Мікола Дзядок: “Многія задавалі пытанне: “Як на “зоне” ставяцца да “палітычных”?”

Былы палітвязень Мікола Дзядок распавёў сайту palitviazni.info пра прэзентацыі сваёй кнігі “Фарбы паралельнага свету”.

“У Піцеры кніжак купілі больш, чым у Мінску. І гэта пры тым, што 8 з 13 апавяданняў там на беларускай мове”, – распавядае суразмоўца.

Нагадаем, што ў Мінску прэзентацыя кнігі “Фарбы паралельнага свету”, якая прысвечана турэмнаму досведу, абылася яшчэ ў лютым, але пасля гэтага яна пабачыла і іншыя гарады.

– На дадзены момант прэзентацыі адбыліся ў шасці гарадах – Мінску, Маскве, Санкт-Пецербургу, Тверы, у Вільні і Кіеве, – распавядае Мікола Дзядок. – Паўсюль, акрамя расійскай сталіцы, прэзентацыі былі адкрытымі і анансаваліся ў Інтэрнэце. Трэба адзначыць, што аўдыторыя моцна адрознівался па гарадах. Напрыклад, у Мінску гэта былі перш за ўсе мае сябры і паплечнікі, а таксама праваабаронцы і журналісты. У Санкт-Пецярбургу – пераважна грамадскія актывісты, у Вільні – у асноўным студэнты ЕГУ. Самая стракатая аўдыторыя была ў Кіеве, нават нельга выдзяліць, хто там пераважаў. Бачна, што турэмная тэматыка цікавая самым розным людзям.

– Што цікавіла людзей падчас прэзентацый?

– Пытанні, шчыра кажучы, ў большасці былі адны і тыя ж: “Як на зоне ставяцца да палітычных?” “Што было самым цяжкім падчас адсідкі?..” Нярэдка ўдакладнялі пра крымінальны жаргон і спецыфічныя юрыдычныя тэрміны, бо шырокай публіцы гэта невядома. Але былі і даволі нестанадртныя і цікавыя пытанні. Напрыклад, у Кіеве ў мяне запыталіся, як я стаўлюся да пранікнення ў моладзевы Інтэрнэт-слэнг і мемы зэкаўскай культуры і тэрміналогіі. Бо ў моладзі насамрэч стала папулярна казаць “АУЕ”, “Вечер в хату” і таму падобнае – прыкол такі хіба. Я адказаў што гэта – тэма для асобнага і грунтоўнага даследвання, але ўвогуле стаўлюся хутчэй адмоўна, бо разам з крымінальным слэнгам на волю перацякаюць крымінальныя каштоўнасці і мараль. У большасці – дэструктыўныя і аўтарытарныя.

Дарэчы, менавіта пасля кіеўскай прэзентацыі чамусці павялічылася колькасць запрашэнняў на выступы з розных гарадоў, прытым прапаноўваюць выступаць не толькі на турэмную тэматыку.

Таксама было цікавае пытанне ў Піцеры: ці можна дасягнуць анархісцкага ладу эвалюцыйным шляхам, без рэвалюцый? Я сказаў, што практычна гэта малаверагодна, бо хто ж аддасць проста так сваю ўласнасць і прывілеі. Я такіх прыкладаў такіх не ведаю. Але выключаць гэтага нельга, бо свет вельмі складаны і непрадказальны, і тэарэтычна магчыма ўсе.

У Тверы, дарэчы, лекцыя пераўтварылася ў цэлую дыскусію пра актуальнасць анархізма, бо там прысутнічалі людзі, якія не тое што пра анархізм не ведаюць, а нават проста да палітычнага актывізму дачынення не маюць. І гэта выдатна, я вельмі рады калі прыходзяць неангажаваныя людзі і пашыраюць свой кругагляд.
– А ці былі падчас прэзентацый нейкія цікавыя выпадкі?

– У той жа Тверы перад пачаткам выступу ў залу зайшоў журналіст мясцовага Рен-ТВ, хацеў здымаць сюжэт. Я, натуральна, яму забараніў сябе здымаць, той сышоў. Разам з ім “у салідарнасць” выйшаў прафесар мясцовага ВНУ, бо сказаў што ў нас тут “нелегальнае зборышча”, і мы заходнія грошы адпрацоўваем. Мы ўсе чакалі, што ён міліцыю на нас выкліча, але абыйшлося.
А ў Мінску прэзентацыю наведаў мужык, з якім мы сядзелі ў адной камеры ў СІЗА на Валадарскага ў 2011-м гаду. Кажа, прачытаў пра мерапрыемства у Інтэрнэце, ўзгадаў мяне і вырашыў прыйсці.

Здараліся і парадоксы. Напрыклад, у Піцеры кніжак купілі больш, чым у Мінску. І гэта пры тым, што 8 з 13 апавяданняў там на беларускай мове.

У хуткім часе будзе яшчэ цэлы шэраг прэзентацый у іншых гарадах і краінах.

– Дзе можна набыць вашу кнігу?

– У Мінску купіць кнігу можна ў кнігарні Логвінаў і на сядзібе БНФ. Каштуе яна каля 8 рублёў.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Рамашэўскі
  • Андрэй Клімаў
  • Мікалай Аўтуховіч
  • Эдуард Пальчыс
  • Аляксандар Квяткевіч