Міраслаў Лазоўскі: Справа можа “завіснуць” на нявызначаны час

21 верасня заканчваўся тэрмін расследвання па “справе патрыётаў”, але яго працягнулі.

“Цалкам верагодна, што справа можа “завіснуць” на нявызначаны час, хаця рабіць тут нейкія прагнозы проста немагчыма”, – распавядае сайту palitviazni.info адзін з фігурантаў справы, колішні кіраўнік «Белага легіёну» Міраслаў Лазоўскі.

Нагадаем: затрыманні пачаліся пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі 21 сакавіка гэтага года, што ў Беларусі “затрымалі дзясяткі баевікоў”, якія “трэніраваліся ў лагерах са зброяй”. Цягам некалькіх дзён стала вядома пра 35 затрыманых. Спачатку паведамлялася, што справа вядзецца аб “падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” (ч.3 арт.293 КК), пазней з’явілася абвінавачанне ў “стварэнні незаконнага ўзброенага фарміравання і ўдзеле ў ім” (арт.287 КК).

Паступова фігуранты справы выйшлі на волю пад падпіску аб нявыездзе, а у чэрвені справа была перададзена ў Следчы камітэт Беларусі

“Цалкам верагодна, што справа можа “завіснуць” на нявызначаны час, хаця рабіць тут нейкія прагнозы проста немагчыма, – кажа Міраслаў, каментуючы працяг тэрміна расследвання. – Безумоўна, у такім статусе заставацца ўвесь час не вельмі прыемна. Але, думаю, “хуткі варыянт” меў бы для фігурантаў справы негатыўныя наступствы”.

Не так даўно стала вядома, што замененая следчая група па “справе патрыётаў”. Два былыя начальнікі гэтай групы звольніліся з органаў. Быццам бы яны патрапілі пад “аптымізацыю” і адправіліся на пенсію.

“І маю адвакатку Ганну Бахціну днямі пазбавілі ліцэнзіі, і два начальнікі следчай групы, якая займалася справай “Белага легіёну”, адначасова звальняюцца. Цікавыя супадзенні, – дадае Міраслаў Лазоўскі. – Зрэшты, не хачу рабіць нейкія высновы. Адно магу сказаць – пакуль справу закрываць, не збіраюцца”.

palitviazni.info

 

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Эдуард Пальчыс
  • Васіль Старавойтаў
  • Cяргей Антончык
  • Анатоль Паўлаў
  • Мікалай Дзядок