Ці будзе суд над Міхаілам Жамчужным адкрытым?

 Палітвязня Міхаіла Жамчужнага зноў будуць судзіць, яго могуць перавесці з калоніі ў турму.

Судовы працэс, які адбудзецца на тэрыторыі Горацкай калоніі, прызначаны на 24 кастрычніка. Але да гэтага часу невядома, ці зробяць суд адкрытым.

 

Нагадаем, заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Не так даўно Жамчужнага перавялі ў Горацкую калонію, але і там ён можа не затрымацца. Як стала вядома праваабаронцам, з пачатку жніўня, калі Міхаіл быў пераведзены ў калонію №9 у Горкі, у яго ўжо 8 спагнанняў у выглядзе змяшчэння ў ШІЗА і ПТК. Адміністрацыя калоніі паставіла пытанне пра перавод яго на турэмны рэжым. Судовы працэс, які адбудзецца на тэрыторыі калоніі, прызначаны на 24 кастрычніка.

– Днямі я наведаўся ў калонію, дзе ўтрымліваецца Міхаіл, – распавёў сайту palitviazni.info кіраўнік «Платформ Інавэйшн» Андрэй Бандарэнка. – Галоўнае, да чаго імкнуцца ў гэтай установе, – дыскрэдытаваць асуджанага, пратрымаць яго працяглы перыяд у ШІЗА і ПКТ і затым адправіць на турэмны рэжым. Мне ўдалося пагутарыць з намеснікам начальніка па рэжымна-аператыўнай працы і задаць яму некалькі пытанняў па ўмовах утрымання і выкарыстанні крымінальных традыцый для ціску на зняволеных. Той не стаў адказваць на пытанні, але не стаў і абвяргаць існаванне такіх метадаў.

Акрамя таго, нам стала вядома, што ў Міхаіла Жамчужнага ёсць пэўныя праблемы з ліставаннем, што таксама ўласціва для гэтай калоніі.

– Судовы працэс над Міхаілам Жамчужным адбудзецца ў Горацкай калоніі 24 кастрычніка. Ці будзе ён адкрытым?

– Мы звярнуліся ў Дэпартамент выканання пакаранняў ў просьбай дазволіць нам прысутнічаць на пасяджэнні, але час пакажа, ці патрапім на суд. Сітуацыя такая, што, па сутнасці, працэс адкрыты, але ў рэальнасці патрапіць на яго досыць складана, паколькі адміністрацыя забараняе доступ у калонію.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Сяргей Башарымаў
  • Мікіта Сасім
  • Уладзімер Хамічэнка
  • Юрый Хадыка
  • Уладзімір Кондрусь