Аляксандр Лапіцкі: Вырашылі адпомсціць – накіравалі ў “псіхушку”

Пенсіянер Аляксандр Лапіцкі, якога праваабаронцы ў свой час прызналі палітвязнем, знаходзіцца пад прымусовым амбулаторным лячэннем і распавядае сайту palitviazni.info пра сваю справу.

“Я да гэтага часу ўпэўнены, што той судовы вырак, які быў вынесены мне, цалкам несправядлівы, – кажа суразмоўца. – Самі ўрачы казалі, што я абсалютна адэкватны, таму відавочна, што гэта быў прысуд з палітычным кантэкстам. Вырашылі такім чынам адпомсціць мне – адправілі ў “псіхушку”.

– Я па-ранейшаму знаходжуся пад амбулаторным наглядам псіхіятра, – кажа Аляксандр Лапіцкі. – Два разы наведаўся да ўрача, і адзін раз ён завітаў да мяне на кватэру. Ніякага абследвання не было, няма ніякага лячэння… Адным словам, гэты нагляд – простая фармальнасць. Падчас стацыянарнага знаходжання ў лякарні ў Навінках, дарэчы, таксама не было ніякага медыцынскага лячэння. Ды і як можна лячыць здаровага чалавека?

— Не раней чым праз паўгода можа быць склікана ўрачэбная камісія, якая можа альбо працягнуць тэрмін амбулаторнага назірання за вамі, альбо хадайнічаць у суд аб адмене лячэння. А што вам кажуць урачы?

– Яны наогул нічога не кажуць. Як мне падаецца, проста вытрымліваюць пэўную паўзу, і праз пэўны тэрмін адменяць свой нагляд. Я да гэтага часу ўпэўнены, што той судовы вырак, які быў вынесены мне, цалкам несправядлівы. Самі ўрачы казалі, што я абсалютна адэкватны, таму відавочна, што гэта быў прысуд з палітычным кантэкстам. Вырашылі такім чынам адпомсціць мне – адправілі ў “псіхушку”.

– Чым вы займаецеся пасля таго, як выйшлі з лякарні ў Навінках?

– Ногі вельмі баляць, таму займаюся лячэннем. Акрамя  таго, час ад часу наведваюся на лецішча…

*** 

Аляксандр Лапіцкі – 81-гадовы пенсіянер з Мінску.

У 2011 годзе Лапіцкі пачаў адсочваць разбор з нагоды выбуху ў мінскім метро. У сваім блогу ён дэталёва распісваў, што, на ягоную думку, у трагедыі вінаваты высокія службовыя асобы. Міліцыя неаднаразова адмаўляла ў завядзенні крымінальнай справы на пенсіняера, аднак у гэтым годзе справа дайшла да суду.

12 красавіка 2016 года пастановай суда Фрунзенскага раёна г. Мінска ўстаноўлена, што Лапіцкі Аляксандр Нікіфаравіч здзейсніў грамадска-небяспечныя дзеяннi, прадугледжаныя артыкуламі 368 («Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»), 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), 391 («Абраза суддзі або народнага засядацеля») Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і гэтыя дзеянні ім былі здзейсненыя ў несвядомым стане. У дачыненні да Аляксандра Лапіцкага ўжытыя прымусовыя меры бяспекі і лячэння. У выніку абскарджанняў, у задавальненні скаргаў было адмоўлена і пастанова суда набыла законную сілу.

14 лістапада стала вядома, што Аляксандр Лапіцкі быў прымусова накіраваны ў псіхіятрычны шпіталь.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксей Янушэўскі