Зміцер Крамянецкі: Думаў, што за кратамі правяду тры гады…

Следчы камітэт адмяніў уласную пастанову, якая прызнавала за маладафронтаўцам Зміцерам Крамянецкім права на пакрыццё шкоды за незаконныя дзеянні органа, які вядзе крымінальны працэс.

Моладзевы актывіст, які правёў па “справе патрыётаў” дзевяць сутак за кратамі СІЗА, распавёў сайту palitviazni.info пра ўмовы ўтрымання ў ізалятары, а таксама пра тое, чаму ён вырашыў дамагацца кампенсацыі за сваё зняволенне.

Нагадаем, што Крамянецкага, як і некаторых іншых “маладафронтаўцаў”, затрымалі 23 сакавіка. Іх усіх у рамках вядомай “справы патрыётаў” абвінавацілі ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. 2 чэрвеня справу супраць Крамянецкага спынілі за адсутнасцю складу злачынства. Пасля гэтага малады чалавек звярнуўся ў Следчы камітэт з заявай на кампенсацыю шкоды, бо лічыць утрыманне пад вартай незаконным. Памер маральнай шкоды Крамянецкі ацаніў у дзесяць тысяч рублёў.

Спачатку Следчы камітэт прызнаў права актывіста на кампенсацыю шкоды, але новы ліст  сведчыць, што следчыя паспяшаліся з першапачатковымі высновамі.

– Мяне затрымалі 23 сакавіка, дзевяць сутак я правёў у СІЗА на Валадарскага, – успамінае Зміцер Крамянецкі. – Хаця не сказаў бы, што затрыманне было асабіста для мяне вялікай нечаканасцю. Я ж чытаў навіны, ведаў, што па “справе патрыётаў” затрымліваюць шмат людзей. І атрымалася так, як атрымалася – “маладафронтаўцаў” таксама вырашылі загрэсці.

– У вас дома таксама быў вобшук?

– Так, прыйшлі на кватэру, дзе я зараз жыву, правялі вобшук. Забралі ўсю камп’ютарную тэхніку – ноутбук, камп’ютар, нават смартфон. Таксама не пагрэбавалі і літаратурай. Патрапіў у СІЗА, дзе знаходзіўся ў статусе падазронага. А вось абвінавачванне мне не выносілі.

– Фігурант “справы патрыётаў” Сяргей Кунцэвіч распавядаў, што ў адносінах да яго прымяняліся катаванні…

– У адносінах да мяне ніякіх катаванняў не было. Ды і тыя мае сябры, якія таксама пабывалі за кратамі, адмаўляюць такія факты.

– Увогуле, пасля затрымання якія былі прадчуванні наконт далейшага лёсу?

– Шчыра кажучы, думаў, што за кратамі затрымаюся надоўга. Ад адваката даведаўся, што артыкул прадугледжвае да 3 гадоў пазбаўлення волі, таму, па вялікаму разунку, на такі тэрмін і разлічваў. І ў той жа час разумеў, што справа шытая белымі ніткамі, бо я нічога супрацьзаконнага не рабіў. Як можна вінаваціць у падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, калі саміх беспарадкаў не было? Таму разумеў, што дакладна не вінаваты, але, ведаючы судовую сістэму нашай дзяржавы, рыхтаваўся да горшага.

– Як даводзілася ў следчым ізалятары?

– Гэта быў мой першы досвед, калі я праходзіў па крымінальнай справе і знаходзіўся ў СІЗА, бо раней сутыкаўся толькі з адбыццём пакарання на “сутках” на Акрэсціна. Дык вось, калі параўноўваць следчы ізалятар і Цэнтр ізаялцыі правапарушальнікаў, то на “сутках” умовы ўтрымання нават горшыя.

Дарэчы, у СІЗА я сядзеў (як і астатнія “маладафронтаўцы”) у адзіночнай камеры. Напэўна, гэта быў такі псіхалагічны ціск. Альбо хацелі ізаляваць ад астатняга свету, каб ты не атрымліваў наогул ніякай інфармацыі. Аднойчы мне прынеслі газету “Вечерний Минск», але я толькі прабег вачыма і зразумеў, што вартага там няма чаго і пачытаць.

– Як праводзілі час у СІЗА?

– У асноўным чытаў кнігі. Кожны дзень прыходзіў чалавек, які даваў на выбар 10-15 кніг, хаця ў ізалятары беларускамоўнай літаратуры не хапала. З улікам таго, колькі “патрыётаў” кінулі за краты, попыт на такога кшталту літаратуру быў вельмі вялікі. Усім і не хапала.

– Ці былі нейкія сігналы, што ў хуткім часе пасля затрымання могуць выпусціць на волю?

– Нічога такога не было. Мяне адвезлі на два допыты, затым у СІЗА прыходзілі на размову супрацоўнікі КДБ… Але ніхто не даваў зразумець, што хутка магу апынуцца на волі. І вызваленне было даволі нечаканым. Напярэдадні схадзіў у душ, памыў там адзенне, а на наступны дзень ужо адправілі дадому. Пазней даслалі паперу, што справу ў адносінах да мяне спынена.

– Вы звярнуліся ў Следчы камітэт з заявай на кампенсацыю шкоды, бо палічылі ўтрыманне пад вартай незаконным?

– Юрыдычнай адукацыі ў мяне няма, але праваабаронцы падказалі, што гэта варта зрабіць, бо затрыманне і праўда было незаконным. Чалавека забралі проста так з кватэры, кінулі на дзевяць сутак за краты…

У такім выпадку кожнага можна прыйсці і забраць, а пасля выпусціць і нават не прынесці прабачэння. Я лічу, што гэтая сітуацыя няправільная. Калі нехта памыліўся, значыцца ёсць вінаваты. Таму запатрабаваў кампменсацыю ў памеры 10 тысяч рублёў, хаця, шчыра кажучы, не асабліва і спадзяваўся на станоўчы для сябе вынік. З сістэмай судзіцца вельмі і вельмі складана. Адзін час я судзіўся з МУС, і па ўсіх паперах і фактах павінен быў выйграць справу, але нічога не атрымалася. Паглядзім, што будзе гэтым разам. Калі па справядлівасці, то мне павінны хоць нешта заплаціць за незаконнае ўтрыманне за кратамі.

– Але ж Следчы камітэт адмяніў уласную пастанову, якая прызнавала за вамі права на пакрыццё шкоды за незаконныя дзеянні органа, які вядзе крымінальны працэс…

– Следчыя па сутнасці прызналі, што няма падставы для крымінальнай справы, але ў той час ківаюць на КДБ. Маўляў, гэта яны праводзілі затрыманне і следчыя дзеянні, таму ўсё прэтэнзіі трэба накіроўваць туды. Зараз нават і не ведаю, ці адбудзецца судовы працэс.

– Увогуле, што думаце пра “справу патрыётаў”? Чаму яна ўзнікла?

– Напэўна, не буду арыгінальным, калі скажу, што справа неабходна была ўладзе, каб збіць хвалю пратэстаў у краіне. Народ вырашылі запалохаць, а нас выбралі ў якасці ахвяр.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Сяргей Казакоў
  • Аляксандар Класкоўскі
  • Сяргей Вазьняк
  • Уладзімер Лобан
  • Міхаіл Жамчужны