Чаму палітвязня Міхаіла Жамчужнага перавялі ў Горкі?

Стала вядома, што з 10 ліпеня палітычны зняволены Міхаіл Жамчужны пераведзены з Ваўкавыскай калоніі ў калонію №9, якая знаходзіцца ў Горках.

Яшчэ зусім нядаўна Жамчужны быў пераведзены з з калоніі ў Навасадах у Ваўкавыскую калонію, а зараз яго “перакінулі” ў новую папраўчую ўстанову. Сайт palitviazni.info паспрабаваў разабрацца, што стаіць за такім пераводам.

Нагадаем, што ў красавіку заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны быў пераведзены з калоніі ў Навасадах у папраўчую калонію №11 у Ваўкавыску. Калі 13 ліпеня адвакат прыехаў да яго на планавае спатканне, то нечакана высветлілася, што Жамчужнага ў калоніі няма.

Прадстаўнік адміністрацыі паведаміў, што з 10 ліпеня Міхаіл Жамчужны пераведзены ў калонію №9, якая знаходзіцца ў Горках. Прычыны пераводу не тлумачыліся, але стала вядома, што гэта распараджэнне Дэпартамента выканання пакаранняў МУС.

Дарэчы, сайт palitviazni.info не так даўно пісаў, што ў калоніі ў Ваўкавыску ёсць пагроза фізічнай расправы над Міхаілам Жамчужным, пра што ён паведаміў у лісце былому кіраўніку «Платформ Іннавэйшн» Андрэю Бандарэнку. Маўляў, пагражаў той самы злачынца, які аказаўся за кратамі, у тым ліку дзякуючы і праваабарочнай установе “Платформа”.

– Сам перавод быў прагназуемы пасля таго, як стала вядома пра пагрозы фізічнай расправы, – кажа Андрэй Бандарэнка. – Мы звярнуліся ў пракуратуру Гродзенскай вобласці і Дэпартамент выканання пакаранняў МУС са скаргамі на няправільныя дзеянні супрацоўнікаў адміністрацыі калоніі ў Ваўкавыску. Указалі, што такая сітуацыя склалася менавіта пры маўклікавай згодзе гэтых самых супрацоўнікаў.

– Калі верыць Міхаілу Жамчужнаму, чалавек, які яму пагражаў, нават прыходзіў да яго ў каранцін…

– Так, а гэта забаронена правіламі ўнутранага распарадку. Акрамя таго, застаецца незразумелым, як наогул ён мог апынуцца ў адной калоніі з чалавекам, які быў асуджаны пры непасрэдным удзеле “Платформы” ў 2012 годзе. На мой погляд, гэта быў спланаваны акт ціску з мэтай ускладніць жыццё Міхаілу ў калоніі пры дапамозе зняволеных, якіх адміністрацыя нярэдка выкарыстоўвае для дасягнення сваіх мэтаў.

– Як можа адбіцца гэты перавод на ўмовах утрымання Міхаіла Жамчужнага?

– Адміністрацыя калоніі ў Горках раней была заўважана ў парушэнні правоў зняволеных. У той жа час спадзяемся, што ў сітуацыі з Жамчужным яны тройчы падумаюць, перш чым вырашаць аказаць на чалавека ціск. Мы плануем у бліжэйшы час накіраваць туды маніторынгавую групу, каб прадэманстраваць, што сітуацыя з Міхаілам у нас будзе на асаблівым кантролі.

***

Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Барыс Гарэцкі
  • Мікіта Сасім
  • Віталь Мацукевіч