам бы не выйшаў на працу, павесіў рушнік на “шконку”… Гэтага хапіла, каб чалавека пачалі караць, хаця ў апошні час ўсё быццам бы было нармальна. Увогуле, ШІЗа – гэта ўжо цемрашальная практыка”.

Са слоў суразмоўцы, спагнанні за парушэнні аўтаматычна цягнуць за сабой і іншыя наступствы:

“Зміцер пазбаўляецца магчымасці сустрэцца з роднымі, адвакатам. Я наогул не ведаю, ці бачыўся ён з бацькам, бо, калі той збіраўся да сына наведацца, то адміністрацыя калоніі якраз і зрабіла яго злосным парушальнікам. Да таго ж, абяжоўваюць з грашыма, Зміцеру можна набываць у турэмным шапіку тавару толькі на дзве базавыя велічыні. Гэта значна менш, чым дазволена астатнім зняволеным”.

Вячаслаў Касінераў дадае, што Зміцеру Паліенку можна дасылаць лісты падтрымкі па адрасе: 213800 Магілёўская вобласць, г.Бабруйск, вул.Сікорскага, 1. ПК-2, атрад № 9.

***

Зміцер Паліенка – сацыяльны актывіст з Мінска. Нагодай для крымінальнага пераследу стаў ягоны ўдзел у мірным сходзе “Крытычная маса”, які адбываўся 29 красавіка 2016 г. у Мінску і быў гвалтоўна спынены міліцыяй.

12 кастрычніка 2016 года судом Цэнтральнага раёна г. Мінска прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў) і часткай 2 артыкула 343 КК (выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару). Паводле прысуда, З. Паліенка быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады.

7 красавіка 2017 года судом Заводскага раёна г. Мінска разгледжана прадстаўленне органа, які ажыццяўляе кантроль за паводзінамі асуджанага (хутчэй за ўсё, УУС Заводскага раёна), і адменена адтэрміноўка выканання пакарання. У сувязі з гэтым, без права на абскарджванне, актывіст падлягае накіраванню ў папраўчую калонію для адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1,5 гады (з улікам часу ўтрымання пад вартай да суду ў 2016 годзе).

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні