Уладзімір Някляеў: “Справа патрыётаў” стане лакмусавай паперкай

Пра вясновыя рэпрэсіі і чарговае “пацяпленне”, а таксама пра тое, чым можа закончыцца “справа патрыётаў” сайту palitviazni.info распавядае экс-кандыдат у прэзідэнты і былы палітвязень Уладзімір Някляеў.

“Справа патрыётаў” стане лакмусавай паперкай, па якой можна будзе вызначыць мэты і далейшыя дзеянні рэжыма, – адзначае палітык. – Але сама сітуацыя сведчыць пра тое, што ўлада не збіраецца змяняць сваю сутнасць”.

– Напачатку гэтага месяца ў Мінску прайшло пасяджэнне Парламенцкай Асамблеі АБСЕ, што прымусіла ўлады спыніць рэпрэсіі, якія масава праявіліся вясной гэтага году. На ваш погляд, ці надоўга гэтае чарговае “пацяпленне”?

– Увесь гэты працэс, які называецца “новай палітыкай” альбо “новымі беларуска-еўрапейскімі дачыненнямі”, пачаўся з боку беларускага рэжыму, і адбываецца ён толькі дзеля аднаго – каб захавацца ва ўладзе. Але нельга гэта зрабіць, калі ігнаруюцца палітычныя рэформы, калі не робіцца тое, што неабходна для развіцця краіны. А краіне патрэбны свабодныя і дэмакратычныя выбары – як прэзідэнцкія так і парламенцкія. Калі рэжым на гэта пойдзе, то значыцца ён пойдзе на тое, каб страціць уладу.

А гэта проста немагчыма ўявіць у рэчышчы таго, якімі сродкамі нашы вярхоўныя дзеячы карыстаюцца больш чым за дваццаць гадоў, каб утрымацца ва ўладзе.Значыцца застаецца адно – па-ранейшаму дзейнічаць з дапамогай рэпрэсій дзеля падаўлення народнага супраціву і незадаволенасці. Без рэпрэсій рэжыму не выжыць. Таму ціск на грамадства (найперш – на яе найбольш актыўную частку) будзе працягвацца.

– А як жа “новая палітыка”, пра якую вы казалі?

– Усё гэта ніякага рэальнага ўдзеяння на тое, каб адбыліся змены ў нашым грамадстве, аказаць не можа. Будзе бясконцая палітычная гульня, падчас якой хвалі рэпрэсій будуць змяняцца “пацяпленнем”, якое ізноў можа пераходзіць у рэпрэсіі. Працэс гэты, на маю думку, захавае сваю цыклічнасць, а стадыі “рэпрэсіі-лібералізацыя” будуць залежыць ад сітуацыі ўнутры краіны і за яе межамі. Толькі ў тым выпадку, калі ціск грамадства набудзе такую сілу і моц, што яго не стрымаць, магчымыя нейкія змены і рэальныя саступкі з боку ўлады.

А пакуль што рэжым толькі на словах абяцае нешта змяніць. Таму з аднаго боку мы маем частку дэмакратычных сіл, якія “злавілі трэнд” і ўваходзяць у рэчышча гэтай “новай палітыкі”.  І ёсць частка сіл (той жа Беларускі нацыянальны кангрэс), якія не вераць у гэтыя абяцанкі, не вераць у тое, што ўлада здольная рэфармавацца. Гэтыя сілы хочуць праз грамадскія пратэсты дамагчыся сваіх мэтаў.

– Напярэдадні ПА АБСЕ былі вызвалены ўсе фігуранты “справы патрыётаў”, хаця сама крымінальная справа не закрытая. Ваш прагноз: які яе чакае лёс? Ці будзе суд па гэтай гучнай справе, якая распачалася вясной?

– “Справа патрыётаў” стане лакмусавай паперкай, па якой можна будзе вызначыць мэты і далейшыя дзеянні рэжыма, нягледзячы на відавочнае вар’яцтва пры падрыхтоўцы справы. Улада дапусціла тое, што дапусціла – арыштавала невінаватых людзей, зганьбіла іх, утаптала у бруд, скампраментавала, а пасля, нават не папрасіўшы прабачэння, выпусціла з турмаў. Усё гэта сведчыць пра тое, што ўлада не збіраецца змяняць сваю сутнасць. Тым больш, што справа не закрытая, яна працягваецца. Яе перадалі з КДБ у Следчы камітэт, але справа ў любы момант можа набыць палітычны характар і аднавіцца.

Ізноў могуць узнікнуць страшылкі ў выглядзе “тэрарыстаў” і “баевікоў”, бо гэта таксама неабходная ўмова для існавання любога рэжыма, які падобны на беларускі. Улада заўсёды паказвае народу нейкіх знешніх і ўнутранных ворагаў. Калі прааналізаваць Беларускае тэлебачанне, то гэта яскрава праяўляецца. Прапаганда працуе ў стылі савецкіх часоў і пуцінскай Расіі, калі людзям таксама пастаянна навязвалі і навязваюць думку, што вакол нас ворагі, якія толькі і мараць, каб зрабіць нам дрэнна. Ва ўсім вінаваты ворагі, Захад, і калі б не яны, то мы ўжо даўно квітнелі.

Такім чынам, з аднаго боку беларускае знешнепалітычнае ведамства працуе на ўсталяванне супрацоўніцтва з Захадам, а з іншага – прапаганда працуе на тое, каб гэтых добрых адносін не было. Больш за тое. Гэтая прапаганда ў Беларусі ўжо не столькі пралукашэнкаўская, колькі прапуцінская. Гта апошнім часам вельмі заўважна. Як мне падаецца, тыя, хто сёння кіруе прапагандай, проста “здаюць” свайго гаспадара. Прагандысцкая машына становіцца на бок “рускага свету”, і гэта вельмі небяспечная тэндэнцыя.

– Калі толькі распачыналася “справа патрыётаў”, прапаганда дэманстравала кадры, дзе фігуравала нейкая зброя. У 2010 годзе, калі вас затрымлівалі, у справе таксама была зброя, якую паказвалі па БТ, але на судзе высвятлілася, што яна некуды таямніча знікла. Сем гадоў прайшло, а нічога не змяняецца?

– Сутнасць працы сілавікоў ў нязменнасці працэсаў, падыходаў і сродкаў, якімі яны карыстаюцца. Калі мяне затрымалі, на першы ж допыт мне прынеслі фотаздымкі нейкай зброі, якую мы быццам бы падрыхтавалі для дзяржаўнага перавароту. Я тады папрасіў следчых, каб паказалі рэальную зброю, а не фота. Натуральна, нічога не прынеслі, і зараз яна, хутчэй за ўсё, таксама знікне.

Але сюжэта са зброяй па тэлебачанні аказалася дастатковым, каб у людзей сфарміраваўся вобраз ворага. Асабліва добра паддаецца такому замбаванню тая частка грамадства, якая да гэтага часу верыць ва ўладу і падтрымлівае яе. Сказаў, напрыклад, беларускі кіраўнік, што ў краіне ёсць баевікі, значыцца яны ёсць. Сказаў пра зброю – вераць гэтаму. І ніхто іх ужо не пераканае. Тым больш, што сказанае трансфармавалася ў зробленае – хлопцаў кінулі за краты, на іх завялі крымінальную справу. Таму лекалы, па якіх усё гэта робіцца, узятыя з даўніны, але тым не менш, даюць эфект і сёння.

– А што адбылося з той зброяй, якая фігуравала ў вашай справе?

– Трэба ж было не толькі паказаць зброю па БТ, але і даказаць, што гэта апазіцыя яе падрыхтавала. Яе ж недзе патрэбна было набыць, але, калі зброі ў нас ніякай не было, то хто і што мог даказаць на судзе? Тым больш, праз нейкі час пасля майго арышту змянілася і палітычная сітуацыя – сталі выпускаць на волю ўдзельнікаў Плошчы-2010.  Мне спачатку прад’явілі абвінавачванне па артыкуле аб узброеным перавароце, што прадугледжвала вялікі тэрмін зняволення ці нават растрэл. І толькі пад знешнім ціскам (а тады ў беларускага кіраўніцтва сапсаваліся стасункі з Расіяй) мне змянілі абвінавачванне. Маўляў, улада не крыважэрная, таму карыстайцеся дабрынёй.

Тое самае адбываецца і зараз. Усіх “баевікоў і тэрарыстаў” праз некалькі месяцаў выпусцілі на волю, але не ад дабрыні ўлады, а праз неабходнасць займець нейкія матэрыяльны сродкі для існавання. Таму ўсё паўтараецца. У параўнанні з 2010 годам амаль нічога не змянілася – ні ў малым, ні ў вялікім.

— А якая роля Захаду ў гэтай палітычнай гульні?

– З боку Захаду ідзе спроба не столькі трансфармацыі беларускага рэжыму, колькі яго кансервацыі, бо і ў Еўропе, і ў ЗША з’явіліся ўласныя праблемы. Еўропа вырашыла пакінуць усё як ёсць да лепшых часоў, а там, маўляў, разбярэмся. І калі заходнім палітыкам усё роўна, што адбываецца ў Беларусі, то мы не павінны заставацца абыякавымі, калі ў краіне знішчаецца беларускае. З’яўленные “справы патрыётаў” – таму пацвярджэнне.

palitviazni.info

- у навінах

 

Зьвязаныя навіны:

19.12.2019 Уладзімір Някляеў: У 2010 годзе на плошчу выйшлі людзі, якія разумеюць жыццё не толькі як спосаб есці і піць…

28.10.2019 Уладзімір Някляеў: Сядзець не магу – працую над раманам стоячы…

24.07.2019 Уладзімір Някляеў: У Мінску ў мяне ёсць справы і асабістыя, і палітычныя

14.06.2019 Уладзімір Някляеў: Знаходжанне ў следчым ізалятары КДБ у 2010 годзе нагадвае пра сябе і ў Швецыі

15.05.2019 Уладзімір Някляеў дасць у Швецыі прэс-канферэнцыю

31.01.2019 Уладзімір Някляеў: Са “справы БЕЛТА” атрымаўся чарговы пшык

08.08.2018 Уладзімір Някляеў: Гэта толькі нагода для таго, каб правесці ператрусы…

02.08.2018 Уладзімір Някляеў: Хто стварыў суды, у якіх суддзя – проста балванчык?

27.06.2018 Уладзімір Някляеў: Гэта наўпроставае знішчэнне незалежнага прафсаюза…

26.03.2018 Уладзімір Някляеў: Кіраўніцтва адной амбасады паклапацілася пра тое, каб мне перадалі лекі ў камеру

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алесь Стральцоў
  • Зьміцер Дашкевіч