“Цалкам рэальна, што некаторых фігурантаў “справы патрыётаў” могуць асудзіць…”

У следчых ізалятарах сталіцы застаюцца яшчэ 16 чалавек, якія праходзяць па “справе патрыётаў” і абвінавачаюцца ў “падрыхтоўцы масавых беспарадкаў”.

“Рэакцыя Захада – адзінае, што можа паўплываць на справу і ўплывае, бо, калі зробяць закрыты суд, то асудзяць і ніхто нічога не даведаецца”, – распавядае сайту palitviazni.info былы палітвязень Мікалай Статкевіч.

Як вядома, днямі зменена мера стрымання фігуранту “справы патрыётаў” Яўгену Палтаржыцкаму. Такім чынам, у следчых ізалятарах сталіцы застаюцца яшчэ 16 чалавек, абвінавачаных у “падрыхтоўцы масавых беспарадкаў”.

З іх толькі адзін – Сяргей Кунцэвіч – не праходзіць па ўзбуджанай пазней справе аб стварэнні незаконнага ўзброенага фарміравання.

– Некаторых фігурантаў справы выпускаюць з ізалятараў пад хатні арышт, і некаторыя выказваюць меркаванні, што ўсё могуць пакрысе “спусціць на тармазах”, – кажа палітык. – Дай Бог, каб так і было, але ўсё можа адбыцца і па-іншаму. Таму, калі столькі людзей утрымліваюць у такіх умовах, то хтосьці можа і агаварыць сябе. Сілавікі вывучаюць слабыя месцы людзей, і асабіста мяне палохаць публічныя прызнанні ў каханні, калі ў СМІ друкуюцца лісты зняволеных да блізкіх. Гэта не тое месца, дзе можна паказваць свае пачуцці. Блізкія – гэта і ёсць слабое месца, па якому могуць ударыць. Былі ўжо такія гісторыі.

І яшчэ мне падаецца, што ўсе гэтыя маладыя людзі зрабілі вялікую памылку – яны думалі, што гэтая ўлада сапраўды гатова бараніць нашу незалежнасць. Але, як мне падаецца, гэта зусім не так.

– Ці можа Еўрасаюз нейкім чынам паўплываць на гэтую справу?

– А гэта адзінае, што можа паўплываць на справу, бо, калі зробяць закрыты суд, то асудзяць і ніхто нічога не даведаецца. Але зараз яны мусяць хоць нешта людзям прад’явіць, а таму так доўга і перакідваюць справу туды-назад. Ім трэба мець хоць нейкія доказы быццам бы вінаватасці людзей, прымусіць апошніх агаварыць сябе. Вось і шукаюць слабое звяно, каб “скляпаць” справу і асудзіць патрыётаў. Ніхто там не шукае праўду. Таму зусім рэальна, што некаторых могуць і пасадзіць у турму.

Безумоўна, для нас яшчэ вельмі прыкра, што за кратамі знаходзіцца Сяргей Кунцэвіч, які нават з тымі, хто праходзіць па “справе патрыётаў” не знаёмы. Мяркую, што яму проста помсцяць за тое, што ён дапамагаў мне не патрапіць за краты да Дня волі. Магчыма, яго трымаюць у звязку з фільмам, якія паказалі. Быццам бы ў машыне Сяргея знайшлі некія бутэлькі накшталт “кактэйляў Молатава”, хаця ёсць відэа, на якім бачна, што гэтыя бутэлькі спачатку дастаюць з аўтобуса без нумарных знакаў. Таму тут відавочная фальсіфікацыя. На Сяргея проста ціснуць…

palitviazni.info

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Казулін
  • Барыс Гарэцкі
  • Юрый Рубцоў
  • Сяргей Гумінскі