Сяргей Кунцэвіч: Лячуся дома, дзяржаўнай медыцыне не давяраю

Фігурант “справы патрыётаў” Сяргей Кунцэвіч распавёў сайту palitviazni.info пра тое, чым займаецца пасля выхаду на волю з СІЗА і падзяліўся бліжэйшымі планамі.

“Калі ад народа не ўбачым падтрымкі вязняў, якія праходзяць па справе “Белага Легіёна”, то будучыні ў гэтай краіне не будзе”, – кажа суразмоўца.

Нагадаем, што Сяргей Кунцэвіч – паплечнік Мікалая Статкевіча, член Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Ён быў затрыманы напярэдадні Дня волі і змешчаны спачатку ў СІЗА КДБ, а пасля пераведзены на «Валадарку». Яму прад’явілі абвінавачанне па артыкуле 293 ч.3 Крымінальнага кодэкса (падрыхтоўка масавых беспарадкаў).

Сюжэт пра затрыманне Кунцэвіча паказалі на БТ. Журналісты называлі яго «кіроўцам Статкевіча» і дэманстравалі кадры, як з яго машыны дастаюць бутэлькі з гаручай сумессю, так званым кактэйлем Молатава.
Сяргея Кунцэвіча выпусцілі пад падпіску пра нявыезд і неразгалошванне інфармацыі.

Пасля таго, як Сяргей публічна распавёў пра факты катаванняў у ізалятарах, праваабарончая супольнасць запатрабавала ў сваёй спецыяльнай заяве неадкладнага вызвалення з-пад варты ўсіх фігурантаў справы “аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў”.

– Сяргей, чым вы займацеся пасля выхаду на волю?

– У першую чаргу – лячэннем. У мяне сурёзнае захворванне нырак, а некалькі месяцаў знаходжання ў ізалятарах здароўя, натуральна, не дадало. Аналізы былі вельмі дрэнныя, таму спачатку паклалі ў лякарню, але дзяржаўнае лячэнне жудаснае, ды і не веру я, шчыра кажучы, у беларускую медыцыну. Таму вырашыў лячыцца дома самастойна, як і апошнія чатыры гады.

– Пасля вашых прызнанняў аб катаваннях праваабаронцы запатрабавалі вызваліць усіх фігурантаў “справы патрыётаў”…

– І гэта добра, што пайшоў такі рэзананс.

– Вы давалі падпіску аб неразгалошванні?

– Так, але, па праўдзе, я да гэтага часу дакладна і не ведаю, што можна агалошваць, а што нельга. Мяркую, што пра катаванні мне ніхто не забароніць распавядаць.

– Як вы ацэньваеце “справу патрыётаў”?

–  Увогуле, балюча ад усёй гэтай сітуацыі, у якую патрапілі сапраўды адданыя сваёй краіне людзі. І скажу так: калі ад народа не ўбачым падтрымкі вязняў, якія праходзяць па “справе “Белага Легіёна”, то будучыні ў гэтай краіне не будзе. Таму я і прапанаваў людзям сабрацца 22 чэрвеня на Кастрычніцкай плошчы, каб мірным пікетам выказаць салідарнасць з тымі, хто знаходзіцца за кратамі.

palitviazni.info

Фота: svaboda.org

 

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Валеры Шчукін
  • Аляксандар Малчанаў
  • Аляксей Бондар
  • Сяргей Марцалеў
  • Андрэй Абозаў