Міхаіл Жамчужны ў небяспецы?

З ліста, які палітвязень Міхаіл Жамчужны даслаў на волю, вынікае, што ў калоніі яму пагражае фізічнай расправай адзін са зняволеных.

“Пагражае той самы злачынца, які аказаўся за кратамі, у тым ліку дзякуючы і праваабарочнай установе “Платформа”, – паведаміў сайту palitviazni.info былы кіраўнік «Платформ Іннавэйшн» Андрэй Бандарэнка.

Нагадаем, што заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны адносна не так даўно быў пераведзены ў калонію ў Ваўкавыску з Навасадаў.

“Як стала вядома з апошняга ліста Міхаіла, яму пагражае фізічная расправа з боку аднаго са зняволеных, – напісаў у Фэйсбуку Андрэй Бандарэнка. – Падставай для пераследу стала справа, якой у 2012 годзе займалася “Платформа”. У СМІ яна была вядома, як “Армянскі стралок”, пасля таго, як галоўны фігурант справы Спартак Тамеян растраляў з пнеўматычнага пісталета чацвярых мінчан. Дзякуючы ўдзелу “Платформы”, злачынца аказаўся ў месцах пазбаўлення волі, нягледзячы на спробы схавацца ад правасуддзя. А зараз ён адбывае пакаранне ў ВК-11 (Ваўкавыск), куды нядаўна перавялі і Міхаіла Жамчужнага.

Зараз складана зразумець, чаму Жамчужны аказаўся менавіта ў гэтай калоніі і якія наогул былі падставы для яго перавода. Але адно дакладна вядома – Спартак Тамеян без перашкод з’яўляўся ў каранціне (доступ у каранціннае памяшканне іншым зняволеным забаронены), дзе спачатку знаходзіўся палітвязень, пераследаваў яго ў калоніі і выказваў пагрозы фізічнай расправы”.

Са слоў Бандарэнкі, аб рэакцыі адміністрацыі калоніі нічога невядома, а ў прыёмнай начальніка калоніі адмовіліся пацвярджаць альбо абвяргаць інфармацыю, спасылаючыся на тое, што кіраўніцтва адсутнічае на працоўным месцы.

“Мы заклікаем Дэпартамент выканання пакаранняў МУС разабрацца ў гэтай складанай сітуацыі, суадносныя звароты накіраваны на імя начальніка дэпартамента і начальніка ВК-11”, – паведаміў былы калега Жамчужнага.

— Не можам зразумець, як наогул маглі дапусціць такую сітуацыю, – распавядае Андрэй Бандарэнка сайту palitviazni.info. – З аднаго боку – усё-такі дапусцілі, а з іншага – Міхаіл паведаміў пра гэта ў лісце, і цэнзура прапусціла. Увогуле, склалася непрыемная гісторыя, бо ў такой сітуацыі зняволены ніякай абароны не атрымлівае. Па сутнасці, застаецца сам насам са сваімі праблемамі. Таму складана сказаць, чым усё закончыцца.

— Той факт, што фігурант справы, якой займалася “Платформа”, аказаўся ў адной калоніі з Міхаілам Жамчужным, вы не лічыце супадзеннем?

–  Не веру ў такія супадзенні, тым больш, што Дэпартамент выканання пакаранняў звычайна вельмі пільна сочыць за такімі момантамі. Мне падаецца, што гэта было зараней падрыхтавана. Зараз, зыходзячы з таго, што напісаў у лісце Міхаіл, фігурант той самай справай у калоніі пагражае яму расправай і патрабуе грошы. І яшчэ пытанне: як той чалавек змог патрапіць у каранцін? Калі ён насамрэч патрапіў, значыцца ў яго ёсць падтрымка ў адміністрацыі калоніі? Але пакуль што ёсць толькі пытанні без адказаў. Мы будзем сачыць за развіццём падзей.

***

Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Валер Сядоў
  • Андрэй Дзьмітрыеў
  • Зьміцер Новік
  • Павал Севярынец