Юрый Рубцоў: Разглядаю варыянт вяртання ў Беларусь…

Германія адмовіла ў прытулку былому беларускаму палітвязню Юрыю Рубцову.

“Усё прадказальна, – распавядае Юрый сайту palitviazni.info.Можна, натуральна, гэтае рашэнне і абскардзіць, але лічу, што з майго боку гэта было б амаральным учынкам. Таму, магчыма, вярнуся дадому. Рэпрэсій я не баюся…”

Нагадаем, што гамяльчанін Юрый Рубцоў стаў вядомы як “чалавек-майка”. На вулічныя акцыі апазіцыі ў Мінску ён выходзіў у майцы з палітычнымі надпісамі. Самым вядомым стаў лозунг “Лукашэнка, сыходзь!”. У кастрычніку 2014 года Рубцова асудзілі на два з паловай гады абмежавання волі ў папраўчай ўстанове адкрытага тыпу, абвінаваціўшчы ў абразе суддзі. На “хіміі” Рубцоў адмаўляўся працаваць, патрабуючы годны заробак, і трымаў галадоўку. Ён зрабіў сабе на грудзях тату “Лукашэнка, сыходзь”.

28 мая 2015 года суд прыгаварыў Рубцова да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму. Але 22 жніўня яго ў ліку іншых палітвязняў памілаваў сваім указам Аляксандр Лукашэнка. Пасля гэтага Юрый Рубцоў папрасіў палітычны прытулак у Германіі, рашэння давялося чакаць каля году. Яно аказалася не на карысць былога беларускага палітвязня.

– 1 чэрвеня я атрымаў афіцыйны ліст, у якім паведамлялася, што мне адмоўлена ў прадастаўленні палітычнага прытулку, – распавядае Юрый. – Усё прадказальна, бо я і раней казаў, што зараз у Германіі такі прытылак даюць пераважна толькі бежанцам з Сірыі. Усім астатнім адмаўляюць. Зараз на працягу 30 дзён я павінен пакінуць тэрыторыю краіны.

– Вы можаце абскардзіць гэтае рашэнне?

– Жонка так і раіла зрабіць, аднак лічу амаральным абскарджваць рашэнне ўрада Германіі. Я – чалавек з іншай краіны. Усё жыццё працаваў у Беларусі і раптам – падаваць у суд на нямецкі ўрад? Гэта было б асурдам.

– Ёсць магчымасць папрасіць палітычны прытулак у нейкай іншай краіне?

– Нават і не ведаю. У мяне наогул пакуль няма ніякай вызначанасці наконт будучыні, хаця, шчыра кажучы, разглядаю варыянт вяртання ў Беларусь. Нават калі ў дачыненні да мяне распачнуцца рэпрэсіі, гэтага не баюся. Псіхалагічна я ўжо перажыў нават сваю смерць, калі галадаў у СІЗА ў Баранавічах.

– Няма крыўды, што ўрад Германіі вынес менавіта такое рашэнне?

– Я магу выказаць толькі падзякі Германіі! Маё пражыванне ў гэтай краіне можна параўнаць з працяглым адпачынкам, які мне аплацілі нямецкія падаткаплацельшчыкі.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Уладзімер Сяргееў
  • Валер Сядоў
  • Аляксандар Фядута