Валяцін Стэфановіч: З таго, што прапаноўвалі, нічога не было ўлічана

Праваабаронца Валяцін Стэфановіч распавёў сайту palitviazni.info пра новы парадак правядзення масавых мерапрыемстваў, які збіраюцца ўвесці ў Беларусі.

“Мяркую, радыкальна сітуацыя наўрад ці зменіцца, – кажа Валянцін Стэфановіч. – Можа быць, яна палепшыцца для тых груп насельніцтва, якія не з’яўляюцца палітызаванымі…”

Нагадаем, што пра паведамляльны парадак правядзення масавых мерапрыемстваў днямі распавёў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Валерый Саўко. Да разгляду ў першым чытанні рыхтуюцца папраўкі ў некаторыя законы па пытаннях правядзення масавых мерапрыемстваў.

– Пакуль мы можам толькі меркаваць, якім будзе канчатковы закон, – кажа Валянцін Стэфановіч. – Але ўжо зараз вядома, што ўводзіцца паведамляльны характар правядзення масавых мерапрыемстваў, але толькі для месцаў, якія будуць вызначаны мясцовымі ўладамі.

Зрэшты, у нас такая практыка склалася ўжо даўно, паколькі Закон аб масавых мерапрыемствах дэлегаваў права ўладам вызначаць сваімі рашэннямі месцы, якія забаронены для правядзення масавых мерапрыемстваў. Таму, калі ўзяць за прыклад і праглядзець з гэтай нагоды любыя ранейшыя рашэнні мясцовых уаладаў, то што мы там убачым? Фактычна ва ўсіх гарадах праводзіць масавыя мерапрыемствы акрамя тых, што праводзіліся па ініцыятыве дзяржаўных органаў улады, забаранялася. Для акцый адводзілі месцы, куды, скажам так, мала наведваюцца грамадзянамі – альбо паркі на ўскрайку мястэчак, альбо стадыёны. У такіх месцах апазіцыі і прапануецца праводзіць мерапрыемствы. Але ізноў-такі – не ўсе мерапрыемствы. Бо на стадыёне і ў парку вы можаце правесці толькі статычнае мерапрыемства – пікет, сход альбо мітынг. Шэсце ці дэманстрацыю там правесці немагчыма.

– Адным словам, папраўкі мала зменяць сітуацыю?

– Так, бо астатнія пункты застаюцца ў сіле. Для таго, каб правесці мерапрыемства, усё роўна трэба аплочваць выдаткі па ўборцы тэрыторыі, медыцынскаму абслугоўванню… Праўда, законпраект прадугледжвае, што аплата ўсіх гэтых выдаткаў зараз будзе ўстанаўлівацца не мясцовымі органамі ўлады, а Саветам міністрам. Відаць, будзе пастанова па парадку сплаты такіх выдаткаў.

Дарэчы, праваабаронцы гэтую норму заўсёды крытыкавалі, бо атрымліваецца, што мы плацім за рэалізацыю свайго канстытуцыйнага права. Канстытуцыя і міжнародныя нормы гарантуюць нам  свабоду мірных сходаў, а дзяржава за гэта бярэ грошы. Таму гэта недапушчальна. Ёсць пазітыўныя абавязальніцтвы дзяржавы, якія заключаюцца ў тым, каб забяспечыць свабоду мірных сходаў. Гэта ўключае ў сябе і ахову ўдзельнікаў дэманстрацыі, і ахову грамадскага парадку.

Таму, мяркую, радыкальна сітуацыя наўрад ці зменіцца. Можа быць, яна палепшыцца для тых групаў насельніцтва, якія не з’яўляюцца палітызаванымі. Ім, магчыма, стане прасцей арганізоўваць нейкія свае сходы ці пікеты дзе-небудзь на плошчы Бангалор. Але мы зыходзім з таго, што Закон аб масавых мерапрыемствах (нават у новай рэдакцыі) усё роўна абмяжоўвае права грамадзян на мірныя сходы і выказванне свайго меркавання. І не толькі абяжоўвае, але нават і ўскладняе рэалізацыю гэтых правоў.

– Праваабаронцы выкладалі свае прапановы па зменах у Закон аб масавых мерапрыемствах. Улады вашымі ініцыятывамі скарысталіся?

– З таго, што мы прапаноўвалі, нічога не было ўлічана. Калі б быў уведзены паведамляльны характар правядзення сходаў на ўсе месцы ў горадзе, тады б быў нейкі крок наперад. Але ж гэтага не адбылося, як не прайшлі і яшчэ шмат якія ініцыятывы. Усе фармулёўкі ў законе па сутнасці застаюцца ранейшымі, яны вельмі шырокія і размытыя… Таму прадметаў для крытыкі менш не стала.

– Некаторыя кажуць, што гэты “тавар зроблены для продажу на Захад”…

– Натуральна, беларускія ўлады будуць распавядаць еўрапейскім чыноўнікам, як яны дэмакратызавалі закон – увялі паведамляльны прынцып. Ніхто ж не будзе тлумачыць, што гэта датычыцца толькі тых месцаў, якія вызначаны мясцовымі органамі ўлады, і знаходзяцца далёка ад будынкаў дзяржаўнай улады. Калі ты захочаш пікетаваць, скажам, райвыканкам, то не зможаш нават знаходзіцца ля яго. А гэта ўжо проста нівелюе свабоду выказванняў і свабоду мірных сходаў.

– Журналістам таксама ўскладніцца праца падчас масавых мерапрыемстваў?

– Дакладна прапісана, што на такіх акцыях журналісты павінны быць абазначаны, як прадстаўнікі СМІ, там будуць прысутнічаць толькі акрэдытаваныя ў Беларусі ці зарэгістраваныя. Пашырана таксама адміністратыўная адказнасць, якая ўведзена яшчэ і для юрыдычных асобаў.

– Гэта, на ваш погляд, для чаго зроблена?

– Таму што ў нас  паводле закона, калі сходы і дэманстрацыі арганізуюцца з колькасцю больш за 1000 чалавек, то заяўляльнікамі могуць быць толькі юрыдычныя асобы – партыі альбо грамадскія арганізацыі. І для іх ўвялі дадатковую адказнасць. Адно парушэнне падчас  правядзенне масавых мерапрыемстваў можа цягнуць ліквідацыю партыі ў судовым парадку.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Іван Гапонаў
  • Яўген Сакрэт
  • Юрый Хадыка
  • Уладзімер Кудзінаў