Мікола Дзядок: Для мяне важная не толькі юрыдычная, але і маральная перамога

 Следчы камітэт Першамайскага раёна Мінска адмовіў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце збіцця 25 сакавіка Міколы Дзядка супрацоўнікамі АМАП, аднак пракуратура гэтую адмову адмяніла.

“У аб’ектыўнасць паўторнага разгляду справы не веру таму, што для дзяржавы прынцыпова прадэманстраваць безпакаранасць сваіх служкаў – каб усе працягвалі баяцца”, – распавёў сайту palitviazni.info былы палітвязень.

Нагадаем, экс-палітвязень Мікалай Дзядок быў затрыманы і збіты падчас Дня Волі, яго забралі па хуткай з пастарунку. Паводле медыцынскага заключэння, ён атрымаў закрытую чэрапна-мазгавую траўму і чатыры дні правеў у шпіталі. Са шпіталя яго павезлі ў суд Партызанскага раёна, дзе і прыгаварылі да 10 сутак арышту.

Як паведамляе “Новы Час”, Мікалай накіраваў у СК скаргу на дзеянні супрацоўнікаў сілавых структураў з патрабаваннем убудзіць супраць іх крымінальную справу, але Следчы камітэт адмовіў яму ў гэтым.

Аднак не так даўно Мікалай Дзядок атрымаў вельмі нечаканы дакумент”.

“Як вы ведаеце, Следчы камітэт мне адмовіў у узбуджэнні крымінальнай справы на АМАПаўцаў. А пракуратура, вось, гэтую адмову адмяніла, – напісаў ён на сваёй старонцы ў Фэйсбук. – Такім чынам, праверка працягваецца”.

– Мне здаецца, адмена адмовы – гэта хутчэй за ўсе нейкі шаблонны жэст, які ні да чаго не абавязвае, але дазваляе структуры “захаваць твар”, – распавядае Мікалай сайту palitviazni.info. – Значнасць гэтага жэсту невялікая – я нават не ўпэўнены, што пракуратура атрымала на гэта загад зверху. Наколькі памятаю, падобныя выпадкі ўжо былі, але яны не прывялі ні да чаго. Таму, безумоўна, гэта фармальнасць.

– Не верыце ў аб’ектыўнасць паўторнага разгляду справы?

– Не веру, таму што для дзяржавы прынцыпова прадэманстраваць безпакаранасць сваіх служкаў – каб усе працягвалі баяцца. А таксама яна не можа стварыць прэцыдэнт, бо калі задаволіць адну скаргу і прыцягнуць да адказнасці АМАПаўцаў, то такія скаргі пасыплюцца як з вядра. Але, нягледзячы ні на што, я буду абскарджваць гэтае рашэнне да канца. Звярнуся нават у Камітэт па правах чалавека ААН, калі спатрэбіцца. Бо для мяне важная не толькі юрыдычная, але і маральная перамога. Акрамя таго, рэжым не вечны. Прыйдзе час – усе адкажуць.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Юлія Чыгір
  • Мечыслаў Яськевіч
  • Ірына Халіп
  • Сяргей Казакоў
  • Іван Гапонаў