Сяргей Чыслаў: Улады спрабуюць паралізаваць тых, каго лічаць патэнцыйна небяспечнымі

“Справа патрыётаў” па-ранейшаму застаецца ў “падвешаным” стане. Усе яе фігуранты на волі, але застаюцца пад крымінальным пераследам.

“Справа можа “вісець” доўга – у якасці псіхалагічнага ціску”, – распавядае сайту palitviazni.info ставаральнік легендарнай арганізацыі “Белы Легіён” Сяргей Чыслаў.

Нагадаем: затрыманні пачаліся пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі 21 сакавіка гэтага года, што ў Беларусі “затрымалі дзясяткі баевікоў”, якія “трэніраваліся ў лагерах са зброяй”. Цягам некалькіх дзён стала вядома пра 35 затрыманых. Спачатку паведамлялася, што справа вядзецца аб “падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” (ч.3 арт.293 КК), пазней з’явілася абвінавачанне ў “стварэнні незаконнага ўзброенага фарміравання і ўдзеле ў ім” (арт.287 КК).

У чэрвені справа была перададзена ў Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь. Фігурантаў справы выпусцілі на волю, 30 чэрвеня з ізалятара выйшаў апошні зняволены – колішні кіраўнік «Белага легіёна» Міраслаў Лазоўскі.

– Наколькі вядома, з моманту, як хлопцаў выпусцілі, практычна аніякіх следчых дзеянняў не вялося, – кажа Сяргей Чыслаў. – Верасень прынёс навіны – змяніўся склад следчай групы. Не проста “ператусавалі карты”, а двух палкоўнікаў “апытымізавалі”. Паралельна ідзе “адстрэл” адвакатаў, якія здольныя сапсаваць уладам гульню. Таму ў будучым, мяркую, рашэнне будзе прымацца не следчай групай, а недзе зверху. Не выключаю, што па аналогіі з некаторымі ранейшымі справамі замест усіх “страшных” абвінавачванняў можа з’явіцца банальнае – дзеянне ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Яны спрабуюць яго заўсёды “прыляпіць”, калі няма чаго сказаць.

– Многіх цікавіць пытанне: колькі яшчэ можа працягвацца справа?

– Доўга – у якасці псіхалагічнага ціску на фігурантаў справы. Усе мы разумеем, што яна палітычная, а ўздым эканомікі пакуль не чакаецца. Улады рэальна баяцца сацыяльных пратэстаў, а таму спрабуюць паралізаваць тых, каго лічаць патэнцыйна небяспечнымі.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Цімох Дранчук
  • Міхаіл Чыгір
  • Анатоль Шумчанка
  • Міхаіл Жамчужны