“У турму ўжо можна ехаць на заробкі?..”

Начальнік Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Сяргей Дарошка заявіў, што некаторыя асуджаныя ў калоніях зарабляюць па 300-800 долараў у месяц.

Былыя палітвязні распавялі сайту palitviazni.info пра тое, колькі яны рэальна зараблялі за кратамі.

У інтэрв’ю “Народнай Волі” начальнік Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Сяргей Дарошка распавёў пра заробкі ў турмах і калоніях.

“Асабіста я бачыў самую высокі заробак, які атрымліваў чалавек (па-мойму гэта было ў 26-й калоніі пасялення), на старыя грошы выходзіла 16,5 мільёны рублёў, – сказаў ён. – Здаецца, па прафесіі гэта быў зваршчык. І гэта не выключэнне. Ёсць людзі, якія нават у закрытых установах атрымліваюць каля 6–7 мільёнаў старымі грашыма (зараз гэта 600-700 рублёў”.

Андрэй Бандарэнка:

— Заходзячы з уласнага досведу магу сказаць, што асноўная маса асуджаных атрымлівае 50 капеек (5 тысяч рублёў на старыя грошы) у месяц. Пры гэтым вядзецца “хітрая” бухгалтэрыя, пры якой, калі чалавек і зарабляе мільёны, то адразу знаходзіцца мноства вылічэнняў — за харчаванне, “камуналку”, адзенне (па якасці вельмі дрэннай) і гэдак далей. А калі ты зарабляеш капейкі, то гэта з цябе не ўтрымліваецца.

Мне падаецца, што праблема ў аплаце працы зняволеных знаходзіцца ў загадзе міністра ўнутраных спраў, на падставе якога з асуджанымі не заключаюцца катракты, і ў такім выпадку людзям не выплочваецца мінімальны заробак. Адным словам, гэта ўзаконеная форма рабства. Працаваць зняволеныя абавязаны, але добра плаціць за гэта ніхто не абавязуецца.

Наступная  праблема – стратнасць і высокі тэхналагічны знос прадпрыемстваў, на якіх працуюць зняволеныя. Нярэдка сабекошт прадукцыі вышэйшы, чым яго рынкавы кошт. Мой заробак у турме на вытворчасці канвертаў ручным спосабам (і гэта ў XXI стагоддзі!) складаў апошнім часам 1 рубель (!) у месяц.

Што датычыцца заробкаў у калоніях пасялення, то там яны выплочваюцца працадаўцамі, якія не маюць ніякага дачынення да Дэпартамента выканання пакаранняў.  А 600-700 рублёў не атрымліваюць нават некаторыя ўласныя работнікі пенетынцыярнай сістэмы. Вось няхай спадар Дарошка дазволіць “Платформе” допуск у калонію, і мы гарантуем, што дадзім аб’ектыўная інфармацыю пра заробкі асуджаных.

Юрый Рубцоў:

– Калі я знаходзіўся на “хіміі” ў Купліна, то не працаваў, таму што запатрабаваў заробак у памеры не менш за 500 долараў у эквіваленце. Аднак жыў у пакоі з людзьмі, якія працавалі. І падчас гутарак з імі зрабіў для сябе выснову, што асуджаныя выкарыстоўваліся з мэтай зніжэння заробкаў у Пружанскім раёне. Ім плацілі нашмат менш, чым “грамадзянскім”. Розніца складала каля 30 працэнтаў. А працадаўцы карысталіся тым, што зняволеныя ў любым выпадку павінны былі працаваць, таму і не вельмі стараліся дбаць пра высокія заробкі.

Пры гэтым не выконваліся нормы часу на працу. У нашым пакоі адзін асуджаны прыходзіў каля 22.00 толькі пераначаваць, а ўжо ў 7 гадзін раніцы ізноў пачынаў працу. І ніхто не звяртаў на гэта ўвагу з боку адміністрацыі ўстановы. Другі чалавек  працаваў менш, але пры гэтым заробкі ў абодвух былі аднолькавыя. Не выключана, што розніцу ў заробках маглі пакласці сабе ў кішэню работнікі адміністрацыі, хаця доказаў таму, безумоўна, няма.

Увогуле, я не веру пра заробкі ў 16,5 мільёнаў рублёў. Можа быць, ёсць нейкі адзінкавы выпадак на пасяленні, які і выкарыстоўваецца як прыклад для прапаганды. Але ж агульная сітуацыя ўсім вядомая, так што не патрэбна фарбаваць слана ў ружовы колер.  Што, народу можна ўжо ехаць на заробкі ў турмы замест Польшчы і Расіі?..

Мікола Дзядок:

Канешне, тэарэтычна зэк можа атрымліваць 600-700 рублёў. Але ў нас ёсць толькі адна калонія, дзе ў кагосці маюцца такія заробкі – гэта ПК-14 у Навасадах, бо там робяцца заказы для буйных заводаў, стаіць сучаснае абсталяванне і г.д. У астатніх калоніях (больш чым дзясятак) заробкі звычайна не перавышаюць 1-3 рублёў у месяц, а сотні людзей атрымлівалі пры мне 2000-5000 рублёў старымі грашыма (20-50 капеек). Калі нехта атрымаў ад 30 000 рублёў і больш, то гэта ўжо за шчасце лічыцца.

Так што заробкі па 600-700 рублёў – гэта якраз-такі выключэнне. Часта такія пасады і працоўныя месцы атрымліваюць прыбліжаныя да адміністрацыі і стукачы. Я быў на трох зонах, і паўсюль аднолькавая сітуацыя. Трэба таксама памятаць, што па законе ў асуджанага маюць права вылічыць да 75% заробку на ягонае ўтрыманне. Нібыта за ежу, электрычнасць, ваду і г.д. Хаця ніхто, канешне, не дае справаздачу па расходванні гэтых рэсурсаў, і таму тут велізарная глеба для падману і маніпуляцый. Так што пра высокія заробкі зняволеных могуць паверыць хіба тыя, хто ніколі не быў у няволі, і чые родные ніколі не былі. Але стараннямі дзяржавы такіх у нас у Беларусі застаецца ўсе менш.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алесь Круткін
  • Валер Сядоў
  • Вадзім Лабковіч
  • Сьвятаслаў Барановіч
  • Зьміцер Бандарэнка