Алесь Бяляцкі: Не – новым палiтычным зняволеным у Беларусi!

Многія палітыкі ўжо назвалі “справа прафсаюзаў” чарговай палітычнай справай. Былыя палітвязні кажуць, што яна “звязаная не з нявыплатай падаткаў, а з актыўным удзелам прафсаюза РЭП у акцыях пратэсту супраць дэкрэту №3, у фактычнай адмене якога прафсаюзы сыгралі вырашальную ролю”.

“Дараваць такога рэжым не мог”, – адзначае Уладзімір Някляеў.

Нагадаем, учора супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў (ДФР) Камітэта дзяржкантролю праводзілі вобшукі ў мінскім офісе прафсаюза РЭП і ў офісе Беларускага незалежнага прафсаюза ў Салігорску. Быў затрыманы прафсаюзны лідары Генадзь Фядыніч.

Пазней Камітэт дзяржкантролю апублікаваў прэс-рэліз, прысвечаны затрыманням і ператрусам.

«Органамі фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю па фактах ухілення ад выплаты падаткаў распачатая крымінальная справа ў дачыненні да кіраўнікоў аднаго з прафесійных саюзаў Рэспублікі Беларусь, якія не ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі, — паведамляе КДК. — У ходзе праверкі выяўлена, што старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў (гаворка ідзе пра сотні тысяч даляраў ЗША)».

Пры гэтым службовыя асобы прафсаюза парушылі патрабаванне Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь аб неабходнасці атрымання спецыяльнага дазволу на адкрыццё рахункаў за мяжой, падкрэсліваюць сілавікі.

Распачатая крымінальная справа супраць дваіх — Генадзя Фядыніча, старшыні прафсаюза, і Ігара Комліка, бухгалтара. Іх вінавацяць у нясплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. Фядынічу і Комліку пагражае да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.
Былыя палітвязні выказаліся з гэтай нагоды ў сацыяльных сетках, вось толькі некаторыя меркаванні пра “справу прафсаюзаў”:

Алесь Бяляцкі:

– Затрыманы кiраўнiк незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзь Федынiч. Затрымлiваў ДФР КДзК, дакладна, як мяне. I абвiнавачванне тое самае, нясплата падаткаў у асаблiва буйных памерах, артыкул 243 частка 2.
Няма сумневу, што справа гэтая палiтычная. Улады вырашылi расправiцца з няўгоднымi i насамрэч незалежнымi прафсаюзамi, помсцячы за вясну-2017 i баючыся гарачай восенi, бо асноўныя праблемы ў эканомiцы не вырашаныя, i яны прадугледлiва б’юць па самых для iх небяспечных.
Беларускае грамадства павiнна як найхутчэй i як найгалосней выказацца па справе затрымання Генадзя Фядынiча. Не – новым палiтычным зняволеным у Беларусi!

Уладзімір Някляеў:

– Яшчэ не скончыліся пераследы па прыдуманай справе “Белага легіёну” – і вось арышты па “справе прафсаюзаў”.

Ператрус у офісе незалежнага прафсаюза РЭП і затрыманне Генадзя Фядыніча, якога звінавачваюць у нявыплаце падаткаў, – справа наўпрост палітычная. Звязаная яна не з нявыплатай падаткаў, а з актыўным удзелам прафсаюза РЭП у акцыях пратэсту супраць дэкрэту №3, у фактычнай адмене якога прафсаюзы сыгралі вырашальную ролю. Дараваць гэта рэжым не мог. І вось – помста.

Апроч таго, незалежныя прафсаюзы ў апошні час сталі ўсё больш цесна супрацоўнічаюць з дэмакратычнымі апазіцыйнымі сіламі. Зусім нядаўна Беларускі нацыянальны кангрэс дамовіўся з РЭП аб падтрымцы акцыі пратэсту супраць беларуска-расійскіх вайсковых вучэнняў “Захад-2017”. Падтрымаць гэтую акцыю рыхтаваліся таксама іншыя незалежныя прафсаюзы. Пратэст меўся быць масавым, па ўсёй краіне, і арышт прафсаюзных лідараў – наўпроставы крок уладаў не толькі на зрыў шырокага пратэсту супраць уцягвання Беларусі ў ваенныя блокі, але і на аслабленне усіх пратэстных акцый, запланаваных на гэтую восень. Гэта чарговая спроба рэжыму задушыць памкненні народа да свабоды і дэмакратыі! І робіцца гэта пад прыкрыццём дыялогу з Еўразвязам, пад хлуслівыя размовы пра гатоўнасць да дэмакратычных змен, да палітычных рэформаў!

Павел Севярынец:

– Прайшлі ператрусы ў офісах незалежных прафсаюзаў. Відавочна, гэта падрыхтоўка рэжыму да гарачай восені. Патрэбная салідарнасць ад усіх нас!

Мікалай Статкевіч:

– Вымушаны адпусціць арыштаваных па груба зляпанай “справе баевікоў”, рэжым шукае іншых ахвяраў, каб запалохаць патэнцыйных удзельнікаў восеньскіх пратэстаў.
Таксама нянавісць рэжыма выклікала сацыяльная актыўнасць прафсаюза РЭП, асабліва яго эфектыўная кампанія па збору сродкаў на дапамогу рэпрэсаваным за ўдзел у пратэстах.

Рада БНК звяртае ўвагу заходніх партнёраў беларускага рэжыма на арышты прафсаюзных лідараў. Гэтыя арышты сведчыць, што спробы залагодзіць дыктатара, заплюшчыўшы вочы на грубыя парушэнні ім правоў чалавека, вядуць толькі да ўзмацнення рэпрэсій. Нагадваем, што рэжым пайшоў на брутальныя дзеянні супраць незалежных прафсаюзаў неўзабаве пасля сесіі Парламентскай асамблеі АБСЕ ў Мінску і пасля аслаблення ціску Міжнароднай арганізацыі працы на беларускія ўлады.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Валеры Леванеўскі
  • Андрэй Абозаў
  • Зьміцер Касьпяровіч
  • Міхась Крываў
  • Кастусь Лукашоў