“Міхаіл павінен ведаць, што ён не застаецца ў адзіноце…”

Палітвязень Міхаіл Жамчужны даслаў ліст грамадскай актывістцы Вользе Мікалайчык, у якім распавядае пра сваё знаходжанне ў Горацкай калоніі.

“Міхаіл на сваё жыццё практычна не скардзіцца, піша нават з пэўным гумарам, але паміж радкоў чытаецца, як няпроста яму зараз у калоніі”, – распавядае сайту palitviazni.info Вольга.

Нагадаем, у Горацкую папраўчую калоніі №9 Міхаіла Жамчужнага перавялі з Ваўкавыску. Псял пераводу палітвязень ужо чатыры разы быў змешчаны ў штрафны ізалятар – на 5, 10 (пазней тэрмін быў скарочаны да 7 сутак), 10 і 7 сутак.  Такім чынам, агулам з пачатку жніўня ён правёў у ШІЗА 29 сутак. Пасля выхаду з ізалятара Міхаілу Жамчужнаму было вынесена чарговае спагнанне – адзін месяц змяшчэння ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ).

Як паведамляе spring96.org, кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі звярнуўся ў Дэпартамент выканання пакаранняў з патрабаваннем прыняць неадкладныя меры па забеспячэнні Міхаілу Жамчужнаму тых ўмоваў адбыцця пакарання, пры якіх яго бяспека і захаванне асноўных правоў і свабодаў былі б гарантаваныя.

“У лісце Міхаіл найперш падтрымлівае мяне, бо ведае, у якую сітуацыю я патрапіла, калі за шматлікія штрафы за ўдзел у акцыях пратэсту арыштавалі нават хату, – распавядае Вольга. – Піша, што у свой час сам прайшоў праз гэтую рэпрэсіўную судовую машыну. А вось на сваё жыццё практычна і не скардзіцца. Ставіцца да таго, што з ім адбываецца, з пэўным гумарам. Паведамляе, што ён ужо вельмі стары для такіх прыгодаў. Ды, уласна кажучы, няма каму з блізкіх і паскардзіцца. У Жамчужнага няма жонкі, няма дзетак. Усё сваё жыццё ён прысвяціў навуцы і змаганню за праўду”.

Са слоў Вольгі Мікалайчык, многае ў лістах Міхаіла Жамчужнага чытаецца паміж радкоў:

“Застаецца толькі здагадвацца, што зараз у яго адбываецца на душы. Паміж радкоў чытаецца, як няпроста яму зараз у калоніі. А становішча і насамрэч даволі няпростае, я адчуваю, як яму цяжка там знаходзіцца. Міхаіл ніколі не просіць дапамгчы матэрыяльна, каб нешта набыць у турэмным шапіку, але ведаю, што калі ў некага будзе жаданне пераслаць на яго рахунак грошы, то яны не пашкодзяць. Таксама Жамчужны любіць шмат чытаць, а таму можна простым пісьмом адправіць яму кнігу. Чалавек павінен ведаць, што ён не застаецца сам насам са сваёй бядой”.

***

Нагадаем, заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

palitviazni.info

Фота: svaboda.org

Іншыя палітычныя вязьні

  • Зьміцер Бандарэнка
  • Тацяна Елавая
  • Ірына Халіп
  • Эдуард Лобаў
  • Дзяніс Дзянісаў