Ігар Комлік: Я быў падрыхтаваны да арышта…

Вызвалены з СІЗА бухгалтар Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Ігар Комлік, якога праваабаронцы прызналі палітвязнем, распавёў сайту palitviazni.info пра тое, як яму даводзілася ў следчым ізалятары, а таксама пра перспектывы “справы прафсаюзаў”.

“Ёсць такі выраз: на волю – з чыстым сумленнем. Маё ж сумленне было чыстым і тады, калі заходзіў у камеру”, – кажа Ігар Комлік.

Нагадаем, Ігара Комліка вызвалілі на гэтым тыдні з СІЗА №1 Мінска ў сувязі са зменай меры стрымання на падпіску аб нявыездзе. У ізалятары прадстаўнік прафсаюза РЭП знаходзіўся два месяцы, і крымінальная справу пакуль не закрыта.

– Вас затрымалі 2 жніўня. Як усё адбывалася?

– Раніцай я збіраўся на працу, а вечарам планаваў адправіцца на лецішча. Звычайна на офіс пехатой іду, а ў той дзень вырашыў паехаць на машыне, каб затым адразу накіравацца за горад. Ля машыны мяне ўжо чакалі. Прадставіліся, паведамілі пра затрыманне ў сувязі з узбуджанай крымінальнай справай. Далей пачаўся вобшук і ў той кватэры, дзе прапісаны, і ў той, дзе жыву. Забралі камп’ютары, нейкія носьбіты інфармацыі, службовыя паперы… Астатняе проста апісалі. І ўжо затым адвезлі ў Дэпартамент фінансавых расследванняў (ДФР) на допыт. Быў дзяжурны адвакат, але даваць паказанні я катэгарычна адмовіўся. Справа ў тым, што ціск на наш прафсаюз ідзе не першы год, таму я ўжо ведаю, як лепш весці сябе ў такіх сітуацыях. У выніку і апынуўся ў следчым ізалятары.

— Сітуацыя для вас, напэўна, была шокавая?

— Не была, бо я добра ведаю, у якой краіне жыву. Раней бачыў на свае вочы, як праводзяцца выбары. Сутыкаўся з пракурорамі, для якіх ісціна, відаць, не самае галоўнае ў гэтым жыцці, і з міліцыянерамі, якія хлусяць пад прысягай на судах і лічаць гэта нормай.

Яшчэ ў 2004 годзе мяне звольнілі з прадпрыемства, дзе я быў старшынёй незалежнага прафсаюза, і ўжо тады адчуў на сабе ўсю гэтую рэпрэсіўную сістэму. А калі праходзіш праз такую “школу”, калі не маеш надзеі на аб’ектыўнае разбіральніцтва, то разумееш, што ўлада можа зрабіць з табой усё, што пажадае. І сілавікі адпаведна напішуць тое, што ім патрэбна. Ад цябе тут ужо мала што залежыць. Таму маральна нават да арышта быў падрыхтаваны, калі затрымлівалі, ніякага шоку ў мяне не было. Тым больш, што я заўсёды кіруюся прынцыпам — жыць можна паўсюль.

– Але два месяцы ў ізалятары — гэта не адпачынак на курорце…

– Безумоўна, я разумеў, дзе апынуўся. Дарэчы, ужо казаў, што кантынгент там такі, што вельмі шмат “эканамічных”. Кіраўнікі прадпрыемстваў, бізнесмены… Відаць, у бюджэце зусім дрэнна з грашыма, бо людзей саджаюць за краты не столькі за парушэнні закона (часам за вельмі нязначныя), колькі з-за жадання “патрэсці” іх. І з кожнага стараюцца забраць як можна больш, бо дзяржаве грошы трэба.

Там сітуацыі самыя неверагодныя. Напрыклад, чалавек трапляе пад крымінальны пераслед за тое, што ён быццам бы скраў грошы нават не ў дзяржавы, а ў самога сябе. Я дакладна не ведаю падрабязнасці, але сутнасць прыкладана такая.

— Кажуць, што часам, каб даведацца нейкую інфармацыю ад чалавека, у камеру саджаюць адмысловых людзей. Улічваючы, што на допытах вы маўчалі, з такімі “падсаднымі” ў СІЗА не сутыкаліся?

— У ізалятары быў адзін дзіўны чалавек. Мяркуючы па яго аповядам, ён меў невялікую адукацыю, але насамрэч дэманстраваў неверагодныя веды, што было крыху незвычайна для чалавека, які патрапіў за краты за “хуліганку”. І ўвесь час ён псіхалагічна ціснуў. Казаў, што трэба распавесці следчым пра рахункі арганізацыі, што тэрмін можа быць меншы… Я не магу сказаць, што гэта на сто працэнтаў быў падсадны кліент, але, як ужо казаў, паводзіны яго, шчыра кажучы, насцярожвалі.

— Праз два месяцы вы сталі для сукамернікаў сваім?

— Не было ніякіх праблем з калегамі па няшчасці. У камеры па ўзросту я быў самы старэйшы, але называлі чамусьці ўсе Ігарком.

— Чаго вам не хапала ў СІЗА больш за ўсё?

— Найперш не хапала зносін з блізкімі і роднымі. Часам за краты трапляюць тыя, хто і насамрэч здзейсніў нейкае злачынства, і гэтыя людзі, магчыма, пакутуюць падчас “гутарак” са сваім уласным сумленнем. А я сябе вінаватым абсалютна не лічыў і не лічу.

Раней, калі выходзілі на волю, казалі так: “На волю – з чыстым сумленнем”. Маё ж сумленне было чыстым і тады, калі заходзіў у камеру. Нэльсан Мандэла каля 20 гадоў сядзеў у турме, а затым стаў прэзідэнтам краіны. Таму яшчэ невядома, што адбудзецца і ў Беларусі праз некалькі гадоў.

— У вас была ўпэўненасць, што праз два месяцы выйдзеце на волю?

– Натуральна, не было. Каб мы жылі ў прававой дзяржаве, то яшчэ можна было б спадзявацца на аб’ектыўнае разбіральніцтва і праўду. А калі ведаеш унутраную сітуацыю, то не ўпэўнены ні ў чым. Ты – апанент улады. Апошняя і вырашае, што з табой рабіць – караць альбо памілаваць. Таму я наогул не ведаў, колькі часу буду знаходзіцца за кратамі.

– Ці можаце спрагназаваць, што далей будзе з вашай справай?

– Мяркую, рашэнне будзе прымацца на палітычным узроўні. Але прафсаюз улады такім чынам не “прыдушылі”. Як працавалі, так будзем працаваць і надалей.

***

Ігар Комлік утрымліваўся пад вартай з 2 жніўня ў межах крымінальнай справы, узбуджанай супраць яго і старшыні прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча па ч.2 арт.243 Крымінальнага кодэкса РБ (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры). Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне да 7 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Паводле афіцыйнай інфармацыі Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі, у ходзе праверкі ў межах узбуджанай крымінальнай справы ўстаноўлена, што «старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў».

Прваабаронцамі Ігар Комлік быў прызнаны палітычным зняволеным.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Міхаіл Чыгір
  • Кастусь Лукашоў
  • Сяргей Парсюкевіч
  • Юрый Рубцоў
  • Уладзімер Яроменак