Ці перавядуць Міхаіла Жамчужнага ў турму?

Палітвязень Міхаіл Жамчужны зараз знаходзіцца ў Горацкай папраўчай калоніі №9, куды яго перавялі з Ваўкавыску.

“На яго і надалей спрабуюць ціснуць “крымінальнымі статусамі”, – распавёў сайту palitviazni.info кіраўнік «Платформ Іннавэйшн» Андрэй Бандарэнка.

Нагадаем, пасля пераводу палітвязень ужо чатыры разы быў змешчаны ў штрафны ізалятар – на 5, 10 (пазней тэрмін быў скарочаны да 7 сутак), 10 і 7 сутак.  Такім чынам, агулам з пачатку жніўня ён правёў у ШІЗА 29 сутак. Пасля выхаду з ізалятара Міхаілу Жамчужнаму было вынесена чарговае спагнанне – адзін месяц змяшчэння ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ).

“Зыходзячы з тых лістоў, што прыйшлі апошнім часам, сітуацыя ў Міхаіла не змянілася, – кажа Андрэй Бандарэнка. – На яго і надалей спрабуюць ціснуць “крымінальнымі статусамі”. Ён ужо, відаць, выйшаў з ПКТ (памяшкання камернага тыпу), і ў самы бліжэйшы час мы з адвакатам збіраемся наведацца да Жамчужнага”.

Са слоў Андрэя Бандарэнкі, зусім верагодна, што Міхаіла Жамчужнага могуць перавесці на турэмны рэжым утрымання. Менавіта такія апасенні і выказваюць праваабаронцы.

“На турэмны рэжым пераводзяцца людзі, якія прызнаны злоснымі парушальнікамі, і якіх, на думку адміністрацыі, нельга перавыхаваць ва ўмовах выпраўленчай калоніі, – працягвае суразмоўца. – Таму адміністрацыя можа падрыхтаваць дакументы ў суд, і цалкам верагодна, што Міхаіла перавядуць у турму. Сітуацыя з Жамчужным гаворыць пра тое, што зараз усё да гэтага і ідзе”.

***

Нагадаем, заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні