Анатоль Лябедзька: Новыя палітвязні ўладам не патрэбны…

Па “справе прафсаюзаў” працягваюцца следчыя дзеянні, эксперты робяць прагнозы, хаця, напэўна, пра рэальныя перспектывы чарговай гучнай справы не ведае ніхто.

“Справа прафсаюзаў” выконвае наступную місію – пасеяць вірус страха ў грамадстве і лакалізаваць тыя струтуры і тых людзей, якія здольныя арганізоўваць пратэсты. З аднаго боку ўладам патрэбна, каб гэты страх прысутнічаў і ў грамадстве адбывалася самацэнзура, а з іншага яны не хочуць абвастраць адносіны з Захадам”, – распавёў палітык Анатоль Лябедзька сайту palitviazni.info.

Нагадаем, што 2 жніўня 2017 году супрацоўнікі Дэпартамэнта фінансавых расследванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі правялі ператрус і канфіскацыю камп’ютараў і фінансавых дакументаў у офісе прафсаюза РЭП і цэнтральнага офіса БНП. Былі затрыманыя старшыня РЭП Генадзь Фядыніч і бухгалтар Ігар Комлік. Фядыніч быў дапытаны і адпушчаны, а Комлік змешчаны спачатку ў ізалятар часовага ўтрымання, а праз 3 дні — у СІЗА № 1.

10 жніўня Ігару Комліку было выстаўлена абвінавачванне паводле артыкулу 243, часткі 2 («Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры»). Меру стрымання Комліку пакінулі ранейшую — ён застаецца ў СІЗА.

11 жніўня абвінавачванне выстаўлена і Фядынічу. Ён застаецца на волі пад падпіскай аб нявыездзе. Фядынічу і Комліку пагражае пакаранне ад 3 да 7 гадоў пазбаўлення волі.

– Прагназаваць, як далей будзе “раскручвацца” гэтая справа, і насамрэч дастаткова складана, – распавядае сайту palitviazni.info Анатоль Лябедзька. – Хаця, як мне падаецца, яна можа дайсці да суда, але перспектыў калоніі для Фядыніча і Комліка, хутчэй за ўсё, не чакаецца. Уладам не патрэбны новыя палітвязні, бо гэта для іх, як авоська без ручак.

“Справа прафсаюзаў” выконвае наступную місію – пасеяць вірус страха ў грамадстве і лакалізаваць тыя струтуры і тых людзей, якія здольныя арганізоўваць пратэсты. З аднаго боку ўладам патрэбна, каб гэты страх прысутнічаў і ў грамадстве адбывалася самацэнзура, а з іншага яны не хочуць абвастраць адносіны з Захадам. Усё-такі афіцыйны Мінск сёння вельмі зацікаўлены, каб з Еўропай былі не проста нейкія кантакты і камунікацыі на дыпламатычным узроўні, а каб з’явіліся яшчэ і гранты, і крэдыты, каб было развіццё палітычных стасункаў.

– Ці здзівіла вас, што “справа прафсаюзаў” распачалася акурат пасля таго, як у Мінску прайшла Парламенцкая Асамблея АБСЕ?

– Натуральна, што распачаць крымінальную справу перад сесіяй ПА АБСЕ ўлады ніяк не маглі. Тым больш, што жнівень – гэта ідэальны месяц з пункту гледжання меншай рэфлексіі Захаду. Жнівень – месяц татальных адпачынкаў еўрачыноўнікаў, так што час распачаць гучную крымінальную справу выбралі добры. Рэзанасныя кругі разыходзяцца, але не вельмі шырока і не вельмі глыбока. А да восені ўсе прызвычаюцца да інфармацыі, могуць пайсці нейкія тлумачэнні…

Што датычыцца ПА АБСЕ ў Мінску, то еўрачыноўнікаў улады залагодзілі яшчэ і тым, што напярэдадні выпусцілі з турмаў усіх фігурантаў “справы патрыётаў”. Відавочна, што хлопцаў адпусцілі менавіта да прыезду ў беларускую сталіцу еўрапейскіх гасцей. Трэба было стварыць пазітыўнае ўражанне, і яго стварылі.

– Фігурантаў “справы патрыётаў” выпусцілі, але распачалі новую гучную “справу прафсаюзаў”. Гэта было так “жыццёва неабходна” для ўладаў?

– Зараз гэта для іх і насамрэч жыццёва неабходна, бо сілавікі “праспалі” пратэсты, якія адбыліся ў лютым і вясной. Зараз яны робяць спробу зачысціць пратэстную прастору задоўга да магчымых будучых акцый. А пратэсты ніхто не выключае. Сілавыя структуры таксама зрабілі ўрокі з таго, што адбывалася, і рыхтуюцца загадзя. Таму “справа прафсаюзаў” – гэта такая артпадрыхтоўка да восені. Гэта перасцярогі ўладаў перад пратэстамі, таму што эканамічныя і фінансавыя праблемы ў краіне як былі, так і засталіся, і сітуацыя толькі пагаршаецца.

Таму лакалізацыя тых, хто можа мабілізаваць пратэстны рэсурс, – гэта для ўлады вельмі важна. Запалохванне – іх стыль працы.

– Але вясновыя пратэсты паказалі, што галоўную ролю там гулялі далёка не палітыкі і незалежныя прафсаюзы, а самі пратэстоўцы…

–  Я думаю, што сілавікі інфармаваны лепш, чым беларускія журналісты. Насамрэч выпадковасці ў тым, што на свет з’явілася “справа прафсаюзаў” абсалютна няма.

Што патрэбна, каб адбыліся пратэсты? Па-першае, нехта павінен праводзіць інфармацыйную кампнію. Размяшчаць абвесткі, раздаваць улёткі, рабіць тлумачальныя гутаркі. З 17 “маршаў недармаедаў” да 13 мелі непасрэднае дачыненне правацэнтрысты. Мы ўплывалі на працэс альбо праз рэгіянальныя кааліцыі, альбо наўпрсот дапамагалі людзям з рэгіёнаў. Таму гэта міф, што пратэсты ўзніклі самі па сабе. Глеба была падрыхтавана, каб народ мог выйсці на вуліцу і выказаць абурэнне тым, пра што ў яго набалела. Натуральна, улады адсочвалі ўсю сітуацыю. Сілавікі кропкава выходзілі на арганізатараў акцый альбо на найбольш актыўных.

– Адным словам, зараз вырашылі прэвентыўна біць па патэнцыйных арганізатарх магчымых акцый?

– Безумоўна. У першую чаргу б’юць па тых, хто мае нейкія структуры, бо патрэбна ж нагода. І ў дачыненні да прафсаюзаў яе знайшлі. Я наогул мяркую, што інфармацыю пра нейкія фінансавыя справы прафсаюзаў улады мелі яшчэ раней. Да пэўнага часу гэтая інфармацыя была заксансервавана.

– Ці можна чакаць нейкіх прывентых захадаў у дачыненні і да іншых патэнцыйных арганізатараў акцый?

– Не выключана, бо нават калі няма магчымасці дачапіцца ў плане фінасавага справааводства, то заўсёды знойдуць мноства іншых варыянтаў. Нават праз блізкіх могуць аказваць ціск на палітыкаў. Метады і прыёмы тут могуць быць самымі разнастайнымі.

– Аднак, як вы кажаце, уладам не патрэбны новыя палітвязні, хаця таго ж Ігара Комліка праваабаронцы ўжо прызналі палітычным зняволеным…

– Яшчэ раз хачу сказаць – уладам палітвязні ў сёняшні момант не патрэбны. Яны гэтую справу будуць падаваць, як крымінал па нясплаце падаткаў. Маўляў, ніякай палітыкі тут няма. Мяркую, нават прызнаюць віну прафсаюзных актывістаў. Задача-мінімум для ўлады – каб тыя сплацілі падаткі і такім чынам прызналі, што яны вінаватыя. Але, думаю, турэмнага пакарання не будзе. Больш на гэта шанцаў.

– На ваш погляд, ці варта ў бліжэйшы час чакаць вызвалення Ігара Комліка?

– Тут яшчэ раз павінны сказаць сваё слова і праваабаронцы, і палітыкі, і міжнародная супольнасць. Што, Комлік з чамаданам грошай збіраўся кудысьці збягаць? Навошта трымаць яго ў турме? Але такая ў нас сістэма – кідаць чалавека ў вязніцу, і там з яго выбіваць неабходныя паказанні і прызнанні, каб ужо затым хоць нешта можна было паказаць заходнім палітыкам.  Таму цяжка прагназаваць вызваленне Комліка ў бліжэйшы час…

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Мікалай Аўтуховіч
  • Cяргей Антончык
  • Сяргей Марцалеў
  • Мікола Астрэйка
  • Ігар Аліневіч